Гродзенец на Дні незалежнасці, які адзначалі 3 ліпеня 2026 года, ударыў міліцыянта ў галаву. Цяпер гродзенцу вынеслі прысуд – яго адправілі ў калонію ўзмоцненага рэжыму на чатыры гады, а таксама спагналі тры тысячы рублёў у лік маральнай шкоды пацярпелага.
Прысуд мужчыну выносіў суд Ленінскага раёну. Следства ўстанавіла, што ў дзень свята 54-гадовы гродзенец быў выпіўшым – ён спрабаваў трапіць у зону, дзе ішлі мерапрыемствы. Гродзенец хацеў увайсці праз КПП, арганізаваны для выхаду гасцей.
Супрацоўнік міліцыі патлумачыў, што для ўваходу трэба прайсці ў зону надгляду. “У адказ мужчына стаў паводзіць сябе агрэсіўна і наўмысна ўдарыў праваахоўніка ў вобласць галавы”, — паведаміла старшы памочнік пракурора Гродна Юлія Шчэрбіна.
На судзе гродзенец сваю віну не прызнаў. Суд жа прызнаў яго вінаватым у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Мужчыну прысудзілі чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама спагналі тры тысячы руб. у рахунак маральнай шкоды, нанесенай міліцэйскаму.
Чаму гродзенец спрабаваў патрапіць у святочную зону?
Інцыдэнт адбыўся каля паўночы 3 ліпеня. У роліку УУС Гродзенскага аблвыканкама гродзенец агучыў іншую версію падзей. Паводле яго слоў, ён не хацеў ісці на свята – ішоў да жонкі і сына.
«Я накіроўваўся да сваёй жонкі з сынам. Злева знаходзіўся кантрольна-прапускны пункт, дзе праводзілі надгляд. Там стаялі міліцыянеры. Я туды не пайшоў, таму што мае родныя чакалі мяне з іншага боку. Наперадзе быў свабодны тратуар», — распавёў мужчына.
Паводле яго слоў, з правага боку да яго наблізіўся чалавек у сігнальнай камізэльцы, які папрасіў, каб гродзенец на КПП не захадзіў. Мужчына сказаў, што пайшоў на тратуар, дзе, паводле яго слоў, нікога не было. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што на канцэрт яму не трэба і ён туды не збіраўся.
«Потым гэты чалавек зноў з’явіўся. Я ўспрыняў яго як цывільнага супрацоўніка, а не міліцыянера», — заявіў затрыманы. Мужчына ў камізэльцы схапіў яго за руку і развярнуў, а затым ударыў у грудзі. Гродзенец не ўпэўнены, ударылі яго кулаком ці не. «Не магу зараз нешта сказаць, на відэа павінна быць гэта бачна. Пасля гэтага ў мяне была рэакцыя. Я махнуўся ў яго», — распавёў затрыманы мужчына.
На самім відэа разгледзець сітуацыю складана.
Чытайце таксама: Былы міліцыянт збіў памежніка – яго знайшлі і судзілі


