Дзіцячы забаўляльны цэнтр Banana City працягне працаваць у гродзенскім ГЦ OldCity. Раней яго збіраліся закрыць 18 кастрычніка, але ўладальнікі дамовіліся з гандлёвым цэнтрам. Навіна пра закрыццё выклікала незадаволенасць бацькоў: яны прапаноўвалі сабраць подпісы і публікавалі калектыўныя просьбы захаваць гульнявую.

«Мы не закрываемся, а становімся яшчэ лепшымі і большымі! Banana City працягвае працаваць!» — гаворыцца у Instagram цэнтра.

Уладальнікі падзякавалі наведвальнікам за падтрымку, а камандзе OldCity — за знойдзенае рашэнне і працяг супрацоўніцтва.

«Часцінка майго дзяцінства не сыходзіць»

Публікацыя набрала каля 1240 лайкаў і больш за 120 каментарыяў. Наведвальнікі радуюцца, што гульнявая застанецца, згадваюць дзяцінства і сямейныя святы.

«Ура! Часцінка майго дзяцінства не сыходзіць! Нездарма мы прасілі вас пакінуць! Вельмі рады за вас», — напісала адна з карыстальніц.

«Як жа гэта цудоўна. Я ўжо страшэнна засмуцілася, мы ў вас штогод адзначаем дзень нараджэння», — падзялілася іншая наведвальніца.

У каментарыях таксама пішуць: «Ура! Вось гэта цудоўная навіна! Дзіця шчаслівае» і «Урааа, легенда дзяцінства застаецца».

Бацькі прасілі захаваць гульнявую

У верасні ўладальнікі Banana City паведамілі, што цэнтр спыніць працу. Тады яны тлумачылі, што рашэнне пра закрыццё прынялі не самі, а паўплываць на абставіны не могуць. Пераезд на іншую пляцоўку не планаваўся.

Развітальны пост тады сабраў больш за 300 каментарыяў. Наведвальнікі расказвалі, што вадзілі сюды дзяцей, а потым і ўнукаў, прыязджалі з іншых гарадоў і адзначалі дні нараджэння.

Гродзенцы абмяркоўвалі, чаму гульнявая сыходзіць з OldCity. Адзін з карыстальнікаў напісаў, што звярнуўся ў гандлёвы цэнтр, і падзяліўся атрыманым, паводле яго слоў, адказам.

Там гаварылася, што рашэнне звязана ў тым ліку з нізкай наведвальнасцю Banana City: дзяцей прыходзіла недастаткова, а росту колькасці наведвальнікаў не назіралася. Гэта паўплывала на даходнасць бізнесу.

Таксама бацькі прапаноўвалі сабраць подпісы і звярнуцца да адміністрацыі OldCity. У Threads з’явілася калектыўная просьба захаваць гульнявую. Ці паўплывалі гэтыя звароты на выніковыя дамоўленасці, уладальнікі не ўдакладнілі.