Журналіст і краязнаўца Руслан Кулевіч выкупіў з аўкцыёну фота гродзенскай футбольнай каманды WKS Grodno – здымак быў зроблены да пачатку Другой сусветнай вайны. Фатаграфія абышлася краязнаўцы ў 2000 злотых — набыць здымак удалося дзякуючы донатам беларусаў і палякаў.

На сваёй Facebook-старонцы Руслан Кулевіч напісаў, што ўжо забраў здымак. «Ён наш! Ён вярнуўся да гродзенцаў. І як сімвалічна акурат пад Дзень святога Губерта!» — добавил журналист.  

Кулевіч падзякаваў усім, хто дапамог набыць здымак. Журналіст анансаваў выхад відэа, прысвечанага здымку, а таксама знаёмства з нашчадкам аднаго з футбалістаў, які выступаў за WKS Grodno.

«Ну і, канешне, пачну рабіць першыя крокі да напісання кнігі пра вытокі гродзенскага футбола. У наступным годзе Гродна адзначыць сваё 900 годдзе. І, магчыма, гэтая кніга стане маім падарункам роднаму гораду», — дадаў краязнаўца. 

Як здымак аказаўся ў краязнаўцы?

У канцы кастрычніка на адным з польскіх анлайн-аўкцыёнаў Руслан Кулевіч выявіў гістарычны здымак футбольнай каманды WKS Grodno. Лот ацанілі ў 2000 злотых. Каб пакупка адбылася, Кулевіч звярнуўся да беларусаў з просьбай заданаціць любую суму. У выніку да акцыі далучыліся і палякі.

У пачатку лістапада здымак даставілі Кулевічу. Журналіст збірае архіўныя фота Гродна, каб зафіксаваць даваенную гісторыю горада.

Чаму здымак такі важны для гісторыі даваеннага Гродна?

На фатаграфіі адлюстраваны гродзенскія футбалісты, якія адыгралі матч у горадзе ў 1920-я гады. Спартсмены выступалі за клуб WKS Grodno — прадстаўлялі 76-ы лідскі пяхотны полк імя Людвіга Нарбута, а пасля і цэлы гарнізон.

Большасць гульцоў былі ваеннымі афіцэрамі, таксама ў склад уваходзіла некалькі студэнтаў і фізічных працоўных. Вялікі ўпор рабілі на развіццё і падрыхтоўку юніёраў.

З 1929 года клуб удзельнічаў у спаборніцтвах польскай раённай лігі Беластока класа А. У гэтых спаборніцтвах WKS Grodno перамог восем разоў.

Клуб спыніў сваё існаванне ў верасні 1939 гады, калі пачалася Другая сусветная вайна. 

Чытайце таксама: У Польшчы адраджаюць футбольны клуб WKS Grodno