39-гадовага жыхара Ашмян затрымалі пасля публікацыі ў TikTok відэа, дзе ён выказвае прэтэнзію супрацоўнікам ДАІ. Як паведамляе неафіцыйны Telegram-канал МУС, у яго ў сацсетках выявілі экстрэмізм. Пасля затрымання мужчыну змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
Што было на відэа
На апублікаваным Telegram-каналам відэа відаць, што аўтамабіль ДАІ прыпаркаваны каля вясковай дарогі. Побач стаяць супрацоўнікі, мужчына адыходзіць і кажа, што мог бы падаць на іх у суд.
Што паведамілі сілавікі
Мужчына нібыта «ў грубай форме» выказваў прэтэнзіі супрацоўнікам ДАІ і спрабаваў растлумачыць ім, як трэба несці службу.
В апублікаваным пасля затрымання відэа мужчына на камеру кажа, што «праз сваю расхлябанасць і недальнабачнасць» размясціў ролік у TikTok.
Сілавікі адзначаюць, што ў мужчыны знайшліся парушэнні правілаў дарожнага руху: жыхар Ашмян не прапускаў пешаходаў, вазіў дзяцей без аўтакрэслаў і ўчыніў ДТЗ, будучы п’яным.
Таксама Telegram-канал сцвярджае, што супрацоўнікі выявілі ў мужчыны падпіскі на «экстрэмісцкія матэрыялы». Па якім артыкуле мужчына затрыманы, не паведамляюць.
Пасля пратэстаў 2020 года беларускія сілавыя структуры часта публікавалі так званыя «пакаянныя відэа» з затрыманымі. На такіх запісах людзі прызнаюць сваю «віну» або прыносяць прабачэнні на камеру. Праваабаронцы неаднаразова крытыкавалі гэтую практыку, указваючы, што падобныя запісы могуць быць зроблены пад ціскам і парушаюць правы чалавека.
У 2026 годзе Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадставіў першае даследаванне, прысвечанае «пакаянным відэа». Аўтары даклада разглядаюць іх як адну з формаў псіхалагічнага гвалту і лічаць, што гэтая практыка патрабуе міжнароднай прававой ацэнкі.



