З’явіўся яшчэ адзін анлайн-пошук па базе вышуку МВД Расіі. Яго зрабіла незалежнае расійскае медыя SOTA. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла базу і знайшла там гродзенцаў – у тым ліку гэта людзі, якіх пераследуюць у Беларусі па палітычных матывах.
Праект SOTA па спрошчаным пошуку людзей у базе МУС – не першы. Расійская «Медиазона» выкачала базу вышуку МУС Расіі і зрабіла зручны пошук па ёй. У лютым 2024 беларуская «Медыязона» вылучыла з базы ўсіх грамадзян Беларусі.
Усяго ў расійскую базу МУС унесена 6934 чалавекі, якіх шукаюць у Беларусі. Большасць з іх шукаюць па крымінальных артыкулах, але ў спісе таксама ёсць зніклыя без вестак. Некаторых шукае не асобнае абласное УУС ці МУС, а КДБ Беларусі.
Па крымінальным артыкуле КДБ шукае ўраджэнцаў Гродзенскай вобласці:
- Андрэя Пупкевіча,
- Трафімік Ірыну,
- Плітнік Лізавету,
- Боцвіна Станіслава.
Каго шукае Гродзенскае УУС?
У спісе ёсць гродзенскія журналісты. Згодна з інфармацыяй, указанай у базе МУС Расіі, Андрэя Мялешка, Руслана Кулевіча і Уладзіміра Хільмановіча па крымінальным артыкуле шукае УУС Гродзенскай вобласці. Нумар артыкула не пазначаны.
Ёсць у спісах і кіраўнік фонду Okno na Wschód Павел Міцкевіч. Павел даўно не жыве ў Беларусі, але ў ліпені 2026 Гродзенскі абласны суд вынес яму завочны прысуд у рамках спецвытворчасці. Паўла прызналі вінаватым па двух артыкулах КК: арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 361-4 (паўторнае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Таксама ў базе ёсць муж і жонка Вольга і Сяргей Верамеенкі — актывісты, прадпрымальнікі і былыя ўладальнікі сувенірнай крамы “Адметнасць”.
Чытайце таксама: Гродзенцы распавялі, як адрэагавалі, знайшоўшы сябе ў базе МУС Расіі



