Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Што не так з дызайнам інтэр'ераў гродзенскіх кафэ і рэстаранаў

Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў мяснога рэстарана «Момо», які адкрыецца ў Гродне ў лістападзе. Hrodna.life спытаў у дызайнера інтэр'ераў Маі Шатохінай, ці сапраўды ў кафэ і рэстаранаў Гродна ёсць праблемы з дызайнам?

Дызайн «Момо» выключна тыповы, але прыбіральні парадавалі

Азнаёміўшыся з рэндарамі дызайну рэстарана «Момо», Мая адзначыла, што «цалкам згодна з меркаваннем гродзенцаў». На яе думку, дызайн атрымаўся абсалютна тыповым.

— Спалучэнне колераў і тэкстур — бабчына. Ёсць спробы разнастаіць гэта сучаснымі канапамі і жырандолямі, але гэта не дапамагае. Адзінае, што зараз у трэндзе — гэта прыбіральня, але там занадта шмат цыганшчыны. На ўваходзе яшчэ трэба гіпсавых ільвоў паставіць і будзе комба, — лічыць Мая.

Цэгла — сімвал гродзенскіх устаноў, але важна не перабраць меру

Мая параўнала дызайны некаторых устаноў у Гродне і прыйшла да высновы, што яны дастаткова разнастайныя. Праўда, сустракаюцца і такія кафэ, стыль якіх «можна сустрэць у любым горадзе, дзе ёсць цагляныя будынкі».

— З аднаго боку цэгла камплементарная вайбу самога горада — такі гродзенскі лофт. З іншага боку, ён адразу адпраўляе такія ўстановы ў спіс «не памятаю, дзе гэта было», таму што ўсё аднолькавае і няма генеральнай ідэі, — адзначае Мая.

У такіх выпадках дызайнерка раіць спачатку сфармуляваць ідэю і агульную канцэпцыю ўстановы. А ўжо потым, абапіраючыся на гэта, збіраць дызайнерскія рашэнні і распрацоўваць інтэр'ер.

Кавярні: трэндавыя адценні, але мала натуральных матэрыялаў

У якасці прыкладаў удалых інтэр'ераў дызайнерка прыводзіць кавярні «Тэмпл» і «Амерыкана».

— У «Тэмпл» спалучэнне старой цэглы з панэлямі і незвычайным асвятленнем — гэта класна. Жоўты колер як асноўны акцэнт дае сонечны настрой. Гэта сучасна, таму што пакуль яшчэ моцны трэнд на 50−60-я гады ХХ стагоддзя, ды і поп-арт пакуль не сышоў. Але, як і ўсе трэнды — гэтая гісторыя кароткая. У «Амерыкана» таксама вытрымана стылістыка гродзенскага лофта. Але гэтага ўжо зашмат! Напэўна, гэта ўтульна і вельмі інстаграмна, але прыелася.

Сярод інтэр'ераў кавярняў, якія Мая раскрытыкавала — «Смак мастацтва» і «Прахадная».

— У «Смаку мастацтва» гэтая канапа з вуснамі - акцэнт з 2010, гэта проста не сучасна. У «Прахадной» стылёва, але так сумна — воку няма за што зачапіцца. Вельмі трэндавыя адценні, але для спальні - не для кафэ, — адзначыла дызайнерка.

Мая дадае, што цяпер адзін з галоўных еўрапейскіх трэндаў - натуральнасць. Гэтага ў гродзенскіх кавярнях няшмат.

— Акрамя цэглы нічога натуральнага. Мала дрэва, каменя ў іх натуральным выглядзе. У Еўропе гэта не тое, што трэнд — гэта відавочнасць, — адзначае яна.

У якасці прыкладаў удалай працы з натуральнымі матэрыяламі, Мая прыводзіць варшаўскую кавярню «Po Drodze» і мінскую ўстанову «МонеМане».

— Для мяне гэта прыклад неверагоднай працы. І густ, і ідэя, і рэалізацыя — усё добра, — адзначае дызайнерка.

Рэстараны: сучасна і ўтульна, але назва не адпавядае рэчаіснасці

А вось гродзенскія рэстараны Мая ацаніла высока. Асабліва ёй спадабаліся «Барашка» і «Бакст».

— У «Барашцы» вельмі добры клубны вайб. Сучасна, складана, маладзёжна, але людзям немаладым таксама павінна зайсці. Гэта сапраўды дастаткова ўнікальны інтэр'ер, думаю, ён яшчэ доўгі час не страціць сваю актуальнасць. У «Баксце» вельмі ўтульна, кожная дэталь на сваім месцы. Не скажу, што гэта сучасна, але адпавядае назве на 100 працэнтаў. Праўда, ёсць некалькі куткоў, дзе я б не хацела апынуцца — нагадвае нешта з 90-х, — лічыць дызайнерка.

Да «Раскошы» ў Маі ўзніклі пытанні. На яе думку, уладальнікі павінны выбіраць назву, якая будзе адпавядаць стылістыцы ўстановы.

— Рэстаран вельмі ўтульны. Але калі я іду ў «Раскошу», я чакаю зусім не гэтага. Ну не магу я сабе ўявіць спалучэнне Хогвартса з раскошай. Мне падаецца, што людзям, якія прыходзяць туды ўпершыню, знаёма пачуццё расчаравання.

Дызайнерка адзначае, што слова «раскоша» ў назве можна было б абыграць залацістым колерам, мармуровымі сталамі і вялікай колькасцю цёплага святла. А арыентавацца Мая раіць на варшаўскую ўстанову The Roof.

— Гэта прыклад сучаснай раскошы. Вельмі стыльна, лёгка і адначасова адчуваеш сябе ў лакшары рэстаране, — адзначае яна.

Даведка Hrodna.life

Кавярня «Раскоша» адкрылася ў Гродне ў 2011 годзе. Яна атрымала сваю назву ў гонар карчмы «Раскоша», якая існавала ў Гродне ў канцы XVIII стагоддзя.

З разнастайнасцю ў Гродне ўсё добра

Уладальнікам гродзенскіх устаноў Мая раіць развіваць нагледжанасць. І калі магчымасці паехаць на міжнародную дызайнерскую выставу няма — можна проста сачыць за трэндамі і аглядамі.

— Адназначна, у гродзенскіх установах ёсць імкненне да разнастайнасці, гэта бачна. Магчыма, грошы не заўсёды дазваляюць рэалізаваць задумку. Акрамя таго, як дызайнер я магу сказаць, што вельмі часта задумка можа разыходзіцца з вынікам, — рэзюмуе Мая.