Instagram-акаўнт AutoGrodno.by прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі паводле рашэння суда Ленінскага раёна Гродна ад 24 лістапада 2026 года. На старонку падпісаныя 92,5 тысячы чалавек. Пра рашэнне паведамляе «Гродненская правда», але з публікацыі не зусім зразумела, ці распаўсюджваецца рашэнне суда на іншыя інтэрнэт-рэсурсы, звязаныя з AutoGrodno.

«Гродненская правда» піша, што акаўнт выдання ў Instagram прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі па заяве пракурора Гродна. На ім нібыта размяшчалася «інфармацыйная прадукцыя, унесеная ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Таксама дзяржаўнае выданне піша, што «падчас агляду Instagram-акаўнта „AutoGrodno.by“ выяўлена яго ўзаемасувязь з інтэрнэт-сайтам autogrodno.by і іншымі акаўнтамі ў сацыяльных сетках TikTok і „ВКонтакте“, месенджарах Viber і Telegram, відэахостынгу YouTube. Рашэннем суда Ленінскага раёна г. Гродна ад 24 лістапада 2026 года дадзеныя інтэрнэт-рэсурСЫ (вылучэнне Hrodna.life), а таксама іх лагатыпы прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі».

З публікацыі незразумела, ці азначае гэта, што пад рашэнне трапілі ўсе пералічаныя пляцоўкі або толькі Instagram-акаўнт AutoGrodno.by.

На Instagram AutoGrodno падпісаныя 92,5 тысячы чалавек

Па стане на 24 лістапада на Instagram-акаўнт AutoGrodno.by падпісаныя каля 92,5 тысячы карыстальнікаў. Прызнанне старонкі экстрэмісцкімі матэрыяламі можа мець наступствы для яе аўдыторыі.

У Беларусі людзей прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 19.11 КаАП за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. У практыцы пераследу падставай для адміністрацыйных спраў станавіліся, у тым ліку, падпіскі на такія рэсурсы, лайкі і каментарыі.