У Лідзе з снежня 2025 года працуе першая гарадская чайная — арт-бар «Прятки». Установу адкрыў мясцовы прадпрымальнік Ілья Мышко, зрабіўшы стаўку на чайную культуру, аўтарскія напоі і інтэр’ер з элементамі савецкага быту. Знаходзіцца бар па адрасе: вуліца Ленінская, 20.

Заснавальнік установы — 29-гадовы лідчанін Ілья Мышко. Да адкрыцця бара ён займаўся стварэннем сайтаў, працаваў у продажах і некалькі разоў спрабаваў запускаць уласныя бізнес-праекты. Напрыклад, спрабаваў прадаваць у Расію пельмені і цукеркі — не атрымалася. Потым была анлайн-пляцоўка па продажы гарбаты. Займаўся ён і афлайн-крамай гарбаты, якая працавала ў адным з гандлёвых цэнтраў Ліды, але закрылася.

У выніку Ілья рызыкнуў адкрыць уласны бар. На рамонт спатрэбілася 13 месяцаў і каля $25 тыс. Гісторыю прадпрымальніка з Ліды расказваў партал «Про бизнес».

Інтэр’ер — з дзяцінства

Бар размясціўся ў памяшканні былой двухпакаёвай кватэры з асобным уваходам.

Большую частку інтэр’еру ўладальнік ствараў самастойна. Ва ўстанове выкарыстаны адрэстаўраваная савецкая мэбля, вінтажныя крэслы, старыя чайныя сервізы, рэтра-прайгравальнік і іншыя прадметы савецкага быту. Частка мэблі — свая, частка была купляна на барахолках і адноўлена.

У памяшканні — сталы, вінтажныя крэслы, цюль на вокнах і дэкаратыўныя элементы, якія адсылаюць да інтэр’ераў мінулых дзесяцігоддзяў. Для захоўвання гарбаты закупілі спецыяльныя банкі і бамбукавыя стэлажы.

На сценах размешчаны карціны, частку з якіх можна купіць. Па словах уладальніка, пры афармленні бара ён хацеў сумясціць знаёмыя шмат каму элементы савецкага інтэр’еру з сучаснымі дэталямі і стварыць прастору, якая адрозніваецца ад існых кавярань.

Незвычайным элементам інтэр’еру стала падлога. Пры ўкладцы кварцвінілу ў пакрыцці пакінулі невялікія квадратныя нішы, у якія змясцілі выявы, створаныя з дапамогай нейрасетак. Сярод іх — сцэны з паўсядзённага жыцця мінулых дзесяцігоддзяў, у тым ліку чарга за каўбасой у савецкай краме. Па словах уладальніка, кожная выява мае свой сюжэт і адсылку да ўспамінаў з дзяцінства.

У Лідзе адкрылася першая чайная - арт-бар "Прятки": больш за 50 сартой гарбаты и кактэйлі на яе аснове
Інтэр’ер арт-бара. Фота: instagram.com/pryatki.bar

Што ў меню і колькі каштуе

Аснову меню складаюць гарбата і напоі на яе аснове. Ва ўстанове прапануюць больш за 50 сартоў гэтага напою. Кубак гарбаты з асноўнага асартыменту каштуе ад 6 да 14 рублёў у залежнасці від сорту. Сярод пазіцый — пуэр, анчан, Да Хун Пао, ГАБА і іншыя кітайскія чаі.

Ёсць аўтарскія зборы: імбірна-мёдавы, ажына-шакалад, абляпіха-размарын, маліна-мята і зялёны цытрус. Кошт — 8 рублёў на вынас і 12 рублёў пры падачы ў чайніку на месцы.

У меню таксама прадстаўлены ліманады па 8 рублёў і кактэйлі на аснове гарбаты для наведвальнікаў старэйшых за 18 гадоў. Яны каштуюць 17 рублёў. Сярод варыянтаў — напоі з пуэрам, ясмінавай гарбатай, матчай і фруктовымі сіропамі.

З кавы прапануюць толькі варонку V60 за 9 рублей.

Акрамя напояў, у бары падаюць сняданкі, сырнікі, супы і бутэрброды. Сняданкі каштуюць ад 15 до 17 рублёў, бутэрброды — ад 10 да 13 рублёў, супы — па 10 рублёў, сырнікі — 8 рублёў. Таксама ў меню ёсць аладкі за 6 рублёў.

У Лідзе адкрылася першая чайная - арт-бар "Прятки": больш за 50 сартой гарбаты и кактэйлі на яе аснове
Інтэр’ер арт-бара. Фота: instagram.com/pryatki.bar

Што ў планах

Па словах Ільі Мышко, пакуль праект знаходзіцца на стадыі развіцця. Бар адкрыўся без дэталёвага бізнес-плана — прадпрымальнік разлічваў перш за ўсё на ўнікальнасць фармату для Ліды, дзе сёння працуе каля 15 кавярань, але няма іншых чайных бараў.

Сярод планаў — адкрыццё летняй тэрасы, пашырэнне асартыменту напояў (хочуць увесці ў меню піўно-чайныя кактэйлі), а таксама запуск алкагольнай карты пасля атрымання неабходных дазволаў. Не выключаецца прыцягненне інвестыцый для развіцця праекта.