Гістарычны будынак кляштара сясцёр-назарэтанак у Навагрудку цалкам разабралі. На яго месцы ўжо распачалося будаўніцтва новага кляштарнага будынка. Пра гэта сведчыць відэа, апублікаванае манахінямі. У роліку яны таксама звяртаюцца да вернікаў з просьбай дапамагчы сабраць сродкі на будаўніцтва.

«Нашага кляштара ў Навагрудку ўжо няма, не засталося і фундаментаў», — гаворыцца ў відэа, якое заўважыў сайт katolik.life.

Афіцыйнай інфармацыі пра прычыны поўнага дэмантажу будынка няма. Мяркуючы па фрагментах праекта, новы будынак будзе трохпавярховым і большым за ранейшы.

Што было са старым кляштарам

Пра рэканструкцыю драўлянага кляштара назарэтанак на вуліцы 1 Мая стало вядома ў красавіку гэтага года. Будынак пабудавалі ў 1933 годзе. Ён знаходзіўся ў цэнтры Навагрудка, непадалёк ад Фарнага касцёла.

Да сярэдзіны красавіка на аб’екце ўжо дэмантавалі арыгінальную абыліцоўку, вокны і дзверы, разбіралі дах. Цагляную прыбудову цалкам знеслі. Пры гэтым, паводле інфармацыі Telegram-канала «Спадчына», на месцы адсутнічаў пашпарт аб’екта. Будынак не меў статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таму фармальна ўласнік мог праводзіць з нім будаўнічыя працы без абмежаванняў.

Хоць знесены будынак не быў помнікам архітэктуры, ён меў для Навагрудка духоўнае і гістарычнае значэнне.

«Нашага кляштара ў Навагрудку ўжо няма». Гістарычны кляштар назарэтанак у Навагрудку цалкам разабралі — на яго месцы пабудуюць новы
Так будынак будзе выглядаць. Фота: скрын з відэа, instagram.com/nazaretanki_belarus

Гістарычнае і духоўнае значэнне будынка

Драўляны будынак мае асаблівае значэнне для горада і звязаны з падзеямі Другой сусветнай вайны. Тут жылі 11 сясцёр-назарэтанак на чале з Марыяй Стэлай (Адэляй Мардасевіч). У жніўні 1943 года яны дабравольна прапанавалі свае жыцці ў абмен на вызваленне каля 120 арыштаваных жыхароў Навагрудка і мясцовага святара.

Пасля гэтага сясцёр вывезлі ў лес і расстралялі. Усе людзі, за якіх яны заступіліся, перажылі вайну. У 2000 годзе Ян Павел II залічыў навагрудскіх назарэтанак да лику блаславёных мучаніц.

Вядома, што адна з сясцёр — Малгажата Банась — не была пакараная смерцю. Пасля вызвалення Беларусі яна разам з манахінямі з Вільнюса дамаглася эксгумацыі целаў забітых навагрудскіх сясцёр. Іх целы перапахавалі 19 сакавіка 1945 года побач з Фарным касцёлам, абрад праводзіў той самы выратаваны ксёндз Зянкевіч.

Пасля ад’езду святара ў Польшчу сястра Малгажата засталася ў Навагрудку адна. Яна аж да сваёй смерці ў 1966 годзе даглядала касцёл і магілу. Каб не дапусціць яго зачынення, яна арганізоўвала па нядзелях і святах набажэнствы без святара.