Кандытарская «Ягода» на вул. Маладзёжная, 1 пачала продаж трэндавых дэсертаў — моці-чызкейкаў. Гродзенцы звярнулі ўвагу на новую страву — у сацсетках разгарэліся спрэчкі з-за смаку і кошту моці-чызкейка.
Моці-чызкейк — новы кандытарскі трэнд, які нядаўна пачаў набіраць папулярнасць. У аснове стравы — мяккая тварогавая маса, абгорнутая рысавым цестам, якое цягнецца. Ад класічных моці страва адрозніваецца формай і начыннем.
У Гродне пакаштаваць моці-чызкейк можна ў кандытарскай «Ягода». Установа ўжо анансавала два смакі: клубнічны і шакалад-парэчка. Паведамляецца, што новыя смакі таксама будуць. Адзін кавалак чызкейка ў рысавым цесце каштуе 19 руб.


У Threads гараджане пішуць, што кошт дэсерту “шалёны”. Іншыя называюць страву “хімозным тортам” і цікавяцца, чаму моці-чызкейк не каштуе адразу 50 руб.
«Быццам і хочацца пакаштаваць, але з-за таго, што неакуратна злеплены, неяк брыдка», — выказваецца яшчэ адна ўдзельніца абмеркавання.
Пазітыўныя водгукі аб дэсерце таксама ёсць – адзначаюць, што страва выглядае вельмі прыгожа.
Трэнд прыйшоў і ў іншыя гарады Беларусі. Кошт моці-чызкейкаў у мінскіх установах сярэдняга коштавага сегмента вар’іруецца ад 16 да 18 руб. Некаторыя кандытарскія гатовыя рабіць моці-чызкейкі толькі пры замове ад дзвюх штук.
Чытайце таксама: Гродзенская навуковая бібліятэка запрашае на фотасесіі сярод кніжных паліц



