У Гродзенскім раёне дзеці знайшлі на прыпынку кацяня і прынеслі яго дадому. Праз некалькі дзён высветлілася, што ў жывёлы мікраспарыя — заразнае грыбковае захворванне, вядомае як стрыгучы лішай. Замест таго каб лячыць гадаванца або звярнуцца па дапамогу, дарослыя зноў выставілі яго на вуліцу. Пра гісторыю расказала газета «Перспектива».

Хацелі выратаваць кацяня, але яго зноў выкінулі

Выпадак адбыўся ў адным з населеных пунктаў Гродзенскага раёна. Чацвёра дзяцей, трое з якіх былі з адной сям’і, вярталіся з прагулкі і заўважылі на прыпынку маленькае кацяня. Дзеці вырашылі забраць яго дадому.

Аднак праз некалькі дзён у жывёлы выявілі мікраспарыю. Даведаўшыся пра дыягназ, дарослыя не сталі лячыць гадаванца або шукаць дапамогі ў валанцёраў. Кацяня зноў выставілі на вуліцу.

Паводле інфармацыі «Перспективы», цяпер хворая жывёла блукае па двары і можа кантактаваць з іншымі катамі, сабакамі і людзьмі. Гэта стварае рызыку далейшага распаўсюджвання інфекцыі.

Пры гэтым з публікацыі незразумела, ці захварэў хто-небудзь з дзяцей, якія прынеслі кацяня дадому.

Чым небяспечная мікраспарыя

Мікраспарыя — грыбковае захворванне, якое паражае скуру і валасы. Заразіцца можна пры непасрэдным кантакце з хворай жывёлай, а таксама праз прадметы, на якія трапілі заражаная поўсць і часцінкі скуры.

«Споры грыбка могуць месяцамі захоўвацца ў глебе, падвалах і на дзіцячых пляцоўках», — расказала «Перспективе» ўрач-эпідэміёлаг Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Кісель.

Паводле слоў спецыялісткі, крыніцай заражэння часцей за ўсё становяцца каты, асабліва бяздомныя. Пры гэтым нават вонкава здаровая жывёла можа быць носьбітам інфекцыі.

На скуры чалавека мікраспарыя праяўляецца невялікімі ружова-чырвонымі плямамі, якія лушчацца. Часцей яны з’яўляюцца на твары, шыі, руках і іншых адкрытых участках цела. Пры паражэнні валасістай часткі галавы могуць узнікаць участкі выпадзення валасоў.

Пад Гроднам дзеці падабралі кацяня з лішаём. Даведаўшыся пра хваробу, дарослыя выкінулі яго на вуліцу
Так выглядае мікраспарыя. Фота: probolezny.ru

Асабліва часта захворванне сустракаецца ў дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, паколькі яны часцей кантактуюць з жывёламі.

Лячэнне можа быць працяглым. Пры мікраспарыі валасістай часткі галавы лячэнне праводзіцца ў бальніцы.

Пры падазрэнні на інфекцыю ў чалавека неабходна звярнуцца да дэрматолага, а хворага гадаванца паказаць ветэрынару. Самастойна ставіць дыягназ і падбіраць прэпараты не варта.

Чытайце таксама: Як дапамагчы бяздомнай жывёле і не нашкодзіць сабе?

У Гродне і раней фіксавалі рост захваральнасці

У снежні 2018 года спецыялісты Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі расказвалі, што ў горадзе сталі часцей выяўляць стрыгучы лішай. Сустракаліся выпадкі, калі захворвалі адразу некалькі членаў сям’і — і дзеці, і дарослыя.

За той год, паводле звестак гарадской ветэрынарнай службы, мікраспарыю выявілі у 59 катоў і чатырох сабак, якіх даставілі да ветэрынараў.

У жніўні 2019 года зноў паведамлялі пра павелічэнне колькасці хворых жывёл. За першае паўгоддзе інфекцыю выявілі ў 13 катоў і аднаго сабакі, а толькі за ліпень — яшчэ ў 14 жывёл.

Ветэрынары тады папярэджвалі, што мікраспарыю не заўсёды лёгка распазнаць па знешнім выглядзе гадаванца. Пры выпадзенні поўсці, пачырваненні або лушчэнні скуры жывёлу неабходна абследаваць.

Куды звяртацца, калі знайшлі хворую жывёлу

Перш чым прыносіць бяздомную жывёлу дадому, пажадана паказаць яе ветэрынару. Калі гэта немагчыма зрабіць адразу, лепш часова размясціць яе ў асобным памяшканні.

Пры падазрэнні на мікраспарыю можна звяртацца ў ветэрынарныя клінікі або дзяржаўную ветэрынарную службу.

Для жыхароў Гродзенскага раёна працуе Гродзенская раённая ветэрынарная станцыя па адрасе: Гродна, вуліца Славінскага, 25. Час працы станцыі — з 08.45 да 16.15.

Папярэдне пракансультавацца можна па тэлефоне 8 (0152) 66-80-04.

У Гродне таксама дзейнічаюць зоаабарончыя арганізацыі, валанцёры якіх могуць падказаць, што рабіць са знойдзенай жывёлай:

«Преданное сердце» — гродзенскае грамадскае аб’яднанне абароны жывёл.

«Спаси жизнь» — валанцёры, якія дапамагаюць бяздомным жывёлам, у тым ліку тым, што трапілі ў пункт часовага ўтрымання.

«След жизни» — арганізацыя, якая дапамагае з лячэннем і льготнай кастрацыяй катоў і сабак.

Калі ў знойдзенай жывёлы пацвердзіўся лішай, гэта не азначае, што яе трэба вяртаць на вуліцу. Мікраспарыя ў жывёл паддаецца лячэнню, але для выздараўлення гадаванцу неабходныя ветэрынарная дапамога, правільны догляд і захаванне мер гігіены.