У гродзенскім «Еўраопце» на праспекце Янкі Купалы, 82а, заўважылі каларадскага жука ў слоіку кансерваванага зялёнага гарошку. Фотаздымкі незвычайнай знаходкі з’явіліся ў сацсетках. Гандлёвая сетка адрэагавала на публікацыю: супрацоўнікі праверылі партыю тавару і паведамілі, што выпадак адзінкавы.

Здымкі апублікаваў у Threads акаўнт belaskidki. Насякомае знайшлі ў шкляным слоіку гарошку «Юнона» расійскай вытворчасці. Кансервы вагой 720 грамаў каштавалі 5,99 рубля.

«Гэты каларадскі жук быў з тых, хто проста любіць жыццё», — падпісалі фотаздымак аўтары публікацыі.

Што адказалі ў «Еўраопце»

Афіцыйны акаўнт гандлёвай сеткі адрэагаваў на публікацыю ў каментарыях. Прадстаўнікі «Еўраопта» паведамілі, што праверылі партыю кансерваў у краме на праспекце Янкі Купалы, 82а, і прызналі выпадак адзінкавым парушэннем якасці тавару.

Слоік з насякомым утылізавалі, а пакупніку падзякавалі за ўважлівасць.

Праўда, адна з каментатарак напісала, што крама павінна была вярнуць пастаўшчыку або ўтылізаваць усю партыю гарошку, а не толькі адзін слоік.

«Вы вызначылі, што гэта адзінкавы выпадак, адкрыўшы і праверыўшы ўсе слоікі?

Навошта вы пішаце такую лухту? Вы павінны былі ўтылізаваць або вярнуць пастаўшчыку для ўтылізацыі ўсю партыю!» — напісала яна.

У гродзенскім «Еўраопце» знайшлі каларадскага жука ў слоіку з гарошкам. Што адказала гандлёвая сетка
Той самы жук у слоіку. Фота: threads.com/@belaskidki

«Амерыканскі шпіён» і іншыя жарты

У каментарыях карыстальнікі пачалі жартаваць пра прыгоды жука. Хтосьці згадаў песню «Юнона и Авось», абыграўшы назву гарошку, а хтосьці выказаў здагадку, што насякомае проста любіла паесці.

«Не, ён быў з тых, хто проста любіць жэрці», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

«Той самы супрацоўнік у калектыве», — пажартавалі ў каментарыях.

«Аднак таварыш з Расіі прыбыў», — заўважыў іншы каментатар. А хтосьці назваў жука «амерыканскім шпіёнам».

Дарэчы, апошні жарт мае гістарычную падаплёку. У 1950-х гадах савецкая прапаганда абвінавачвала ЗША ў тым, што амерыканскія самалёты нібыта раскідваюць каларадскіх жукоў над палямі СССР і іншых сацыялістычных краін. Шкодніка называлі «пасланцам з Уол-стрыт» і малявалі на карыкатурах з амерыканскім сцягам.

На Гродзеншчыне пра каларадскага жука ўпершыню загаварылі ў 1949 годзе. Тады па вёсках ездзілі прапагандысты, якія паказвалі жыхарам заспіртаваных насякомых і іх лічынак. У 1950-м шкодніка ўжо выявілі ў рэгіёне. Насамрэч ён распаўсюджваўся натуральным шляхам, у тым ліку пераадольваючы вялікія адлегласці з папутным ветрам.

«Адразу гарнір з асноўнай стравай»

Іншыя каментатары працягнулі жартаваць пра змесціва слоіка.

«Опа, адразу гарнір з асноўнай стравай».

«Затое натуральнае і без хіміі».

Некаторыя падзяліліся ўласнымі гісторыямі. Адной карыстальніцы аднойчы трапілася божая кароўка ў кансерваваным гарошку, другой — вусень.

Адзін з карыстальнікаў — ужо без жартаў — раскрытыкаваў кантроль якасці на вытворчасці. На яго думку, слоік з жуком павінны былі выявіць і адбракаваць яшчэ на аўтаматычнай лініі.