Мястэчка Дзевянішкі (па-літоўску Дзіевянішкес) пяць гадоў таму востра перажывала пахаладанне ў адносінах Літвы і Беларусі — міграцыйны крызіс, планы па будаўніцтве лагера для бежанцаў і пратэсты ў сувязі з гэтымі падзеямі. На фоне размоў аб патэнцыйным аднаўленні дыялогу паміж Беларуссю і Літвой журналісты Hrodna.life адправіліся ў Дзевянішкі і даведаліся, як вёска жыве цяпер.
Дзевянішкі — найбуйнейшая вёска Дзевянішкаўскага выступу ці «слязы Літвы», што на 25 км з трох бакоў глыбока ўразаецца ў тэрыторыю Беларусі. Ад мястэчка да мяжы з Беларуссю ўсяго 6 км. Паселішча на гэтым месцы згадвалася яшчэ ў XIV стагоддзі. У XX стагоддзі яно пабывала ў складзе Польшчы, Беларускай ССР і затым адышло да Літоўскай ССР.
Ходзіць міф, што мясцовасць перадалі Літве, таму што падчас размеркавання тэрыторый на гэтым участку карты ляжала люлька Сталіна. Нібыта яе не адважваліся крануць і проста абвялі контур вакол люлькі.
Наш шлях да Дзевянішак пачынаецца з аўтобуснага вакзала прыгранічных Салечнікаў (па-літоўску Шальчынінкай), раённага цэнтра ў 27 км ад вёскі.

Дабрацца туды нядзельнай раніцай аказалася няпростай задачай. Па буднях з раённага цэнтра ў мястэчка курсіруе адна прыгарадная маршрутка ў дзень, па суботах — дзве, па нядзелях — ніводнай. Загадзя знайсці расклад у інтэрнэце не ўдалося. Вадзіцеляў у дадатку Uber не знайшлося. Прыйшлося шукаць «бамбілу» — дарога каштавала 20 еўра.
Дарога жыцця
У выступ, акружаны Беларуссю, вядзе адзіная вузкая аднапалосная дарога, якая злучае вёску з астатняй Літвой. У мінулым годзе стараста Дзевянішак Часлава Марцінкевіч у інтэрв’ю LRT назвала яе “дарогай жыцця” — па аналогіі з адзінай дарогай для забеспячэння блакаднага Ленінграда ў гады вайны. Тады ж яна заклікала абнавіць дарогу ў сувязі са шматлікімі скаргамі мясцовых жыхароў. Ужо напаўдарозе мы ўсведамляем прычыну іх незадаволенасці — таксі некалькі разоў спатыкаецца аб ямы.

Частку шляху праязджаем каля прыгранічнага плота з калючым дротам. Беларусь у гэты момант літаральна ў 20 метрах ад нас.
Па дарозе ў вёску ёсць як мінімум некалькі стацыянарных пляцовак для праверкі транспарту. Спакойна праязджаем іх, мінаючы надгляд і зверку дакументаў. Памежнікі нібы нават не заўважаюць нас — адна з супрацоўніц курыць, уткнуўшыся ў тэлефон, пакуль мы праязджаем міма.
Самы “польскі” рэгіён у Літве
Даязджаем да цэнтральнай плошчы Дзевянішак. Тут размешчана галоўная славутасць горада — касцёл Ружанца Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаваны ў XVIII стагоддзі. Зараз тут ціха, нядзельная служба ўжо скончылася. Аднак ужо хутка ў касцёле пачнуць рыхтавацца да пахавання. Пад’едзе катафалк, мясцовыя жыхары розных узростаў паступова пачнуць збірацца каля храма.
Тыповая гісторыя для вёсак, якія выміраюць — пахаванні тут можна сустрэць часцей, чым вяселлі. За некалькі гадзін у нядзелю на вуліцах найбуйнейшай вёскі “слязы Літвы” з насельніцтвам каля 600 чалавек рэдка можна было сустрэць кагосьці маладзейшага за 45 гадоў.

Але і дарослых сустрэць можна было рэдка. Каля закінутай крамы з вінтажнай рэкламнай вывескай жуйкі Stimorol адпачывае кампанія мужчын. Акрамя крам і касцёла пайсці тут, па сутнасці, няма куды.
Удакладняем, ці размаўляюць яны па-беларуску, па-руску, ці «па-просту» (сумесь беларускай і польскай моў, уласцівая для гэтага рэгіёна — Hrodna.life).
— Можам і па-літоўску таксама! — адказвае нам па-руску адзін з іх. Некаторыя, дарэчы, адмаўляліся размаўляць, спасылаючыся на тое, што гавораць толькі на літоўскай мове.
Дзевянішкі — мультыкультурная вёска. У 2021 годзе больш за 76% жыхароў Салечніцкага раёна, куды ўваходзіць і мястэчка, адносілі сябе да палякаў, што робіць яго самым «польскім» рэгіёнам Літвы. Заўважаем гэта і па шыльдзе на будынку мясцовай залы для мерапрыемстваў і адпачынку. Яна змяшчае інфармацыю на дзвюх мовах — літоўскай і польскай.
З іншага боку мяжы — у Воранаўскім раёне Беларусі — карціна падобная. Больш за 80% мясцовых лічаць сябе палякамі. Праўда, двухмоўных вывесак там не было і няма.

“Танней там нашмат!”
— Я працую тут на месцы. Большасць ездзяць на працу ў іншыя гарады. У асноўным у Вільню. Тут працы асабліва і няма. А калі і ёсць, то капейкі плацяць, — скардзіцца нам мужчына на вуліцы.
У мінулым годзе паказчык сярэдняй зарплаты ў Салечніцкім раёне быў адным з самых нізкіх па краіне. Аднак у гэтым годзе беспрацоўе ў рэгіёне пачало зніжацца, зафіксавала Служба занятасці Літвы.
Заўважаем каля кампаніі мужчын дарожны ўказальнік на Геранёны — аграгарадок у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці. Да яго ўсяго 10 км. Раней там дзейнічаў пункт спрошчанага пропуску “Геранёны — Кракунай”, закрыты ў 2020 годзе.
— Мой сын ездзіць у Беларусь. Смачнага кваску прывозіць, лідскага! — з гонарам сцвярджае мужчына.
— Танней там значна! І беларусы прапускаюць значна хутчэй, чым літоўцы, — заўважае яго прыяцель.
— Такая розніца ў цэнах! Салярачка тут па два еўра, а там па еўра выходзіць недзе, — распавядае мужчына пра перавагі паездак у Беларусь.

«Першым чынам нас эвакуіраваць будуць!»
Заходзім у адну з трох прадуктовых крам на пятачку каля цэнтральнага сквера. У продажы ёсць той самы квас «Лідскі». Цана — 2 еўра 50 цэнтаў за «паўтарачку». У Беларусі на сайце «Е-дастаўкі» такая ж каштуе 3 рублі 85 капеек (1,2 еўра). Розніца з бутэлькай «на экспарт» у два разы.
Пад трэск шумных халадзільнікаў падыходзім да адзінай супрацоўніцы ў «класічным» фартуху прадаўца ўнівермага. Каля касы ляжаць тыя самыя драўляныя лічыльнікі з дзяцінства.
— Я родам з Беларусі, я тут на птушыных правах. Страшнавата нешта не так сказаць, — адказвае нам супрацоўніца на просьбу распавесці пра жыццё ў Дзевянішках. Але потым набіраецца смеласці. — Прымежжа ў нас усё лаяльнае, і да беларусаў, і да рускіх. Як у нас казалі: “Калі раптам Расія нападзе, то нас будуць адсюль вывозіць, каб мы не дапамагалі рускім”. Першым чынам нас эвакуяваць будуць!

«Адстаялі мы сваё тады таму што, адстаялі…»
Адпраўляемся да закінутага будынка ў некалькіх дзясятках метраў ад мясцовай гімназіі. Менавіта тут пяць гадоў таму хацелі ўладкаваць лагер для бежанцаў з беларускай тэрыторыі, у першую чаргу грамадзян краін Блізкага Усходу і Афрыкі.

Літва стала першай краінай ЕС, якая сутыкнулася з небывалым патокам бежанцаў з тэрыторыі Беларусі. Каля Дзевянішак праходзіў папулярны сярод бежанцаў участак мяжы. Іракскі відэаблогер, які раней выпускаў штодзённыя відэа з інструкцыямі аб перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы, рэкамендаваў Дзевянішскі выступ як вельмі зручнае месца для пераходу.
Калі закінуты будынак рыхтавалі да пераўтварэння ў лагер для бежанцаў, літоўскі партал Delfi паведамляў пра затрыманне за першыя сем месяцаў 2021 года больш чым 3000 чалавек за спробу незаконнага перасячэння мяжы. У той час літоўскія памежнікі затрымлівалі за ноч нават больш за 100 чалавек.
Больш за 100 жыхароў вёскі выйшлі тады пратэставаць супраць лагера, у якім планавалася размясціць 500 бежанцаў. Праз тыдзень буйны мітынг супраць будаўніцтва лагера для бежанцаў у Дзевянішках прайшоў таксама ў цэнтры Вільні. У вёску для размовы з мясцовай супольнасцю тады нават прыехаў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. У выніку аддаваць будынак каля гімназіі пад лагер не сталі. Тады ж жыхары вёскі, як прызналіся нам некаторыя з іх, паспелі стаміцца ад журналістаў — яны сталі частымі гасцямі ў гэтым рэгіёне.
Сёння, праз пяць гадоў, у нядзельны дзень тут ціха. Адзінае, што нагадвае пра былыя пратэсты — наклейка са словамі «Стоп нелегальнай міграцыі» на акне закінутага будынка.


— Я ўжо забылася на гэта ўсё, калі шчыра. Зараз у нас спакойна. Адстаялі мы сваё тады таму што, адстаялі…, — з палёгкай кажа нам супрацоўніца садоўніцкай крамы непадалёк.
Масавыя спробы перасекчы мяжу з Літвой без дакументаў працягваюцца дагэтуль. Шмат выпадкаў фіксуюць на участках, якія мяжуюць з Гродзенскай вобласцю. Усяго з пачатку міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе ў Літву не пусцілі ўжо больш за 25 000 незадакументаваных мігрантаў.
— Мяжа ў нас была праведзена і раней, але было спакойна. Літаральна перад гэтым крызісам яе і закрылі (гаворка ідзе пра памежны пункт “Кракунай — Геранёны” ў 5 км ад вёскі — Hrodna.life). Некаторыя змірыліся з тым, што наогул не паедуць на Радзіму, нават на могілкі да родных, — з болем прызнаецца жанчына.

«Нас ахоўваюць, стала спакайней»
Пераходзім дарогу і натыкаемся на яшчэ адну прадуктовую краму. На зямлі каля кветніка знаходзім пусты пачак беларускіх цыгарэт NZ вытворчасці Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» — верагодна, яго даставілі кантрабандай.

У красавіку гэтага года на дарозе Дзевянішкі — Салечнікі памежнікі затрымалі мясцовага жыхара, у машыне якога было 250 пачкаў сігарэт гэтай маркі на суму больш за 1300 еўра. Крыху раней, у сакавіку гэтага года, у суседняй вёсцы Лобас выявілі беспілотнік, які перавозіў 240 пачкаў NZ Gold.
Чытайце таксама: З’ездзілі на мяжу і даведаліся, як беларускія цыгарэты ўвозяць у Польшчу і чаму не атрымоўваецца спыніць кантрабанду
У краме сустракаем памежнікаў, якія акрамя бежанцаў вымушаныя займацца таксама выпадкамі кантрабанды з Беларусі. Супрацоўніца службы рыхтуе сабе каву ў аўтамаце, пакуль яе калега купляе шакаладныя батончыкі. Мясцовыя прызвычаіліся да такога суседства.
— Нас ахоўваюць, стала спакайней, — адгукаецца пра працу памежнікаў супрацоўніца крамы.
На выхадзе з крамы бачым некалькі прыпаркаваных дарагіх пазадарожнікаў. Адганяем ад сябе стэрэатыпныя думкі пра тое, што іх уладальнікі таксама займаюцца кантрабандай.
«Жывецца пакуль добра. Будзем глядзець, як будзе далей»
Сама вёска дагледжаная — на участках пастрыжаныя газоны, практычна няма смецця і закінутых пабудоў. У двары аднаго са шматкватэрных дамоў — цэлая ЖЭС-арт «расада»: гномы, лебедзі і буслы.


— Я сама тут нядаўна, на жаль, нічога не змагу вам сказаць, — адказвае нам супрацоўніца вясковай банкетнай залы на просьбу распавесці пра жыццё ў Дзевянішках.
— Я тут шмат гадоў не жыла, толькі нядаўна вярнулася. Не магу вам так параўнаць і сказаць, як па-сапраўднаму тут ёсць. Жывецца пакуль добра. Будзем глядзець, як будзе далей, — сцвярджае міначка, якая вяртаецца дадому з сям’ёй — бацькамі, мужам і дзіцём.
Не ведаем, ці спісваць усё на вясковую падазронасць, але радуемся таму, што ў вёску вяртаюцца жыць і прыязджаюць на працу. Нягледзячы на імжыцу і зацягнутае неба, Дзевянішкі не адчуваюцца дэпрэсіўным месцам.



