З уладальнікамі кафэ «Ройал» у Альшанцы датэрмінова разарвалі дамову арэнды, саму ўстанову рыхтуюць да закрыцця — збіраюцца вывозіць мэблю і дэмантаваць тэхніку. Чыноўнікі патлумачылі, што стала прычынай такога рэзкага спынення дзейнасці кафэ.
Доўг за арэнду каля 13 тыс. руб.
Дагавор з уладальнікамі кафэ — Сахрабам і Наталляй Гасанавымі, — датэрмінова скасавалі арэндадаўцы. Сярод іх была кампанія ТАА «Сарент»і, паводле слоў яе дырэктара Алены Стаднік, “умовы дагавора неаднаразова парушаліся, у прыватнасці, гэта неаплата з папярэджаннямі”.
Як патлумачыла Алена Стаднік “Гродна Плюс”, запазычанасць доўжыцца “каля 8 месяцаў”, сума доўгу дасягнула каля 13 тыс. руб.
Прадавалі алкаголь без ліцэнзіі
З прыватным прадпрыемствам «Арендариум» кафэ «Ройал» таксама падпісвала дамову, якая прадугледжвала, што ва ўстанове будуць прадаваць алкаголь.
«Дагавор арэнды <…> быў спынены 6 красавіка 2025. На працягу 2025 і 2026 года мы сталі зноў атрымліваць інфармацыю ад кантралюючых органаў, што рэалізуюцца алкагольныя напоі, не выконваецца рэжым, таму што для арганізацыі рэжыму працы ў начны час трэба атрымаць адпаведнае ўзгадненне», – сказала юрыст-кансультант «Арендариум» Вольга Мядзведзева.
У кафэ прыязджала міліцыя – наведвальнікі не маглі знайсці свае рэчы
Па словах начальніка аддзела міліцыі Кастрычніцкага РУУС Гродна, у «Ройал» цягам года каля сямі разоў выязджаў нарад міліцыі, у тым ліку калі людзі пасля закрыцця гэтай установы не маглі знайсці свае рэчы.
Таксама уладальнікаў «Ройал» прасілі абсталяваць гардэроб – яны гэтага не зрабілі.
Што кажуць уладальнікі?
Першымі аб датэрміновым скасаванні кантракту арэнды і закрыцці кафэ паведамілі самі ўладальнікі ў сваіх сацсетках. Сахраб і Наталля Гасанавы скардзіліся, што іх “пазбавілі магчымасці працаваць”, а таксама падкрэслівалі, што на іх ціснуць і пужаюць праверкамі.
У афіцыйным каментарыі для дзяржмедыя ўладальнікі дадалі, што былі скаргі на гучную вентыляцыю. Санстанцыя прыйшла ў кафэ 9 ліпеня. Па словах уладальнікаў ужо 10 ліпеня яны выклікалі майстра і падалі дакументы ў санстанцыю.
Сахраб Гасанаў таксама дадаў, што прадаваў алкаголь на працягу двух гадоў і пры гэтым плаціў за ліцэнзію.
Што будзе з установай?
Дзяржмедыя пішуць, што сітуацыя з «Ройал» “засталася неадназначнай”. Аб’ява аб продажы кафэ з’явілася ў інтэрнэце ўжо ў канцы ліпеня 2026.
Самі ж уладальнікі ў сацсетках пісалі, што адкрыюць новае кафэ. Сахраб Гасанаў дадаваў, што, відаць, Альшанцы не патрэбна добрая ўстанова, дзе можна прыемна правесці час.
Чытайце таксама: У Альшанцы зачынілася кафэ Royal: уладальнікі заяўляюць пра ціск і патрабуюць праверак



