Дачніца з Гродзенскага раёна паскардзілася на суседскую яблыню, галіны якой звісаюць над яе ўчасткам. Паводле жанчыны, дрэва вырасла прыкладна з двухпавярховы дом, а яблыкі, якія падаюць з яго, даводзіцца вывозіць тачкамі. Суседзі адмовіліся абрэзаць галіны, а зварот да старшыні садовага таварыства не дапамог. Гродзенская раёнка «Перспектива» разабралася, што можна зрабіць у такой сітуацыі.
Дзве тачкі яблыкаў з суседскага дрэва
У Святланы дачны ўчастак у садовым таварыстве на тэрыторыі Капцёўскага сельсавета. Амаль каля самага плота на суседнім участку расце вялікая яблыня. Паводле жанчыны, яе галіны звісаюць над яе тэрыторыяй.
Яблыкі падаюць на ўчастак Святланы і пачынаюць гніць. Жанчына расказала, што ўжо вывезла дзве тачкі пладоў і неўзабаве ёй давядзецца зноў іх прыбіраць.
Побач з плотам у суседзяў расце і высокі ядловец, які зацяняе яе ўчастак. Аднак больш за ўсё пытанняў у дачніцы ўзнікла менавіта да яблыні. Яна папрасіла суседзяў абрэзаць галіны, якія навісаюць над яе ўчасткам, але тыя адмовіліся і, паводле жанчыны, не ідуць на кантакт.
Тады Святлана звярнулася да старшыні садовага таварыства і паказала праблемнае дрэва. Яна таксама звярнула ўвагу на адну з галін, якая, паводле яе слоў, навісае над электраправадамі на суседнім участку. Аднак рэакцыі на зварот жанчына не атрымала.
На суседскія дрэвы скардзяцца амаль кожны дзень
Праблема аказалася распаўсюджанай. Кіраўніца спраў Капцёўскага сельсавета Ганна Мычко расказала, што практычна штодня туды звяртаюцца людзі з-за суседскіх дрэў — скардзяцца на галіны, якія звісаюць праз плот, і лісце з чужых участкаў.
Аднак сельвыканкам можа займацца такімі пытаннямі толькі ў населеных пунктах на тэрыторыі сельсавета. Калі канфлікт узнік у садовым таварыстве, звяртацца трэба да яго старшыні.
Самому спілоўваць суседскія галіны нельга
Самастойна абразаць галіны дрэва, якое належыць суседу, нават калі яны апынуліся над вашым участкам, нельга, паведаміў старшы ўчастковы інспектар АУС Гродзенскага райвыканкама Віктар Сергіт.
Такія дзеянні могуць расцаніць як наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці паводле арт. 11.3 КаАП Беларусі. За гэта прадугледжаны штраф да 30 базавых велічынь. Акрамя таго, уладальнік дрэва можа звярнуцца ў суд і запатрабаваць кампенсаваць нанесеную шкоду.
Збіраць плады з суседскіх яблынь, сліў або вішань таксама нельга, нават калі галіны дрэў звісаюць над вашым участкам.
Што рабіць, калі дамовіцца з суседам не атрымалася
Дрэвы, якія растуць у межах зямельнага ўчастка, з’яўляюцца ўласнасцю яго ўладальніка. Таму мясцовыя выканаўчыя органы не могуць проста абавязаць гаспадара выдаліць або перасадзіць дрэва.
Для дачных участкаў першым крокам павінен стаць зварот да старшыні садовага таварыства. Калі вырашыць спрэчку такім чынам не атрымліваецца, можна звярнуцца ў суд.



