Паводле самых сціплых падлікаў, на беларускай мяжы за ліпень праз допыты прайшлі больш за 30 чалавек. Гутаркі доўжацца да чатырох гадзін, хоць часцей – паўтары. Дапытваюць беларусаў і ўкраінцаў, пішуць у буйным Telegram-канале, прысвечаным перасячэнню мяжы.

Яны праходзяць у асобным кабінеце. Допыты суправаджае праверка тэлефонаў. Паводле статыстыкі пасажыраў, часцей пад іх трапляюць тыя, хто пакінуў Беларусь пасля 2020 года. Некаторыя заставаліся ў пункце пропуску, іх лёс невядомы. Таксама часам здымаюць з аўтобуса ўкраінцаў.

Допыты жыхароў ЕС

Аб допытах на мяжы пішуць і замежнікі, якія наведваюць Беларусь, але часта ў нейтральным ці нават пазітыўным ключы. У групе “Zwiedzaj Białoruś NOWA GRUPA” выпускніца рускай філалогіі ўніверсітэта ў Катавіцах так апісвала сваё нядаўняе перасячэнне беларускай мяжы ў Брэсце:

“І я, і мой хлопец ехалі ўпершыню, таму нас узялі на допыт. У нас запыталі нумар тэлефона, знялі адбіткі пальцаў і сфатаграфавалі. Я пайшла першай, бо размаўляю па-руску. Мяне пыталіся, навошта я еду, дзе вучуся. Потым спыталі, дзе я працую і дзе буду жыць. Я дала ім адрас гатэля і пацверджанне бранявання, яны сфатаграфавалі дакументы. Затым спыталі, ці можна паглядзець мой тэлефон, і праверылі нумар IMEI. Яны паклікалі майго хлопца, які фін, загадалі яму сесці, але мяне працягвалі трымаць там у якасці перакладчыка. Спыталі, дзе ён працуе, і папрасілі паказаць тэлефон. Праверылі дадаткі і запісалі нумар IMEI. Затым нас абодвух спыталі, ці ёсць у нас сваякі і знаёмыя ва Украіне і ці плануем мы ехаць у Расію (на ўсе мы адказалі «не»). А потым пажадалі нам прыемнага адпачынку. Пры гэтым я павінна прызнаць, што яны сапраўды былі ветлівыя, усё гэта заняло, можа быць, 5 хвілін на нас абодвух”.

Іншыя палякі-удзельнікі суполкі таксама адзначаюць, што беларускія памежнікі працуюць хутка і культурна. А праверка тэлефонаў і допыты — нібыта звычайная справа ў многіх краінах.

“Сапраўды такія ж працэдуры дзейнічаюць пры ўездзе ў ЗША, на Філіпіны або ў Тайланд», — піша Роберт.

“Так, памежнікі ў Беларусі вельмі мілыя”, – піша Міхал.

Многія сярод такіх каментатараў крытычна ставяцца да ўрада Польшчы і да палітыкі Еўрасаюза ў цэлым.

Чытайце таксама: “Жалезная заслона” апусцілася пад Гродна: што нясе закрыццё межаў беларускай эканоміцы і грамадству