Моўны актывіст Ігар Случак адпраўляе штогод 2000 зваротаў з мэтай абараніць сваё права на беларускую мову. За гэты час ён “беларусізаваў” піўзаводы і фабрыкі дзіцячага харчавання. Чыноўнікаў дзякуючы яго лістам караюць за невыкарыстанне мовы. Рэдакцыя Hrodna.life спытала ў яго, як змагацца за свае моўныя правы і чым гэта можа пагражаць.
— Мая праца, па сутнасці, — гэта як зараз ва Украіне. Вайна ідзе і фронт спыніўся, але Украіна не прайграе, трымае свой фронт і паціху адваёўвае. Вось і ў мяне такая праца таксама — я трымаю гэты фронт і дзесьці паціху адваёўваю. І спадзяюся на перамогу ў выніку, — кажа актывіст.
Ігар Случак працуе з парушэннямі моўных правоў каля 20 гадоў. На год ён адсылае паўтары-дзве тысячы розных зваротаў. Часам яны аднатыпныя, калі зварот па адным пытанні адпраўляецца ў 100 выканкамаў. Не так складана іх напісаць, як пасля прааналізаваць адказы і ў межах кожнага канкрэтнага выпадку працягваць перапіску, кажа Ігар. Часам атрымліваецца лёгка наладзіць кантакт з вытворцам альбо ўстановай. Часам – яны “непрабівальныя”.
— Гэта як пры бамбаванні з далёкай пазіцыі. Ты можаш накрываць вялікае поле гэтымі дывановымі бамбардзіроўкамі. Адсоткаў 20 “снарадаў” трапляе ў мэту і нешта прабівае. Але часам у гэтай бамбардзіроўцы не ведаеш, у якую мэту трапіш. Можа, ты трапіш у “генеральны бункер” нейкім канкрэтным зваротам, і, бывае, што ты можаш прабіць гэтую плаціну, – параўновае Ігар.

Як парушаюць моўныя правы ў Беларусі?
Паводле Ігара, парушэнне моўных правоў адбываецца ва ўсіх сферах. Найбольш трагічнай сітуацыяй ён называе сферу адукацыі, бо школа — гэта тое, з чаго для чалавека ўсё пачынаецца.
Як гэта адбываецца? Не адкрываюцца новыя беларускамоўныя школы. Большасць школ, асабліва ў гарадах, пераводзяць на рускую мову. Бацькі, якія хочуць, каб дзіця вучылася па-беларуску, няшмат могуць зрабіць. Часта пасля напісання адпаведнай заявы ў рускамоўнай школе адмаўляюць — бо не набраўся клас або гэта немэтазгодна. Застаецца вазіць дзіця ў іншую гарадскую школу або нават у вёску, дзе школы пакуль застаюцца беларускамоўнымі.
— Гэта дыскрымінацыя. Бо са школы ўсё і пачынаецца. Калі дзіця вучыцца ў школе толькі ў межах некалькіх гадзін па-беларуску, то відавочна губляюцца навыкі і разуменне таго, што беларуская мова дзяржаўная, — лічыць эксперт.
Дзе яшчэ парушаюцца моўныя правы:
– няма магчымасці знаёміцца з заканадаўствам на беларускай мове – пераклады лічацца неафіцыйнымі,
– не вядуць судовыя працэсы па-беларуску,
– абслугоўванне ў розных сферах ідзе на рускай мове.
“Чалавек не можа патрабаваць абслугоўвання на беларускай мове, бо гэта не прадугледжана фармальна нават тымі законамі, каторыя зараз у Беларусі існуюць. Чыноўнікі і іншы персанал працуюць у межах таго прававога поля, якое склалася сёння ў Беларусі, і яно не забяспечвае права беларускамоўнага чалавека на сваю мову”, — кажа Ігар Случак.
Адзін закон, які дакладна абараняе беларускамоўных
Фактычна ёсць адзін закон, які дэкларуе абавязковае выкарыстанне беларускай мовы — Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». То бок, калі зварот да чыноўніка ці ў установу прыйшоў па-беларуску, то і адказаць на яго трэба па-беларуску. Гэты закон паўстаў дзякуючы Ігару ў 2011 годзе.
— Гэта было першым выпадкам, калі хоць нейкі закон абараняе правы беларускамоўных людзей, — дзеліцца Ігар.
Праўда, пакуль за парушэнне гэтай нормы няма сур’ёзнага пакарання. У КаАП ёсць артыкулы 10.10 “Парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” і 10.16 “Парушэнне заканадаўства аб мовах”. Тэарэтычна, паводле іх парушальнікаў і можна прыцягваць. На практыцы, паводле Ігара, пракуратура прыцягвае іх да дысцыплінарнай адказнасці.

Каго яшчэ беларусізавалі?
Менавіта гэты закон Ігар узгадвае ў адказ на пытанне пра найбольшыя дасягненні. З іншага — беларуская мова стала шырэй выкарыстоўвацца пры вырабе прадукцыі.
— Гэта ўсё кумулятыўна адбывалася. Ты перапісваешся з усімі заводамі — хтосьці пачынае выкарыстоўваць, і той пачынае выкарыстоўваць, і той пачынае выкарыстоўваць. І гэта не адбываецца аднамомантна, але праз пяць гадоў ты ўжо бачыш вынік.
Напрыклад, “Лідскае піва” пасля перапіскі пачало выкарыстоўваць беларускую мову. Гэта пачалі заўважаць іншыя піўзаводы. Каб атрымаць дадатковую рэкламу і прыхільнасць людзей, яны таксама пачалі камунікаваць па-беларуску. Тое ж атрымалася з дзіцячым харчаваннем, спартыўнымі клубамі і іншымі ўстановамі. “Відаць, вытворцы пралічваюць таксама, што іх беларускамоўную прадукцыю набываюць лепш, чым тую ж самую рускамоўную”, — робіць здагадку Ігар.

З вытворцам дзіцячага харчавання была цікавая гісторыя. Ён на этыкетцы пісаў на трох мовах: на рускай, на казахскай і ўкраінскай. Па просьбу нанесці беларускую мову адказалі, што няма месца. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе прадукцыю ва Украіну перасталі пастаўляць. Ігар скарыстаўся гэтым і прапанаваў украінскую мову замяніць на беларускую. Завод пайшоў насустрач.
— Можа быць, хтосьці скажа: як жа так, украінцы і так пакутуюць, у іх вайна, трэба падтрымаць народ. Але я лічу, што ў першую чаргу трэба падтрымаць свой народ. І калі ёсць магчымасць прасунуць беларускую мову праз гэту вайну, то я, канешне, паміж украінскай мовай і беларускай выберу беларускую. І зараз вось вытворца наносіць гэту беларускую мову не толькі на дзіцячым харчаванні, але і на соках, і на дарослым харчаванні.
Ігар цешыцца, што ў маленькіх дзяцей зараз перад вачыма беларуская мова.
“Мала там беларусафобаў”
Паводле Ігара, прыхільнасць да беларускай мовы за 20 гадоў толькі вырасла. Нават наяўнасць расійскіх турыстаў і дзейнасць аматараў рускага міра не паўплывала адмоўна.
Радуе Ігара і грамадства — колькасць беларускамоўных зваротаў у Беларусі, хоць і вар’іруецца ад 1 да 5% у залежнасці ад раёна, але расце. Гэта адбываецца, нягледзячы на рэпрэсіі і патэнцыйную ўвагу праз выкарыстанне беларускай мовы.
“І сярод вытворцаў, і сярод чыноўнікаў, як ні дзіўна, адносіны да беларускай мовы добрыя. Мала такіх, ведаеце, там беларусафобаў насамрэч. Іншая праблема, што мала хто хоча сапраўды нешта рабіць, мяняць тое, што і так працуе, асабліва чыноўнікі”.

Як паўдзельнічаць у беларусізацыі
Ігар лічыць, што зараз поспех беларусізацыі шмат у чым залежыць ад звычайных людзей, каторым важная беларуская мова. Неабавязкова пісаць у выканкам — можна напісаць у любое месца, дзе вам не хапае беларускай мовы: спартыўны клуб, школу, вытворцу, гаражнаму кааператыву, лякарні.
Калі кожны беларус адправіць хоць па аднаму звароту ў год, беларускай мовы будзе больш, лічыць Ігар. Актывіст перакананы, што “простага чалавека”, каторы напіша некалькі зваротаў, ніхто не будзе чапаць.
Як напісаць добры зварот у падтрымку беларускай мовы — парады Ігара Случака
- пісаць звароты карэктна,
- не пісаць іх сотнямі,
- не закладаць палітычны складнік,
- спасылацца на дзяржаўныя заканадаўчыя нормы,
- звяртацца па-чалавечы да той ці іншай установы і прасіць забяспечыць права на мову, каб вам было лягчэй,
- спасылацца на тое, што гэта наш культурны здабытак, наша самабытнасць.
“У тым, што ты просіш беларускую мову ў Беларусі, няма нічога незаконнага і крымінальнага. Я пішу звароты тысячамі. У мяне чатыры крымінальныя справы ў Беларусі, я ў вышуку ў Расіі і Беларусі. Але нават зараз па маіх заявах прыцягваюць міліцыянтаў, пракуратура падтрымлівае мае прапановы і рэкамендуе выканкамам пачынаць адміністрацыйныя справы”.
Паводле Ігара, людзям сістэмы бывае цяжка праявіць актыўнасць. Таму вашы звароты стануць тым, за што яны змогуць зачапіцца.
— Я адчуваю, што некаторыя чыноўнікі ці вытворцы проста чакаюць, каб ім напісалі з такой прапановай, каб самім ужо атрымаць карт-бланш на нейкія змены і паляпшэнні. А я проста як той ледакол, каторы абазначае праблемныя месцы, задае напрамак беларусізацыі, стварае некаторыя магчымасці, каб іншым было лягчэй ужо плыць далей.
Можна займацца гэтай дзейнасцю і з-за мяжы. Вытворцу дастаткова напісаць зварот на электронную пошту, напісаць у сацсетках. Калі пісаць у дзяржаўную ўстанову праз іх сістэму, патрэбны рэгістрацыя ў Беларусі і дзеючы беларускі нумар тэлефону.
— Неабавязкова перапісвацца з чыноўнікамі. З чыноўнікамі буду перапісвацца я. Але ёсць яшчэ вытворцы, спартыўныя клубы, лякарні, дамы культуры, у якіх ёсць імэйлы і часта — жаданне рэагаваць, бо там ёсць нармальныя людзі. Ты можаш напісаць 100 зваротаў з-за мяжы. 90 застануцца без адказу альбо з негатыўным адказам, але астатнія дзесяць прынясуць вельмі шмат карысці, калі на іх зрэагуюць пазітыўна.
Як будзе выглядаць беларусізаваная Беларусь
Фармальна паводле Канстытуцыі ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, але беларуская на практыцы з’яўляецца хутчэй “цырыманіяльнай”.
“Магчыма, не было б ніякай праблемы, калі б закон сапраўды працаваў і быў распрацаваны ў такім ключы, што дзве мовы сапраўды роўныя. Каб кожны чалавек меў магчымасць атрымаць паслугу ў той жа самай ступені на беларускай альбо на рускай мове. У Беларусі гэта ўсё фармальна толькі на паперы. Закон складзены так, што дае права не грамадзяніну, а чыноўніку выбіраць, на якой мове яму камунікаваць з чалавекам”.

Ігар Случак малюе Беларусь, у каторай будуць выконваць моўныя правы. Пасля вяртання да дэмакратыі ў краіне будзе адна дзяржаўная мова — беларуская, перакананы ён. Руская, польская, літоўская мовы будуць мовамі нацыянальных меншасцяў.
— Мая ідэальная моўная палітыка — беларуская мова з’яўляецца дамінуючай у дзяржаве, на ёй можна атрымаць усе паслугі, гэта адзіная дзяржаўная мова. Іншыя мовы маюць статус нацыянальных меншасцяў. У рэгіёнах альбо мясцовасцях, дзе пражываюць гэтыя нацыянальныя меншасці, вядома, трэба стварыць умовы для адукацыі на іх мовах, калі ёсць такі запыт. Галоўнае, каб беларус мог атрымліваць усе паслугі на беларускай мове.
Як абараніць свае моўныя правы ў Беларусі — пакрокавая інструкцыя
- Крок 1. Абярыце бяспечную мэту. Калі вы хвалюецеся з-за магчымага кантакту з чыноўнікамі, выбірайце іншы напрамак. Звяртайцеся да вытворцаў, у спартыўныя клубы, лякарні альбо сэрвісы. Калі няма беларускамоўнай версіі сайта, беларускай мовы на ўпакоўцы, беларускай мовы ў меню, у камунікацыі кампаніі — прапануйце яе дадаць.
- Крок 2. Выканайце ўсе фармальнасці. Аформіце ліст проста, але канкрэтна. Каб вам адказалі, абавязкова трэба пазначыць назву і адрас месца, куды падаецца зварот, імя, імя па бацьку, прозвішча і адрас таго, хто падае зварот. Тэкст мусіць быць лаканічны тэкст, прапанова ці пытанне максімальна зразумелыя. Не забудзьцеся паставіць подпіс, калі гэта папяровы ліст. Але зручней і хутчэй адпраўляць электронныя звароты.
- Крок 3. Выкарыстоўвайце закон. У перапісцы спасылайцеся на Канстытуцыю, Закон «Аб зваротах грамадзян…», Закон «Аб правах спажыўцоў» і іншыя, калі гэта дарэчна. Закон не абавязвае нікога выкарыстоўваць беларускую мову, але ён і не абавязвае беларускамоўных людзей ведаць рускую — гэта можа быць аргументам.
- Крок 4. Трымайцеся карэктнага тону. Пішыце па-чалавечы, падкрэслівайце культурную каштоўнасць беларускай мовы і супольную карысць ад яе выкарыстання, пазбягайце агрэсіўных фармулёвак.
- Крок 5. Выкарыстоўвайце зручныя каналы. Для бізнесу можа быць дастаткова email, а часам нават сацсетак; для дзяржустаноў ёсць афіцыйныя платформы зваротаў. Часам трэба дасылаць папяровыя лісты — пра гэта з кроку 7.
- Крок 6. Дачакайцеся адказу. Адказ павінен быць праз 15 дзён з моманту атрымання вашага звароту, але ў складаных пытаннях гэта можа заняць да 30 дзён. У тэорыі любое пытанне можна палічыць складаным, таму варта лічыць, што на любы зварот адказ будзе прыходзяць цягам месяца.
- Крок 7. Што рабіць, калі ваш зварот праігнаравалі. Калі вам адказалі не ў тэрмін, адказалі на рускай мове замест беларускай, або адказалі не па сутнасці — дасылайце заяву аб прыцягненні да адказнасці ў выканкам па месцы рэгістрацыі той установы, адкуль вам прыйшоў адказ. Менавіта такая заява дасылаецца ў папяровым выглядзе.
Шаблоны лістоў і зваротаў
Вы можаце выкарыстоўваць гэтыя шаблонныя лісты, каб пісьменна і аргументавана скласці свой зварот у абарону беларускай мовы.
Дадаць беларускую мову на ўпакоўку або рэкламу
Няма беларускай мовы на шыльдзе аўтобуснага прыпынку
Няма беларускамоўнай версіі сайта
Супрацоўнік установы не зразумеў беларускай мовы (каля на зварот на адрэагавалі адпаведна, можна даслаць заяву на парушэнне КаАП)
Ствараліся перашкоды ў карыстанне беларускай мовай
Шыльды з назвамі вуліц толькі расійскай мове
Больш шаблонаў і парадаў па зваротах – на сайце Мова404.



