У Літве змякчылі абмежаванні на ўвоз тавараў з Беларусі, якія ўвялі 3 чэрвеня 2024 года. Памежнікі дазволяць правозіць прадукцыю, якую вязуць транзітам, тавары для асабістага спажывання падчас паездкі, а таксама прадукты харчавання, якія патрэбныя фізічным асобам падчас паездкі. Гэтыя тавары павінны быць у адкрытым пакунку, паведаміла мытная служба Літвы.
У спіс забароненых тавараў, якія нельга правозіць, патрапілі 24 групы тавараў:
- жывыя жывёлы;
- мяса і мясныя прадукты;
- рыба і ракападобныя;
- малако і малочныя прадукты;
- яйкі;
- мёд;
- дрэвы і іншыя расліны;
- цыбуліны;
- гародніна;
- садавіна і гарэхі,
- кава;
- гарбата;
- спецыі;
- зерне і яго прадукты;
- мука;
- крухмал;
- алеі і тлушчы;
- воскі;
- цукар;
- какава;
- безалкагольныя і алкагольныя напоі;
- воцат;
- корм для жывёл;
- рэшткі харчовай прамысловасці;
- тытунь і апрацаваныя яго заменнікі.
Выключэнні для мясных і малочных прадуктаў будуць прымяняць у адпаведнасці з патрабаваннямі Дзяржаўнай службы харчавання і ветэрынарыі.
Што адбылося?
У красавіку 2024 года Сейм Літвы прыняў закон, які забараняе імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў з Расіі і Беларусі. Праз гэта ў Літве імкнуцца абмежаваць магчымасці Расіі і Беларусі зарабляць на экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, а таксама зменшыць патэнцыйныя даходы і скараціць эканамічныя магчымасці Расіі для фінансавання агрэсіі супраць Украіны.
Гэтая забарона пачала дзейнічаць з 3 чэрвеня 2024 года. Літоўскія мытнікі прымушалі падарожнікаў выкідаць ежу, напоі, цыгарэты і іншыя рэчы. З-за гэтага на пунктах пропуску пачалі з’яўляцца горы смецця з харчовых прадуктаў і не толькі.