Крэатыўная дырэктарка і сузаснавальніца гродзенскай кампаніі «Макей» Ларыса Макей сыходзіць з сямейнага бізнесу. Цяпер яна мае намер цалкам засяродзіцца на развіцці ўласнага брэнда L’epatage, які стварае разам з дачкой Дар’яй.

Як ствараўся «Макей»

Гісторыя гродзенскага брэнда скургалантарэі «Макей» пачалася ў 1990 годзе з невялікай сямейнай майстэрні. Паводле слоў уласніка кампаніі Віталя Макея, усё пачалося з скуранога блокнота, які сужэнцы зрабілі ў падарунак сябрам.

«Праз нейкі час сустракаю іх, а яны кажуць: “Так прыгожа, што ваш падарунак дагэтуль упрыгожвае наш стол”. І тады я падумаў — можна аднавіць народныя промыслы і паспрабаваць вярнуць старыя традыцыі. Нічога новага мы не прыдумалі — проста вярнуліся да старых вытокаў», — узгадваў Віталь Макей.

Паклапаціцца пра вытворчасць напачатку дапамагалі толькі сваякі: маці Віталя займалася раскроем скуры, Ларыса адказвала за дызайн, а брат дапамагаў з вытворчасцю.

За тры дзесяцігоддзі сямейная справа вырасла ў буйную кампанію з больш чым 300 супрацоўнікамі. Сёння прадукцыя «Макей» прадаецца ў Беларусі, Расіі, Літве, Польшчы, Чэхіі, Вялікабрытаніі і іншых краінах. З 2008 года кампанія з’яўляецца рэзідэнтам СЭЗ.

Кампанія выпускае скураную галантарэю і дзелавыя аксэсуары, прадметы інтэр’еру і аўтарскія сувеніры. Ларыса Макей з моманту заснавання кампаніі адказвала за распрацоўку дызайну і ўсёй лінейкі аксэсуараў.

Лариса Макей
Ларыса Макей. Фота: скрын з відэа / instagram.com/lepatage.brand

Уласны брэнд L’epatage

Брэнд L’epatage Ларыса Макей стварыла разам з дачкой Дар’яй, якая таксама далучылася да сямейнай справы. Новы праект задумваўся як больш смелы і канцэптуальны кірунак, які адрозніваецца ад класічнага стылю «Макей».

У аснове калекцый L’epatage — жаночыя скураныя карсэты, баскі і акцэнтныя аксэсуары.

Цяпер, як паведамляецца ў сацыяльных сетках гэтага брэнда, Ларыса Макей цалкам засяродзіцца на творчай працы ў L’epatage і далейшым пашырэнні яго калекцый. Паводле слоў каманды праекта, гэта дазволіць развіваць новы кірунак без абмежаванняў, звязаных з эстэтыкай класічнага брэнда.