Больш за 3600 тон грунту дададуць у былыя крэйдавыя кар’еры Сінька і Зялёнка ў Гродне. Іх вырашана было засыпаць і рэкультываваць з 2009 года.
Грунт застаецца ад работ на ААТ “Гродна Азот” (там ідзе мадэрнізацыя аванкамеры аддзялення нітры-дэнітрыфікацыі цэха ачысткі прамысловых сцёкавых вод). На перавозку грунту самазваламі арыентыровачна плануюць вытраціть 17 176 рублёў.
Рэкультывацыя кар’ера
Затопленыя кар’еры з народнымі назвамі Сінька і Зялёнка засталіся пасля здабычы там мелу для Гродзенскага камбіната будаўнічых матэрыялаў. З-за мелу вада набыла незвычайны яркі колер і прыцягвала гараджан і турыстаў. Іх глыбіня дасягала 40 м, а прасякнутыя вадой берагі апоўзалі. У кар’ерах купаліся, хоць у апошнія гады гэта было забаронена.
Рашэнне Гродзенскага гарвыканкама ад 30 красавіка 2009 года № 269 «Аб паўторным выкарыстанні адходаў будаўніцтва» дазваляла рэкультываваць крэйдавыя кар’еры. Але працы не праводзілі. Стымулам стаў няшчасны выпадак – у 2014 годзе на кар’ерах патанула дзяўчынка, у 2017— падлетак. Высветлілася, што са сканчэннем распрацоўкі кар’еры не рэкультывавалі па правілах прамысловай бяспекі. Подступы да вады павінны былі зрабіць бяспечнымі, а дно — роўным. Толькі тады іх можна было перадаваць на баланс выканкама. У Гродне ж берагі “зрабілі” спадзістымі толькі па дакументах.
Чытайце таксама: Гродзенскія кар’еры Сінька і Зялёнка працягваюць засыпаць: глядзіце, як яны змяніліся за 10 гадоў
На Зялёнку сталі больш актыўна звозіць грунт з будаўнічых пляцовак. Звозілі і смецце, пакуль не ўмяшаўся Камітэт дзяржкантролю.



