У сярэдзіне снежня ў Рускім доме адбылася сустрэча з «удзельнікам СВА» Юрыем Зотавым. Зотаў таксама зняўся ў праграме «Свежим взглядом» для канала «Беларусь 4
Зотаў родам з Прыднястроўя. На сустрэчы ён расказаў гродзенцам пра тое, як ваюе на баку Расіі. Зотаву падарылі банэр з фатаграфіямі Гродзенскага рэгіёна і «асабістымі пажаданнямі і словамі падтрымкі для байцоў», пішуць у Instagram «Рускага дома».
Падчас сустрэчы таксама прэзентавалі выставу «Вочы непакорнага Данбаса», у экспазіцыю якой увайшлі працы фатографаў Мінабароны Расіі і кадры з Данецка і Масквы.
Праграма «Свежим взглядом» выйдзе 17 снежня.
Атрымаў медаль з Луганска і марыць аб далучэнні Прыднястроўя да Расіі
Зотаў вядзе Instagram, у якім называе сябе «ветэранам СВА». У яго ёсць медаль «за адвагу» з Луганскай Народнай Рэспублікі. Таксама Зотаў 17 гадоў знаходзіцца ў партыі «Адзіная Расія» і выходзіць на мітынгі ў падтрымку далучэння Прыднястроўя да Расіі.
Сваё 36-годдзе Зотаў адсвяткаваў на фронце — напісаў, што адзначыў дату «з пацанамі па-братэрску».


Удзельнікі «СВА» «аднаўляюць здароўе» ў Гродзенскай вобласці
Аб сустрэчы з «байцом СВА» ў Гродне распавяла ў Threads міжнародная ініцыятыва экспертаў у сферы бяспекі the.isans. У пасце адзначаецца, што ў Беларусі «легітымізуюць расійскіх вайскоўцаў». У публікацыі дадаюць, што «рэжым Лукашэнкі дае санаторыі для „адпачынку і аднаўлення“ ўдзельнікам „СВА“ (іх не раз заўважалі ў Гродзенскай вобл. мясцовыя)».
Менш чым за суткі пост набраў 28 каментароў. Большасць з іх падтрымліваюць байцоў. І ўсяго некалькі каментароў, у якіх карыстальнікі выказваюцца супраць прыезду байцоў у Гродна.
«Навошта ў польскім горадзе гродна патрэбен рускі дом?» — цікавіцца yurylyan.
«А чаму ім не павінны даваць санаторыі?» — піша fisher_yvr.
«Малайцы! Правільна робяць, дапамагаюць хлопцам аднаўляць здароўе», — лічыць s7.l.5.
«Беларусь пад расійскай акупацыяй!» — выказваецца sumburial.
Чытайце таксама: Ад чаявання з баранкамі да песень пра «герояў СВА». Як Рускі дом прыносіць у Гродна рускі свет



