Археолагі спыняюць раскопкі на знойдзеных могілках на Малой Траецкай – з’язджаюць у Мінск на канферэнцыю. Ёсць верагоднасць, што ў Гродна яны вернуцца 21 красавіка і прадоўжаць працу. Пра гэта ў сваіх сторыс распавёў тэматычны Instagram-акаўнт vid_grodno.

Аўтары акаўнта таксама адзначылі, што ўзрост знойдзеных шкілетаў – 500 гадоў.

Як у цэнтры Гродна выпадкова знайшлі старажытныя могілкі?

У красавіку падчас будаўніцтва гандлёва-адміністрацыйнага цэнтра на вуліцы Малой Траецкай, рабочыя знайші астанкі больш як 20 чалавек. Верагодна, яны натрапілі на невядомыя раней могілкі XVI-XVII стагоддзяў. На месца прыехалі археолагі, будоўлю прыпынілі.

Спецыялісты выявілі і дасталі ўжо 22 пахаванні. Сярод пахаваных знайшлі жанчын, мужчын і дзяцей розных узростаў.

Што яшчэ знайшлі спецыялісты

Пазней стала вядома, што ў трох пахаваннях знайшлі прадметы, сярод якіх гандлёвы жэтон 1585–1636 гадоў, два шкляныя медальёны і пярсцёнак. Гэта намякае на дату ўзнікнення могілак.

Сярод знаходак ёсць і прадмет асабістай гігіены — інструмент для чысткі вушэй — капавушка. Часцей такія рэчы выраблялі з бронзы ці іншых каляровых металаў, аднак знойдзены экзэмпляр зроблены з косці і аздоблены дэкаратыўнай разьбой.

Падчас раскопак знайшлі і прадметы пазнейшага часу. Напрыклад, фрагменты фарфору канца XIX — пачатку XX стагоддзя з кляймом вядомай фабрыкі Кузняцова, а таксама фарфор, які пастаўляўся ў рэгіён з краін Заходняй Еўропы. Акрамя таго, археолагі знайшлі кафлю — дэкаратыўны элемент печаў ці камінаў, які, па іх меркаваннях, адносіцца да XVII стагоддзя.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы