Беларус Арцём распавёў у Threads, што за шэсць гадоў наведаў усе гарады Беларусі. Яго пост набраў больш за 160 тысяч праглядаў і тысячы каментарыяў, на якія ён адказваў карыстальнікам. Людзі пыталіся пра любімыя месцы, і аўтар адзначыў, што больш за ўсё яму падабаюцца Лунінец і Лунінецкі раён, бо ён адтуль родам, а таксама — «па-за канкурэнцыяй Гродна».
«Задайце вашы пытанні. Патраціў на гэта 6 гадоў. Усе 115 гарадоў, 118 раёнаў, а таксама сотні вёсак і пасёлкаў. У суме каля паўтысячы населеных пунктаў», — напісаў Арцём. Акрамя Беларусі ён таксама наведаў яшчэ 10 краін.
Як падарожнічаў па Беларусі
Падарожжы Арцём пачынаў з прыгарадных цягнікоў — дызеляў і электрычак.
«Гэта было танна, весела і ўвогуле люблю чыгунку. Пазней сталі карыстацца пасажырскімі цягнікамі. Калі скончыліся гарады, дзе ёсць чыгунка — у ход пайшлі аўтобусы. Планаваць лагістыку станавілася ўсё складаней. Але да таго часу ў сябра з’явілася машына, і ўсе прагалы закрылі паездкамі на аўтамабілі. На веласіпедзе ездзіў па сваім і суседніх раёнах», — распавёў ён.
Колькі часу і грошай пайшло
Паводле слоў Арцёма, працягласць паездак залежала ад лагістыкі: «Ну кожны раз па-рознаму. Шмат што залежала ад лагістыкі і раскладу БЧ. Абласныя, вядома, не адзін дзень, ну і там я ўвогуле бываў па 5–6 разоў у кожным. У большасці гарадоў дастаткова паўдня».
Выдаткі ён не падлічваў: «Але па факце кожная паездка абыходзілася ў капейкі. Прыгарадныя цягнікі каштуюць няшмат і цяпер, а ў 2010-ых тым больш. Хатняя ежа, тэрмас… ды і ўсё ў прынцыпе».
Таксама ён распавёў, што першы час рабіў нататкі пра кожнае месца. Вёў блог, дзе падрабязна апісваў кожную паездку, цікавыя месцы і спосабы даехаць. «Пазней гэтыя нарысы ператварыліся ў занадта аднатыпныя з-за колькасці месцаў і я перастаў гэтым займацца».
Любімыя месцы: Гродна — па-за канкурэнцыяй
Адным з самых любімых гарадоў падарожнік назваў Гродна. Ён адзначыў атмасферу, архітэктуру і асабістыя ўспаміны: «Да таго ж толькі ў гэтым горадзе я праводзіў час з лепшымі людзьмі ў маім жыцці».
Сярод рэгіёнаў ён таксама вылучыў Гродзенскую вобласць і часткі Віцебскай вобласці, асабліва каля мяжы з Літвой. А любімыя — Лунінец і Лунінецкі раён, «таму што Радзіма!».
Пра іншыя гарады і падарожжы
Карыстальнікі пыталіся ў Арцёма і пра канкрэтныя месцы. Напрыклад, пра Іўе: «Шыкоўны. Асабліва касцёл, на які адкрываецца прыгожы від з дарогі. Не прыпомню больш горада ў Беларусі з перасячэннем 4 рэлігій».
Таксама яго пыталіся пра Ліду і выкарыстанне гідаў: «Не, ніколі і ніякіх гідаў не наймалі. Мэта заключалася ў саміх паездках і жаданні паглядзець горад вачыма простага турыста. Маршрут выбіраўся з папулярных рэсурсаў. Асноўныя славутасці — з пуцяводнікаў. У Лідзе бываў часта, у тым ліку на Lidbeer».
Адказваючы на пытанне аб адрозненнях паміж рэгіёнамі, ён адзначыў: «Безумоўна! І гэта вельмі ярка выяўлена».




