У чацвер, 7 мая, у Гродне пачала работу новая кропка грамадскага харчавання з лаканічнай назвай «Сталовая на Лермантава». Установа адкрылася ў будынку адміністрацыі Ленінскага раёна па адрасе вуліца Лермантава, 2. Аб’ект належыць Гродзенскаму мясакамбінату.

На месцы старой сталовай

Раней у гэтым памяшканні ўжо працавала сталовая. Гродзенцы ўспамінаюць яе як «трохі савецкі варыянт». На Яндэкс.Картах у водгуках наведвальнікі нярэдка скардзіліся на якасць ежы і стан установы. Пасля рэканструкцыі прастору цалкам абнавілі: зрабілі рамонт, змянілі інтэр’ер і стварылі больш сучасную і ўтульную атмасферу.

Хатнія абеды і беларускі каларыт

У новай сталовай наведвальнікам прапануюць прадукцыю ад Гродзенскага мясакамбіната — абяцаюць свежыя, хатнія стравы па даступных цэнах, утульны інтэр’ер і ўважлівае абслугоўванне. У афармленні зрабілі стаўку на беларускі стыль: у залі з’явіліся арнаменты, элементы макрамэ і драўляная мэбля.

Усяго ёсць 40 пасадачных месцаў. Сталовая размясцілася на цокальным паверсе будынка. Тут можна не толькі паўнавартасна паабедаць, але і набыць выпечку і гатовыя стравы навынас.

У Гродне адкрылася новая «Сталовая на Лермантава». Раней на гэтым месцы ўжо была кропка грамадскага харчавання
Новая сталовая. Фота: instagram.com/gmk.grodno

Што па цэнах

У тэставым рэжыме ўстанова працавала з пачатку тыдня.

Акрамя сталовай тут таксама ёсць аддзел з кулінарыяй.

Стандартны абед у сталовай уключае суп, напой і асноўную страву.

  • Суп абыдзецца прыкладна ў 2,5 рубля;
  • сок — каля 1,5 рубля;
  • гарачае з гарнірам і салатам прадаецца на вагу — 3,5 рубля за 100 грамаў.

Сярэдні чэк складае каля 16 рублёў — у залежнасці ад выбраных страў і памеру порцый. Асартымент мяняецца кожны дзень.

У Гродне адкрылася новая «Сталовая на Лермантава». Раней на гэтым месцы ўжо была кропка грамадскага харчавання
Новая сталовая. Фота: instagram.com/gmk.grodno

Графік работы сталовай і кулінарыі

Зона раздачы гарачых абедаў працуе з 11:00 да 16:00.

Побач адкрыты аддзел кулінарыі з асобным графікам — з 9:00 до 18:00. Тут можна купіць сырнікі на сняданак, дранікі на абед або гатовыя стравы на вячэру.

Прастору зрабілі даступнай

Ва ўстанове прадугледжаны спецыяльны пад’ёмнік для фізічна аслабленых людзей. Раней яго не было.