У гісторыі са зборам грошай на рэдкую гравюру з выявай Гродна з’явіўся новы ўдзельнік: пасля абмеркавання ў Threads знайшоўся чалавек, які гатовы самастойна выкупіць артэфакт на аўкцыёне і перадаць яго ў музей. 242,70 рубля, якія паспелі сабраць у межах першапачатковай ініцыятывы, арганізатар вырашыў перавесці ў прытулак для жывёл у Гомельскай вобласці.
Нечаканы паварот у Threads
Пра працяг гісторыі расказаў аўтар акаўнта poshyk.info ў Threads — менавіта ён раней абвясціў збор грошай на набыццё гравюры. Паводле яго слоў, з ім звязаўся карыстальнік Ігар і прапанаваў самастойна выкупіць гравюру на аўкцыёне і перадаць яе ў музей. У які менавіта — пакуль не ўдакладняецца.
«А вось і нечаканы працяг гісторыі з гравюрай. Напісаў igorzhaborovskiy, які гатовы самастойна выкупіць унікальны артэфакт на аўкцыёне і перадаць яго ў музей. Гучыць, як мне падаецца, вельмі добра! У такі цуд хочацца верыць і спадзявацца, што ўсё атрымаецца, бо заўсёды ёсць падводныя камяні і складанасці ў такой справе», — напісаў poshyk.info.
Аўкцыён прызначаны на 3 снежня 2026 года, пачатак — а 19:00 паводле мінскага часу. Лот выстаўлены на чэшскай версіі пляцоўкі OneBid віленскім аўкцыённым домам ARS VIA. Пачатковы кошт складае 1800 еўра, папярэдняя ацэнка — 2200–3000 еўра.
Куды накіравалі сабраныя грошы
Тым часам беларусы за некалькі дзён паспелі крыху скінуцца на гравюру — на рахунку збору назапасілася 242,70 рубля. Аўтар ініцыятывы вырашыў перавесці гэтыя грошы ў невялікі прытулак для жывёл «Добреника» ў Гомельскай вобласці.
Арганізатар падзякаваў усім, хто падтрымаў ідэю інфармацыйна або грашыма, і паведаміў, што прыклаў скрыншот рахунку і чэк аб пераводзе. Ён таксама адзначыў, што пералічыў грошы з дазволу ўдзельнікаў збору.
Што гэта за гравюра
Гаворка ідзе пра медную гравюру памерам 12 × 17 см з панарамным выглядам правабярэжнай часткі Гродна першай паловы XVII стагоддзя. Яе стварыў нямецкі гравёр Якоб Коппмайер (Jakob Koppmayer), а апублікавалі працу ў 1686 годзе ў трэцім томе кнігі Theatrum Cosmographico-Historicum.
Як пісаў у 2019 годзе на Imago.by гродзенскі гісторык Мечыслаў Ян Супрон, гравюра пераклікаецца са знакамітай працай Тамаша Макоўскага 1600 года, але мае шэраг адрозненняў. Некаторыя элементы Старога замка і Фары Вітаўта ў Коппмайера паказаныя інакш, а месцамі нават дакладней. Таму гісторык лічыць яе самастойнай графічнай версіяй выгляду горада, а не простай копіяй.



