Падчас XIV Фестывалю нацыянальных культур 7 і 8 чэрвеня 2024 года ў Гродне ўвесь гістарычны цэнтр пераўтвораць у адзіную пешаходную зону з асаблівым прапускным рэжымам. Пра гэта паведаміў тэлеканал «Беларусь 4. Гродна».
На тэрыторыю фестывалю не будуць прапускаць людзей на сродках мабільнасці (веласіпеды, электрасамакаты, монаколы, гіраскутары), з жывёламі, а таксама ў нецвярозым стане. Іх плануюць спыняць на 16 кантрольна-прапускных пунктах, паведамляе «Гродна Плюс». Іншую лічбу называе намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Краўчук. Паводле яго слоў, арганізуюць 24 КПП і 67 пунктаў пропуску. Гэта патрэбна, каб мінімізаваць час праходжання дагляду.
Дзе будуць размяшчацца КПП
- вуліца Дзяржынскага каля цэнтра занятасці;
- уваход у парк Жылібера з боку вуліцы Акадэмічнай;
- вуліца Ажэшка каля парку Жылібера;
- вуліца Віленская каля ЗАГСа;
- вуліца Мітрапаліта Філарэта каля гарвыканкама;
- вуліца Сацыялістычная каля кінатэатра «Чырвоная зорка»;
- вуліца Віленская з боку платнай стаянкі аўтамабіляў;
- вуліца Тэльмана каля ўнівермага;
- вуліца Найдуса;
- вуліца Дамініканская;
- Маладзёжны цэнтр «Гродна»;
- вуліца Замкавая;
- вуліца Кастрычніцкая;
- вуліца Карла Маркса каля Фарнага касцёла;
- вуліца Стэфана Баторыя каля помніка танку;
- вуліца Маставая з боку драмтэатра.

Паводле сілавікоў, самы «хуткапрапускны» пункт кантролю — КПП побач з вуліцай Дамініканскай, каля ўкраінскага падвор’я. Звычайна там няма чэргаў.
Чытайце таксама: У час Фестывалю нацыянальных культур у Гродне перакрыюць рух і памяняюць маршруты транспарту: расклад і вуліцы