Адразу некалькі буйных археалагічных знаходак у Гродне цягам аднаго месяца прымушаюць задумацца: ці не час пачаць сістэмнае і грунтоўнае даследаванне горада? Яно дакладна будзе больш эфектыўным, чым выпадковыя раскопкі ў час будаўніцтваў або рамонту.

У красавіку 2026 у цэнтры Гродна знайшлі невядомыя раней могілкі XVI стагоддзя і сцяну царквы XII стагоддзя. Рэдакцыя Hrodna.life узгадала свой праграмны тэкст, апублікаваны дзевяць гадоў таму. У ім мы давалі парады мясцовым уладам – як правільна кіраваць горадам. Мы тлумачылі, як за невялікія грошы зрабіць надзвычай важную навуковую працу ды павысіць прэстыж Гродна і яго кіраўнікоў. Тэкст застаўся актуальным і мы зноў яго публікуем.

Сярэднявечны горад амаль не капалі

Гродна – адзін з самых багатых на археалагічную спадчыну гарадоў Беларусі. Нездарма галоўны музей вобласці носіць назву гісторыка-археалагічнага. За апошнія 90 гадоў польскія, савецкія ды беларускія археолагі здабылі з-пад зямлі дзясяткі тысяч цікавых прадметаў. Іх экспануюць у музеях, іх актыўна вывучаюць даследчыкі.

Але калі ўявіць сабе тыя абшары горада, якія грунтоўна раскапаны архолагамі, то іх акажацца не так і шмат. Прыкладна на 60% раскапана тэрыторыя Старога замка, збольшага тэрыторыя вакол Каложы, трошкі Новы Замак і амаль не раскапаны сам сярэднявечны горад.

Будаўніцтва супраць археалогіі

За апошнія 20-25 гадоў праводзіліся раскопкі галоўным чынам на вуліцах Вялікая Траецкая, Давыда Гарадзенскага, Замкавая, а таксама на Савецкай плошчы. Праўда, раскопкі гэтыя спадарадычныя, нерэгулярныя і часам амаль выпадковыя. Яны выкліканыя галоўным чынам запланаваным на тых месцах будаўніцтвам. Такія раскопкі, як правіла, зводзяцца да так званага “археалагічнага нагляду”. Гэта значыць, усе росшукі трэба правесці вельмі хутка. Ніякія маштабныя і грунтоўныя даследаванні тады немагчымыя.

У дадатак да ўсяго гэтага хутка пашыраецца тэхналогія будаўніцтва на так званых “буранабіўных сваях”. Гэта значыць, што будаўнік забівае ў археалагічныя пласты сваі і гаворыць, што даследаванні непатрэбныя, паколькі слаі моцна не парушаныя. Але зразумела, што мы ніколі ўжо не дабярэмся да археалагічных скарбаў, паколькі яны пахаваныя пад новымі дамамі.

Чытайце таксама: Як зноў зрабіць архітэктуру Гродна адным цэлым

Засталося толькі некалькі спецыялістаў. У Беластоку – 20

Адсутнасць археалагічных даследаванняў прыводзіць да таго, што ў горадзе няма працы для археолагаў. Ужо даўно фактычна перастала існаваць кафедра археалогіі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. На ўсю мільённую Гродзенскую вобласць засталося некалькі чалавек, якія маюць права паводле закону праводзіць археалагічныя даследаванні. Для параўнання на блізкай нам Беласточчыне адначасова “капаюць” не менш дваццаці спецыялістаў. А яшчэ ў Польшчы ёсць прыватныя прафесійныя археалагічныя фірмы.

Мясцовыя ўлады мусяць змяніць стаўленне

У выніку мы імкліва страчваем сваё мінулае, але відавочна, што некаторыя таямніцы гісторыі нашага Гродна могуць адкрыць толькі археолагі. Гарадскім і абласным уладам трэба тэрмінова змяніць стаўленне да археалагічных даследаванняў.

Трэба стварыць пастаянную археалагічную экспедыцыю, якую будзе фінансаваць горад. Накшталт той, што працуе ў расійскім Вялікім Ноўгарадзе. Дастаткова ўзяць на працу аднаго або двух археолагаў і амаль круглы год праводзіць раскопкі хаця бы на невялікай тэрыторыі горада. Горад будзе атрымліваць гатовыя да забудовы ўчасткі ў гістарычным цэнтры: на іх інвестар не сустрэне ў час прац “сюрпрыз”, які запаволіць будаўніцтва. Бо ўсё будзе загадзя прафесійна даследавана. Кошты ўжо праведзеных даследаванняў можна ўключаць у аўкцыённую цану ўчастка.

Адныя плюсы, у тым ліку і для турыстаў

Цягам літаральна некалькіх гадоў фонды гродзенскіх музеяў папоўняцца ўнікальнымі экспанатамі. Будуць зроблены важныя адкрыцці з гродзенскай гісторыі. Раскопкі таксама можна арганізоўваць як публічны працэс. Іх змогуць наведваць групы турыстаў, у раскопках будуць удзельнічаць усе жадаючыя гродзенцы-валанцёры.

Усё гэта, безумоўна, моцна ўздыме прэстыж і нашага горада, і мясцовых уладаў. Затраты ж будуць адносна невялікія. Думаецца, што за 70-80 тысяч беларускіх рублёў на год можна было б аплаціць гадавую работу археолага, лабаранта і праводзіць раскопкі на некалькіх дзясятках квадратных метраў у самых цікавых месцах Гродна. Гэта не дорага, але вельмі прэстыжна.

Чытайце таксама: Замкавая вуліца павінна быць пешаходнай! Як гэта зрабіць, захаваўшы парковачныя месцы