Гараджане скардзяцца на пробкі, якія ўтвараюцца ў гадзіны-пік на кальцы Таўлая-Брыкеля. Паводле слоў аднаго з гродзенцаў, да ўстаноўкі святлафораў сітуацыя была нашмат лепш. Мужчына праз Threads звярнуўся да Юрыя Караева – папрасіў выправіць сітуацыю.
«Без святлафораў было ўсё нашмат лепш, зрабілі гэтымі святлафорамі коркі. Парада альбо зрабіць працу як на кальцы славянскага [верагодна, абдрукоўка, аўтар меў на ўвазе кальцо па вул. Славінскага – заўв. Hrodna.life], альбо ўвогуле іх прыбраць», — звярнуўся да Караева гродзенец.
У каментарах пад пастом меркаванні жыхароў Гродна падзяліліся. Адны падтрымалі просьбу – пішуць, што святлафорамі “зрабілі лютую дзіч”, таму што зараз у корках даводзіцца стаяць па 15-20 хвілін. Іншыя ўдзельнікі абмеркавання папрасілі аўтара не хлусіць, адзначыўшы, што дарожная абстаноўка на кальцы палепшылася.
«Калі толькі ўсталявалі святлафоры – было вельмі добра. Потым, верагодна, унеслі змены ў працу святлафораў і ўсё вярнулася як было да рамонту», – піша адзін з карыстальнікаў.
«Сёння каб з уніка, які на Ажэшкі, патрапіць на Дзевятоўку, прыйшлося паднімацца на Магістральную і ехаць на аб’язную. Так, корка была ўжо на рэгуляваным скрыжаванні чыгуначнага вакзала, а на Магістральнай ужо на мосце стаялі. Зрабілі во», – распавядае гараджанін.
“Падтрымліваю. Дадому з цэнтра дабіраюся па 40 хвілін, а раней было 15. Ад Каханоўскага да кальца ўсё стаіць”, – падзялілася яшчэ адна ўдзельніца абмеркавання.
«Назіраючы за гэтым усім трафікам і ростам насельніцтва мікрараёнаў прыходжу да высновы, што сітуацыю выправіць толькі шматузроўневая развязка замест кольца. Або абсалютна новыя вуліцы-дублеры. Кальцо як ні рабі падобна больш не прапусціць транспарта (толькі калі яго не павялічыць у памерах). А гэта яшчэ ўявіце, што Грандзічы не да канца заселеныя…», — піша гродзенка.
Устаноўку святлафораў на кальцы Таўлая-Брыкеля пачалі у красавіку 2026. Новыя святлафоры працуюць па прынцыпе адаптыўнага пешаходнага рэгулявання – святло для пешаходаў уключаецца па выкліку кнопкай.
Чытайце таксама: У Гродне адну з дарожных развязак ператвораць у «турбакольца»


