Палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын з 22 кастрычніка па 2 лістапада сур’ёзна хварэў і трапіў у медчастку калоніі. Праз гэта ён прапусціў некалькі тэлефонных званкоў – не мог падняцца. Раней блізкія меркавалі, што ён яго пазбавілі званкоў у ШІЗА.

“Ён увесь гэты час (з 22.10 па 02.11) сур’ёзна хварэў, нават патрапіў у мэдчастку калёніі. Вірус настолькі моцна яго прыціснуў, што Дзяніс ня меў сілы нават падняцца з лязарэтнага ложка, ня тое, каб напісаць нам ліст ці падпісаць паштоўку. Пра паходы да тэлефонаў я наагул прамаўчу”, – напісала жонка Дзяніса Вольга Івашына.

2 лістапада Дзяніс вярнуўся ў атрад, але да 6-га меў вызваленне ад працы. Па словах Вольгі, яму ўсё яшчэ нядобра.

“Усё ж нядобра сёлета пачынаецца хваробна-вірусны сэзон у ПК-15 😢”, – заключае Вольга. 

Яна мяркуе, што справа ў аслабленым з-за адсутнасці вітамінаў імунітэце.

“Апошні раз мы перадавалі яму вітаміны, здаецца, яшчэ ў СІЗА гарадзенскае вязьніцы. Тыя вітаміны Дзяніс ашчадна выкарыстоўваў амаль увесь час турэмнага тэрміну. Але ж запас ня можа быць бясконцым, а новыя вітаміны, як і любыя іншыя лекі, палітвязьню перадаць у рэжымныя калёніі й турмы – амаль невыканальны квэст з асобных “колаў пекла”, – піша Вольга.


Журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 года. Спачатку яго абвінавачвалі па арт. 365 КК — «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», пазней — у «здрадзе дзяржаве» (арт. 356). Яго неаднаразова змяшчалі ў карцар. 14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд прысудзіў Івашыну 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму. Вярхоўны суд пакінуў прысуд без зменаў. Дзяніса прызналі палітзняволеным. Ён не стаў пісаць Лукашэнку ліст пра памілаванне.