Беларускі дальнабойшчык Юрый перастаў выходзіць на сувязь, будучы ў рэйсе ў Расіі. Пасля мужчыну заўважылі ў Гродне – камеры відэаназірання зафіксавалі Юрыя ў ГЦ «Карона» на вуліцы Белуша. Афіцыйныя пошукі мужчыны яшчэ не пачаліся – сям’я плануе падаваць заяву ў міліцыю Мінска, паведаміў «АвтоГродно».
Пра знікненне дальнабойшчыка «АвтоГродно» паведаміла Кацярына – жанчына прадставілася сяброўкай жонкі і папрасіла дапамагчы ў пошуках мужчыны. Паводле яе слоў, апошні раз Юрый выходзіў на сувязь шэсць дзён таму – 3 лістапада 2026. У гэты час ён знаходзіўся ў Расіі.
– Юрый жыве ў Мінску, працуе кіроўцам-міжнароднікам. Ён паехаў у Расію, дзе перастаў адказваць на званкі блізкіх. Пры гэтым ніякіх сварак не было, Юрый – выдатны сем’янін. Мы звярнуліся ў паліцыю РФ і неўзабаве атрымалі адказ, што яго грузавік заехаў на тэрыторыю Беларусі, – распавяла Кацярына.
Паводле яе слоў, аўтамабіль Юрыя зафіксавала рамка сістэмы BelToll пры пад’ездзе да Гродна. Пасля сям’я звярнулася ў беларускую міліцыю – неўзабаве ім паведамілі, што 7 лістапада Юрыя заўважылі ў гродзенскім ГЦ «Карона» на вуліцы Белуша. Мужчыну зафіксавалі камеры відэаназірання, ён “выглядаў нармальна, як заўсёды”.
Тэлефон Юрыя на кароткі час з’яўляецца ў сетцы, але мужчына не чытае паведамленні і не рэагуе на прапушчаныя званкі ад блізкіх.
– Мы самі знаходзімся ў Мінску і сёння афіцыйна падаем заяву ў сталічную міліцыю. Спадзяемся, што неўзабаве пачнуцца афіцыйныя пошукі Юрыя. Мы не разумеем, што адбываецца. Такія паводзіны зусім для яго неўласцівыя, – тлумачыць Кацярына.
Жанчына просіць усіх, хто бачыў чырвоны грузавік Renault з чырвонай кабінай і белым паўпрычэпам, патэлефанаваць па нумары 102.
Рэдакцыя «АвтоГродно» дадала, што калі міліцыя пачне афіцыйныя пошукі і апублікуе фатаграфіі Юрыя, інфармацыя будзе дапоўнена.
Чытайце таксама: «Недакладныя паведамленні». Фабрыка «Нёман», школа і медыкі пракаментавалі курэнне сярод школьнікаў



