Фінальнай падзеяй Дня горада ў Гродне стала выступленне запрошанага расійскага выканаўцы Мота (Мацвея Мельнікава). Пасля канцэрту ў Threads акрамя захопленых пачалі з’яўляцца і негатыўныя каментарыі: гараджане скардзіліся на натоўп, чэргі і “непрыгожыя” паводзіны некаторых гледачоў. Hrodna.life сабраў водгукі гродзенцаў.
Падзякі высокім людзям і негатыў да нізкіх
Адна з карыстальніц Threads паскардзілася, што гледачы, «палова якіх былі падшафэ» закрылі сабой агляд на сцэну. Дзяўчына распавяла, што на просьбу не махаць рукамі, яе “мякка паслалі”. Гродзенка таксама падзякавала «хлопчыкам з высокім ростам», якія ўзялі яе тэлефон, каб зняць канцэрт.
У суседнім пасце ўжо іншы карыстальнік прысароміў дзвюх дзяўчат невысокага росту, якія залезлі на клумбы і патапталіся па іх.
«Вам гэта памагло? Вы нешта ўбачылі? Пасля выступу артыста яны павярнуліся на гэтую клумбу і сказалі: «да п***й», — дадаў аўтар паста.
Цісканіна ля сцэны і канфлікты з матулямі
Адразу некалькі гараджан паскардзіліся на цісканіну. Адных абурала, што маці з каляскамі “лезуць у самую гушчу”, іншых – што праходжанне КПП да сцэны заняло больш за гадзіну.
«Няўжо ўбачыць артыста за кіламетр важней, чым бяспека свайго дзіцяці? А іх вельмі шмат, у асноўным вельмі маладыя мамы. Не дай бог, пойдзе дождж, людзі наляцяць, і яго проста затопчуць у калысцы, якой не відаць пад нагамі ў натоўпе», — напісаў адзін з карыстальнікаў.
Некаторыя гледачы сцвярджаюць, што ў цісканіне людзі страчвалі прытомнасць, іншыя ж атрымлівалі ўдары ў жывот.
«Людзі неадэкватныя штурхаюць усіх на сваім шляху, абы прайсці куды ім трэба, і не важна дзіця стаіць там ці не», — распавядае глядачка.
У іншым пасце жанчына прызналася, што спецыяльна паехала ў Гродна з дзецьмі — хацела патрапіць на выступ Мота. Але, убачыўшы цісканіну, сям’я вырашыла глядзець канцэрт на тэлевізары за сцэнай. Умовы ёй не спадабаліся.
«Гуку няма, карцінка зламаная, момантамі наогул адключаўся…. Чаму падчас выступаў іншых гуртоў усё было добра, а калі выйшаў Мацвей усё паламалася? Можа гэта зроблена спецыяльна?» – выказала здагадку беларуска.
«Канцэрт Мота вау»: што спадабалася гродзенцам?
Сярод удзельнікаў абмеркавання ёсць і тыя, хто застаўся задаволены канцэртам. Тым, хто піша негатыўныя каментары, адказваюць: ці не шмат людзі патрабуюць ад бясплатнага канцэрта?
Некаторыя таксама пішуць, што КПП прайшлі за лічаныя хвіліны, а пасля – атрымлівалі асалоду ад выступлення хэдлайнера.
“Мне ўдалося абсалютна без праблем апынуцца амаль у цэнтры, каля экрана і ўся сцэна была як на далоні, а вакол мяне было шмат месца і мы ўсе змаглі танцаваць”, — расказвае адна з карыстальніц.
«Была з маленькім дзіцем і каляскай… што ў гэтым дрэннага. Не хочам мы дома сядзець, хочам як і вы на канцэрты хадзіць. Наконт экрана гэта вядома таааак… яшчэ і гуку няма… але хто ведаў песні на памяць, тым было без розніцы на гук», — выказваецца іншая ўдзельніца абмеркавання.
«Канцэрт Мота – ваў!» – піша гродзенка.
Ідэолаг: “Дзень горада прайшоў выдатна”
Гродзенскі чыноўнік і супрацоўнік выканкаму Аляксей Апановіч таксама даў справаздачу ў Threads пра Дзень горада. Ідэолаг напісаў, што свята прайшло выдатна і нават дождж не моцна сапсаваў карціну. Цісканіну на канцэрце патлумачыў тым, што некаторыя гледачы вырашылі прыйсці ўпрытык да пачатку — з-за гэтага і ўтварыліся чэргі.
Па словах Апановіча, Мот выступіў выдатна, а вось «хадзіць па кветніках – стрём». Таксама чыноўнік прызнаў, што адзін з экранаў сапраўды не працаваў.
«Але гэта абсалютна не варта таго, каб ліць столькі негатыву на адрас кагосьці. <…> Яшчэ раз дзякуй, хто бы з намі ў Дзень горада. Гродна 898 гадоў! Усім цісну руку! – напісаў Апановіч.
Чытайце таксама: Спявачка МаkSім звярнулася да гродзенцаў – папрасіла іх насіць флікеры



