Напярэдадні майскіх святаў на мяжы Беларусі і Польшчы пачынаюць утварацца чэргі. Напрыклад, у пункце пропуску «Тэрэспаль» на вечар чацвярга стаяць 220 легкавых аўтамабіляў і 23 аўтобусы.

Чэргі ёсць не толькі на мяжы з Польшчай. Паводле інфармацыі Памежнага камітэта, на раніцу 30 красавіка ўезду ў Польшчу перад пунктамі пропуску «Тэрэспаль» (Брэст) і «Кузніца Беластоцкая» («Брузгі») сумарна чакалі 320 легкавых аўто.

На мяжы з Літвой сітуацыя была лягчэйшай — раніцай 30 красавіка перад пунктам пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог») было 10 легкавушак.

Як паведамляе «Белсат», бягучая сітуацыя заўважна спакайнейшая, чым год таму. Вечарам перад майскімі святамі ў 2025 годзе на мяжы запасіліся больш за 1600 аўтамабіляў і каля 100 аўтобусаў, а чаканне магло расцягвацца на 3–4 дні.

Што кажуць людзі

У чатах аб перасячэнні мяжы карыстальнікі дзеляцца свежай сітуацыяй на пунктах пропуску.

На КПП «Брузгі», паводле слоў відавочцаў, на ўезд у Беларусь чаргі няма, але ўнутры пункта заняты ўсе палосы.

«Да святлафора нікога не было, адразу заехалі. На Tax Free па 11–14 машын у кожнай лініі, на Europass — каля чатырох», — пішуць у чаце.

У бок Польшчы пакуль таксама без моцнага ажыятажу. На пераходзе «Кузніца» машыны правяраюць хутка і паверхнева.

А вось на брэсцкім кірунку сітуацыя складанейшая.

На выездзе ў Польшчу легкавыя праходзяць беларускі бок даволі хутка: на зялёным канале каля сямі машын, чырвоны амаль пусты. У зоне чакання — прыкладна 256 аўто, выклікаюць па 20 у гадзіну.

«У палякаў шчыльней, працуюць чатыры лініі. Часам мяжу ўдаецца прайсці за 3–4 гадзіны. З аўтобусамі горш: перад польскім шлагбаумам стаіць каля 20 аўтобусаў, чакаць даводзіцца 10–13 гадзін», — пісалі карыстальнікі аб сітуацыі на раніцу 30 красавіка.

На ўездзе ў Беларусь чарга расцягнулася амаль на 2 км. Людзі адзначаюць, што рух вельмі павольны — прыкладна 50 метраў у гадзіну.

Паводле ацэнак карыстальнікаў на раніцу 30 красавіка пераход мяжы на КПП «Брэст — Тэрэспаль» займаў:

  • У Польшчу: каля 14 гадзін на машыне і 10,5 гадзіны на аўтобусе.
  • У Беларусь: прыкладна 11,5 гадзіны на машыне і каля 6,5 гадзіны на аўтобусе.

Некаторыя карыстальнікі адзначаюць, што час чакання для легкавых аўтамабіляў можа павялічвацца да 20 гадзін.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы