Археолагі выявілі кузню X–XI стагоддзяў падчас раскопак Гальшанскага археалагічнага комплексу ў Ашмянскім раёне. Унутры знайшлі сляды кавальскай вытворчасці, нажы, ключы, элементы даспехаў і іншыя прадметы. Даследаванне комплексу працягваецца ўжо каля 20 гадоў.

Пра адкрыццё расказаў навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Павел Кенько, перадае БЕЛТА.

У кузні знайшлі нажы, ключы і дэталі даспехаў

Гальшанскі археалагічны комплекс спецыялісты вывучаюць каля дзвюх дзесяцігоддзяў. І ў гэтым сезоне археолагаў чакалі новыя знаходкі.

«Знойдзены магутны і надзейны фундамент, складзены з камянёў. Унутры памяшкання выяўлены прадметы, якія сведчаць пра кавальскую справу, — адходы вытворчасці, дэфектныя вырабы і прадметы са слядамі пачынкі», — расказаў Павел Кенько.

Сярод знаходак — некалькі нажоў, ключы, ледаходныя шыпы і элементы даспехаў. Былі ў памяшканні і рэчы, які напрамую з кавальскай справай не звязаны: пацеркі, жаночыя падвескі і посуд, у тым ліку з клеймамі.

Паводле слоў археолага, працы ў гэтым годзе праходзілі і на іншых помніках Ашмяншчыны. Зарэгiстравана, што спецыялісты даследавалі вайсковы магільны комплекс ХІV стагоддзя, які быў выяўлены некалькі гадоў таму. Цяпер там знайшлі крэміраваныя астанкі воінаў разам з іх асабістымі рэчамі і дэталямі узбраення ды даспехаў — фрагментамі кальчугі і пласціністых даспехаў.

«Разам з спаленымі астанкамі воінаў зафіксаваны прыкметы пахавання баявых каней, а таксама сабак і, магчыма, птушак — гэта яшчэ трэба будзе высветліць», — адзначыў Павел Кенько.

Гальшаны працягваюць здзіўляць археолагаў

Павел Кенько займаецца даследаваннем Гальшанскага селішча з 2007 года. Сам археалагічны комплекс уключае помнікі розных перыядаў — ад старажытных паселішчаў да аб’ектаў, звязаных з падзеямі XIX стагоддзя.

Напрыклад, у 2015 годзе археолагі знайшлі вялікую колькасць падлогавай пліткі XII–XIII стагоддзяў, фрагмент візантыйскай амфары, бронзавы бранзалет, двухшыпавыя наканечнікі XII стагоддзя ў слоі пажару, Трохлопаставы наканечнік гунскай стралы, падвеску-медальён з выявай быка і срэбраную рымскую манету з выявай імператара Траяна, датаваную 116 годам нашай эры. Тут таксама выяўлены чысленыя вырабы з косці і рога ды вялікая колькасць касцей жывёл.

Падчас раскопак у 2025 годзе гальшанскага селішча археолагі выявілі артэфакты узростам да 1800 гадоў. Яны сведчаць пра тое, што людзі жылі ў раёне цяперашніх Гальшан задоўга да першага пісьмовага ўпамінання паселішча ў 1280 годзе.

Тут знаходзілі сляды стаянак каменнага веку, прадметы эпохі неаліту, крыжы і абярэгі XI стагоддзя, а таксама наканечнікі стрэл, звязаныя з гунамі.

раскопки Гольшаны
Раскопкі ў Гальшанах у 2025 годзе. Фота: скрын з відэа

Раскопкі праводзяцца і ў наволіцах Гальшан

У 2019 годзе непадалёк ад вёскі Шчапанавічы археолагі знайшлі язычніцкае пахаванне X стагоддзя з упрыгожаннямі — бранзалетамі, грыўнямі і фібуламі. Гэтыя знаходкі сталі яшчэ адным сведчаннем таго, што рэгіён меў важнае значэнне ў перыяд паходаў кіеўскіх князёў.

У музеі ўжо паказвалі сотні знаходак з Гальшан

У лютым 2026 года ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф. К. Багушэвіча адкрылася выстава «У пошуках страчанага часу». На ёй сабралі амаль 600 прадметаў, знойдзеных падчас раскопак Гальшанскага археалагічнага комплексу.

Сярод экспанатаў можна ўбачыць мангольскія стрэлы, фрагменты візантыйскіх амфар, шкляныя бранзалеты, поясныя накладкі X–XI стагоддзяў, а таксама гузікі ад формы французскіх салдат часоў вайны 1812 года.