Літва цяпер не плануе забараняць аўтобусныя рэйсы ў Беларусь і Расію. Міністр транспарту краіны Юрас Тамінскас заявіў, што ўлады сочаць за сітуацыяй, але не збіраюцца прымаць паспешлівыя рашэнні.

Так міністр адказаў на прапанову дэпутата літоўскага Сейма Арвідаса Анушаўскаса ўзяць прыклад з Латвіі і забараніць аўтобусныя зносіны з Беларуссю і Расіяй.

Міністр назваў прапанову «панікай»

«Гэта паніка Анушаўскаса. Няхай ён сам панікуе, а мы ацэньваем сітуацыю рацыянальна. Мы заўсёды трымаем руку на пульсе, усё ўзважваем. І цяпер мы перыядычна гэта ацэньваем, але дакладна не будзем рабіць рэзкіх рухаў», — сказаў Тамінскас журналістам.

На яго думку, Літве не варта паўтараць рашэнні суседняй краіны, не ацаніўшы сітуацыю самастойна.

Міністр таксама звязаў планы Латвіі з парламенцкімі выбарамі, якія набліжаюцца і пройдуць у кастрычніку 2026 года. Пры гэтым ён адзначыў, што ўлады Літвы працягваюць улічваць магчымыя пагрозы, звязаныя з геапалітычнай сітуацыяй.

Паводле слоў Анушаўскаса, у афіцыйным спісе Літоўскай адміністрацыі бяспекі транспарту цяпер значацца 29 дзейных дазволаў на рэгулярныя пасажырскія перавозкі паміж Літвой і Расіяй, а таксама Беларуссю або транзітам праз Літву. З іх 17 — гэта маршруты з Вільнюса ў Мінск, Гродна, Гомель, Ліду і Ашмяны.

Дэпутат прапаноўваў агульнае рашэнне для краін Балтыі

Раней дэпутат літоўскага Сейма Арвідас Анушаўскас заклікаў урад цалкам забараніць аўтобусныя рэйсы ў Беларусь і Расію.

На яго думку, дзейных абмежаванняў недастаткова, паколькі пасажыры з Беларусі і Расіі могуць дабірацца да Еўрасаюза праз іншыя краіны Балтыі. Дэпутат прапанаваў Літве, Латвіі і Эстоніі выпрацаваць агульную палітыку ў дачыненні да пасажырскіх перавозак.

Латвія рыхтуе забарону з 2027 года

У Латвіі разглядаюць забарону рэгулярных і нерэгулярных аўтобусных рэйсаў у Беларусь і Расію з 2027 года. Абмежаванне можа закрануць і транзітныя перавозкі.

У Літве падобных рашэнняў пакуль не прынялі. Аўтобусы з Беларусі могуць працягваць ездзіць у краіну пры наяўнасці дазволаў на рэгулярныя пасажырскія перавозкі.