Паводле слоў адной з жыхарак Ліды, у горадзе збіраюцца спілаваць два дарослых дрэва, а на іх месцы хочуць пабудаваць новы будынак. Жанчына звярнулася да гараджан у Threads з просьбай дапамагчы захаваць дрэвы. Аказалася, што іх лёс быў вырашаны задоўга да зваротаў гараджан.

Такая чаромха — адзіная на ўсю Ліду

Верагодна, гаворка ідзе аб дрэвах па вул. Таўлая ў Лідзе. Аўтарка паста і каментатары называюць дрэва міндалем і сакурай. Падабенства дзякуючы ружовым кветкам сапраўды ёсць, але насамрэч гэта чаромха дробнапільчатая. Як расказваў майстар службы зялёнай гаспадаркі ЛГУП ЖКГ Сяргей Ярашэвіч, у горадзе такі від чаромхі расце толькі каля будынка Лідскага каледжа.

У сваім пасце гараджанка не напісала, аб будаўніцтве якога менавіта будынка ідзе гаворка. Тым не менш у сярэдзіне лістапада ў сацсетках з’явілася інфармацыя аб узвядзенні гандлёвага цэнтра на скрыжаванні вуліц Савецкай і Таўлая ў Лідзе. Будоўлю шматфункцыянальнага будынка з памяшканнямі пад арэнду плануюць пачаць “у бліжэйшы час”. Праект вядзе УП «Ходыш» – кампанія таксама ўзводзіла дамы паблізу Кургана Бессмяротнасці па вул. Мітрапаліта Філарэта.

Лідчане: “Не могуць пакінуць у спакоі кавалак травы з самымі прыгожымі дрэвамі”

Пост лідчанкі ўсхваляваў не толькі мясцовых жыхароў, але і беларусаў з іншых рэгіёнаў. Удзельнікі абмеркавання просяць не высякаць чаромху, прапануюць аб’яднацца для калектыўнага звароту ў выканкам і наракаюць, што з-за будоўляў горада краіны «лысеюць».

«Класіка жанру: спілаваць унікальную квітнеючую сакуру, уляпіць чарговую бетонную скрынку, а побач для справаздачы ўторкнуць дзве тухлыя напаўжывыя туі. Урбаністыка, якую мы заслужылі», – піша адна з каментатарак.

«Літаральна сёння абмяркоўвалі з мужам гэтыя дрэвы… Столькі памяшканняў у горадзе, новы гц, будынак каля мяты, а не могуць пакінуць у спакоі гэты маленькі кавалак травы з самымі прыгожымі дрэвамі ў горадзе», – дадае іншая карыстальніца.

«Гэта балючае жаданне высекчы любы намёк на зялёны фонд заразіла адміністрацыю ўсіх гарадоў Беларусі. Нават ідэй няма, што з гэтым рабіць і да чаго мы ўрэшце прыйдзем», – выказваецца беларус.

Адзін з удзельнікаў абмеркавання прапануе выкупіць дрэва ў гарадскіх уладаў, выкапаць яго і перасадзіць на новае месца.

У райвыканкаме запэўнівалі, што дрэвы не прападуць

У каментарыі таксама прыйшла жанчына, якая назвалася супрацоўніцай Лідскага райвыканкама. Яна папрасіла “не распаўсюджваць неправераныя чуткі і дачакацца афіцыйнага каментара ЖКГ”. Па словах каментатаркі, па папярэдніх дадзеных дрэвы не знікнуць – будаўнікі і камунальныя службы дамаўляюцца аб іх захаванні.

Удзельнікі абмеркавання паставіліся да напісанага з недаверам. Супрацоўніца Лідскага райвыканкама на прэтэнзіі не адказала.

Забудоўшчык: лёс дрэў была вырашаны задоўга да зваротаў

Праз некалькі гадзін пасля з’яўлення паста ў Threads забудоўшчык і камунальныя службы пракаментавалі сітуацыю. Па словах забудоўшчыка, лёсы шасці дрэў (дэкаратыўнай чаромхі, глогу і ясеня) былі вырашаны задоўга да зваротаў гараджан і мясцовых журналістаў.

Дрэвы выкапаюць і перасадзяць у межах рысы горада.

У каментарах лідчане цікавяцца дакладнымі каардынатамі перасадкі чаромхі і пішуць, што дрэва стала славутасцю горада.

“Дарослыя дрэвы пры перасадцы ўжо не прыжываюцца… Гэта раўнасільна выдраць і выкінуць… Як Чалавека які там нарадзіўся і вырас”, – піша адзін з удзельнікаў абмеркавання.

Чытайце таксама: У цэнтры Ліды зносяць адзін з найстарэйшых драўляных дамоў. Верагодна, на яго месцы з’явіцца прытулак для катоў