Удалы турыстычны праект, псеўдагістарычны Дыснэйлэнд ці проста маштабны распіл сродкаў? У агратурыстычным комплексе «Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”» пабудуюць культурна-гістарычны парк «Стары горад». Паводле задумы, гэта будзе міні-версія горада канца XVIII — пачатку XX стагоддзя. Але навошта ствараць яго ўсяго за 10 кіламетраў ад сапраўднага гістарычнага цэнтра Гродна?
Паспрабавалі разабрацца, дзе праходзіць мяжа паміж папулярызацыяй гісторыі і стварэннем пластыкавай падробкі.
У «Стары горад» укладуць палову гадавых інвестыцый мясакамбіната
Агратурыстычны комплекс «Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”» належыць Гродзенскаму мясакамбінату. Новы «Стары горад» павінны пабудаваць за 10 месяцаў і 14 млн рублёў, паведамляе тэлеграм-канал «Urban Hrodna». Гэта каля 4,3 млн еўра па бягучым курсе. За праектаванне аб’екта «Гроднаграмадзянапраект» возьме 936 тыс. рублёў (амаль 290 тыс. еўра).

«Яго кошт даволі значны і складае практычна палову ўсіх нашых інвестыцыйных планаў на бягучы год. Аб’ект узводзіцца для інтэграцыі ў нацыянальныя маршруты турыстычных вандровак», — адзначаў падчас прэзентацыі праекта першы намеснік гендырэктара ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» Мікалай Шэшка.
На тэрыторыі парка з’явяцца друкарня, лекарскі кабінет і лаўка аптэкара, а таксама тры нацыянальныя хаткі: беларуская, руская і яўрэйская. Будзе чыгуначны вакзал, рыцарская школа, гандлёвыя рады і плошча, важніца (гэта быў будынак у даўніх гарадах, дзе ўзважвалі і вымяралі прывезеныя гандлярамі тавары, там жа захоўваўся гарадскі эталон вагаў), фотаатэлье, банк, кінатэатр і карчма.

Канцэпцыю аб’екта, які зойме добрую траціну цяперашняй тэрыторыі «Каробчыц», распрацаваў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. За падрыхтоўку асобных частак будуць адказваць розныя ўстановы і арганізацыі. Напрыклад, Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі павінна пракласці на тэрыторыі вузкакалейку і паставіць паравоз; «Белпошта» павінна прапанаваць экспазіцыю і інтэрактыў для імітацыі вакзала; «Гроднааблкінавідэапракат» — экспазіцыю фотаатэлье і кінатэатра; Цэнтр стандартызацыі, якім кіруе былы мэр Мечыслаў Гой, — экспазіцыю важніцы. Свой унёсак у распрацоўку канцэпцыі і экспазіцыі будзе мець і абласны гісторыка-археалагічны музей.
Пасля заканчэння «Старога горада» ля Каробчыц пабудуюць яшчэ і новы трохзоркавы гатэль, разлічаны на 32 турыстаў — гэта будзе каштаваць яшчэ амаль 17 млн рублёў (5,2 млн еўра).
Плюсы: турыстычны магніт і даступная гісторыя
У падтрымку праекта можна знайсці нямала важкіх аргументаў. Паводле афіцыйных звестак, «Маёнтак Каробчыцы» штогод прыцягвае звыш 100 тысяч турыстаў. Паводле задумы стваральнікаў праекта, будаўніцтва новага «Старога горада» павінна павялічыць турыстычны паток яшчэ прынамсі на 30 тысяч чалавек. Цікавасць да Каробчыцаў сапраўды немалая: у сацсетках сярод парад, якія жыхары Гродна даюць турыстам, часта згадваецца гэты комплекс. У чым жа яго плюсы?
Фармат эд’ютэйнменту: спалучаем адукацыю і забаву
Сучасны масавы турыст не хоча слухаць доўгія акадэмічныя экскурсіі. Яму патрэбны інтэрактыў: памацаць, пакаштаваць, зрабіць прыгожае фота ў Instagram. Людзям прапануюць «гісторыю на пальцах», у прыгожай абгортцы, з аніматарамі і майстар-класамі. Гэта ідэальны варыянт для сямейнага адпачынку з дзецьмі, якія праз гульню могуць зацікавіцца мінулым.

Эканоміка і інфраструктура: утрымліваем турыстаў на дзень даўжэй
Гродна — важны турыстычны цэнтр Беларусі з вялікім патэнцыялам. Але праблема многіх нашых гарадоў у тым, што масаваму турысту (не прафесійнаму гісторыку ці краязнаўцу) няма чаго рабіць больш за адзін-два дні. З’яўленне праекта ў Каробчыцах затрымае турыстаў яшчэ на дзень. А гэта — дадатковыя грошы для рэгіёна, працоўныя месцы для будаўнікоў, аніматараў, рамеснікаў і кухараў.

Візуалізацыя страчанага: даем магчымасць убачыць тое, што не захавалі
Калі стваральнікі падыдуць да справы з розумам, яны адновяць у меншым маштабе тыя будынкі Гродна, якія былі знішчаныя. Ужо цяпер у планах імітацыя старога чыгуначнага вакзала, які знеслі ў 1986 годзе. А можна ў будучыні і макет Фары Вітаўта зрабіць! Гэта магло б стаць выдатным наглядным дапаможнікам. Але ці будзе гэта рабіцца? І якой якасці будзе тое, што ўжо запланавана зрабіць?

Мінусы: фальшаванне аўтэнтыкі і лакацыя
Нягледзячы на эканамічныя і адукацыйныя плюсы, праект атрымлівае і крытычныя водгукі — як ад турыстаў, так і ад гісторыкаў і ўрбаністаў.
Парадокс лакацыі
Адно з пытанняў да праекта: а навошта будаваць бутафорскі стары горад побач з сапраўдным? Гродна — адзін з нямногіх гарадоў у Беларусі, дзе захавалася нямала аб’ектаў гістарычнай забудовы. Але комплекс рэальнага старога горада не ў ідэальным стане. Асобныя будынкі стаяць закінутымі, а пад відам рэканструкцыі апошнім часам усё часцей аўтэнтычныя дамы зносяць, каб пабудаваць на іх месцы муляжы. Замест таго, каб укласці грошы ў выратаванне сапраўднай гістарычнай спадчыны і стварэнне кропак прыцягнення ў самім Гродне, велізарныя рэсурсы ідуць на ўзвядзенне падробкі ў полі.

Небяспека «кітчу» і спрашчэння
Мяжа паміж папсовай папулярызацыяй і фальшаваннем вельмі тонкая. Калі гісторыю пераўтвараюць у атракцыён, яна часта губляе глыбіню. Ёсць рызыка, што новы «Стары горад» будзе наборам стэрэатыпаў: псеўдадаўніна з пенаблокаў і металадахоўкі, дзе галоўная мэта — прадаць больш шашлыкоў і сувеніраў.
«Лепш аднаўляць гістарычную спадчыну, чым ствараць навабуд, — кажа ў размове з Hrodna.life гісторык і музеязнаўца, былы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Алесь Крыжэвіч. — Па-першае, аўтэнтычныя будынкі ствараюць непаўторную атмасферу, якая будзе прыцягваць як аматараў гісторыі, так і звычайных турыстаў. Па-другое, хто сказаў, што ў адноўленых гістарычных будынках нельга прадумаць забаўляльную праграму для шэраговага турыста? Ёсць добры прыклад — Дукора (музейны комплекс «Дукорскі маёнтак», дзе адноўлена шляхецкая сядзіба XIX ст. – Hrodna.life), дзе частка старых будынкаў была адрэстаўраваная і зроблены цэлы турыстычны комплекс».
Фінансавае пытанне: інвестыцыі ці распіл?
«Дзяржава часта не хоча аднаўляць будынкі, таму што гэта няпростая працэдура і на гэтым не заробіш. А вось калі пабудаваць новае месца, а-ля гістарычнае, то там можа быць і шмат адкатаў ці іншых карупцыйных схем, — працягвае Алесь Крыжэвіч. — Але калі казаць пра чыста гістарычны бок, то навабуд — гэта дорага. Інвестыцыі могуць не апраўдаць чаканні праз штучнасць аб’екта».
Будаўніцтва «з нуля» патрабуе вялікіх бюджэтаў. Калі гэта робіцца за кошт дзяржпрадпрыемстваў, з’яўляюцца пытанні аб мэтазгоднасці і матывах такіх выдаткаў. Ці акупіцца гэты праект? Ці не з’яўляецца ён проста зручнай пляцоўкай для засваення бюджэтаў лаяльнымі падрадчыкамі пад прыгожымі лозунгамі пра патрыятызм?
Сусветны досвед: як робяць у іншых краінах?
У свеце існуюць розныя падыходы да стварэння гістарычных паркаў.
Музеі пад адкрытым небам — Скансэн. Знакаміты шведскі Скансэн (беларускі аналаг — Строчыцы пад Мінскам) — гэта прыклад, калі ў парк звозяць сапраўдныя, аўтэнтычныя будынкі, якім пагражала знішчэнне на іх першапачатковым месцы. Гэта захаванне рэальнай гісторыі. Шведская ідэя аказалася настолькі ўдалай, што слова “скансэн” з уласнай назвы стала агульнай для ўсіх падобных музеяў.

Гісторыя як чыстае відовішча — Puy du Fou (Францыя). Гэта адзін з самых папулярных забаўляльных паркаў у свеце, дзе замест захавання камянёў робяць маштабныя гістарычныя шоу. Там не прэтэндуюць на навуковую дакладнасць і сумленна кажуць турысту: «Гэта атракцыён». Гэта паспяховая камерцыйная мадэль, якая не спрабуе падмяніць сабой рэальныя помнікі, а працуе як якасны «гістарычны тэатр».

Гарады-копіі ў Кітаі. Гэта значна менш паспяховыя прыклады. У Кітаі была мода будаваць копіі еўрапейскіх гарадоў: там ёсць свой Парыж (Цяньдучэн), свой аўстрыйскі Гальштат, свая Венецыя. Гэта штучны атракцыён, пазбаўлены гістарычнай душы, і часта такія гарады ператвараюцца ў «гарады-здані».

Замест высновы
Сам па сабе гістарычны парк забаваў — гэта нармальна. Любая краіна мае права на свой “гістарычны Дыснэйлэнд”, які будзе забаўляць і карміць турыстаў.
Праблема не ў саміх Каробчыцах, а ў прыярытэтах. Калі ў нас ёсць рэальныя помнікі архітэктуры і сапраўдны стары горад, якім не хапае аховы і інвестыцый, будаўніцтва маштабнай падробкі выглядае як уцёкі ад рэальнасці.
«Стары горад» у Каробчыцах можа стаць паспяховым камерцыйным праектам, але мы павінны называць рэчы сваімі імёнамі. Гэта будзе тэматычны парк забаваў і камерцыйная інфраструктура прадпрыемства. Шукаць там сапраўдную гісторыю ці аўтэнтыку — марная справа. Па яе ўсё яшчэ давядзецца ехаць тыя самыя 10 кіламетраў ад Каробчыц — у цэнтр сапраўднага Гродна.
Галоўнае, каб да таго часу там было што глядзець.



