Больш за дзесяць прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці дамовіліся аб найме работнікаў з Таджыкістана. Замежнікам абяцаюць заробкі ад $750 да $1200 на месяц (прыкладна 2207–3532 беларускія рублі паводле курсу Нацбанка на 27 кастрычніка), жыллё, частковае харчаванне і спецадзенне. Hrodna.life паглядзеў, якія спецыялісты зараз патрэбныя некаторым прадпрыемствам Гродзеншчыны і колькі ім гатовыя плаціць.
Якія прадпрыемствы гатовыя наймаць работнікаў з Таджыкістана
Прадстаўнікі Агенцтва па працаўладкаванні за мяжой пры Міністэрстве працы Таджыкістана прыехалі ў Гродзенскую вобласць і сустрэліся з мясцовымі ўладамі і працадаўцамі. Паводле інфармацыі агенцтва, па выніках перамоў удалося дамовіцца аб працаўладкаванні грамадзян Таджыкістана больш чым на дзесяці прадпрыемствах рэгіёна.
Сярод іх — «Гронітэкс», «Белкард», агракамбінат «Скідзельскі», «Гроднапрамбуд», «Гроднааблаўтатранс», «Цветліт», Гродзенскі аўтобусны парк і птушкафабрыка «Гродна» — відаць, гаворка ідзе пра Гродзенскую птушкафабрыку. Работнікі патрэбныя і ў сельскай гаспадарцы: для догляду жывёл, вырошчвання і збору яблыкаў у гаспадарцы «Гродзенскі сад», а таксама для працы ў цяпліцах.
Паводле звестак таджыкскага агенцтва, работнікам прапануюць ад 750 да 1200 долараў на месяц. Акрамя заробку, абяцаюць жыллё, частковае харчаванне і рабочае адзенне.
Ад кандыдатаў патрабуюць ведання рускай мовы, адсутнасці судзімасці і здавальняючага стану здароўя. Само працаўладкаванне праз агенцтва бясплатнае.
У агенцтве таксама расказалі, што грамадзяне Таджыкістана пры яго садзейнічанні ўжо працуюць у Гродзенскім аўтобусным парку.
Ведамства не ўдакладняе, на якіх менавіта пасадах можна зарабіць абяцаныя 750–1200 долараў і ці ідзе гаворка пра заробкі да або пасля выліку падаткаў.
Гродзенскі аўтобусны парк: кіроўцам абяцаюць да 5000 рублёў
У Гродзенскага аўтобуснага парка на партале службы занятасці пазначана 40 вакансій. Прадпрыемства шукае кіроўцаў аўтобусаў і тралейбусаў, слесараў, электраманцёраў, інжынера, бухгалтара, кухара і іншых супрацоўнікаў.
Найбольшыя заробкі прапануюць кіроўцам. Дзевяці кіроўцам аўтобусаў абяцаюць ад 2100 да 5000 рублёў, яшчэ дзевяці кіроўцам тралейбусаў — ад 2500 да 5000 рублёў. У абедзвюх аб’явах наўпрост пазначана, што на працу могуць прыняць замежнікаў.
Кіроўцам прапануюць інтэрнат, медыцынскую страхоўку і сацыяльны пакет. Ахвотных працаваць на аўтобусах гатовыя навучыць на катэгорыю D.
Ёсць і іншыя прапановы. За перагон аўтобусаў абяцаюць 1990 рублёў, тралейбусаў — 1900 рублёў. Яшчэ дзевяць кіроўцаў катэгорыі D шукаюць на няпоўную занятасць — ад 0,2 да 0,5 стаўкі. У аб’яве пазначаны заробак 1000 рублёў, але колькі чалавек атрымае на рукі за фактычна адпрацаваны час, не ўдакладняецца.
Патрэбныя і тэхнічныя спецыялісты. Напрыклад, слесару па рамонце аўтамабіляў на СТА прапануюць 2300–4500 рублёў, іншым аўтаслесарам — 1850–2500 рублёў. Маляру і кузаўшчыку абяцаюць да 2500 рублёў.
Электраманцёр па абслугоўванні апаратуры сувязі можа разлічваць на 2100 рублёў, кухару прапануюць 1500 рублёў, кухоннаму работніку — 950.
У некаторых аб’явах працадаўца таксама абяцае інтэрнат, спецадзенне і медыцынскую страхоўку. Пры гэтым пазнака пра магчымасць найму замежнікаў ёсць не ва ўсіх вакансіях.

Гродзенская птушкафабрыка: ад 1000 да 2750 рублёў
У Гродзенскай птушкафабрыкі размешчана 15 вакансій. Тут шукаюць кіроўцаў, слесараў, інжынераў, ветэрынара і работнікаў сельскай гаспадаркі.
Больш за ўсё абяцаюць аператару машыннага даення — 2700–2750 рублёў. Млынару прапануюць 2200–2300 рублёў, абліцоўшчыку-плітачніку — 2100–2300.
Ветэрынарнаму ўрачу гатовыя плаціць 1800–2100 рублёў, слесару па рамонце сельгастэхнікі — 1700–1900. Токару і інжынеру-электрыку прапануюць па 1600–1700 рублёў.
Таксама прадпрыемству патрэбныя два кіроўцы з катэгорыямі C і D. Заробак — ад 1500 да 2000 рублёў. Інжынеру-механіку абяцаюць 1700–1800 рублёў, але праца часовая: на перыяд службы іншага супрацоўніка ў арміі.
Менш за ўсё сярод вывучаных вакансій прапануюць электраманцёру — 1000–1100 рублёў.
«Цветліт»: ад рабочых да інжынераў з заробкамі да 3000 рублёў
У «Цветліта» на партале службы занятасці пазначана 24 вакансіі. Прадпрыемства шукае інжынераў, наладчыкаў абсталявання, слесараў і іншых вытворчых работнікаў. Патрэбны нават кухар.
Самы высокі заробак прапануюць вядучаму інжынеру-электроніку — 2400–3000 рублёў. Інжынеру-канструктару абяцаюць 2170–2700 рублёў, вядучаму інжынеру-канструктару — 2000–2500.
Электраманцёру гатовыя плаціць 2400–2600 рублёў, слесару па зборцы металаканструкцый — 2400. Наладчыкам станкоў з праграмным кіраваннем прапануюць 2100–2500 рублёў, наладчыкам ліцейных машын — 2100–2300.
Ёсць праца і для слесараў-інструментальшчыкаў з заробкам 2000–2500 рублёў, спецыялістаў па кантрольна-вымяральных прыборах — 2000–2200. Шліфоўшчыкам у залежнасці ад вакансіі прапануюць ад 1500 да 2500 рублёў, тэрмісту — 1700–2200 рублёў. Апошняга гатовыя навучыць.
Заробкі на іншых працоўных месцах ніжэйшыя. Напрыклад, грузчыкам прапануюць 1200–1500 рублёў, фрэзероўшчыкам — 1200–1500.
У некаторых аб’явах ёсць пазнакі аб магчымасці працаўладкавання людзей з інваліднасцю, у тым ліку з парушэннямі слыху. Усе вакансіі разлічаныя на поўную стаўку.
Агракамбінат «Скідзельскі»: патрэбныя сотні работнікаў
Агракамбінат «Скідзельскі» шукае 462 работнікаў — на партале службы занятасці размешчана 155 вакансій. Гэта менш, чым год таму: у жніўні 2025-га прадпрыемству патрабаваліся 580 чалавек па 187 вакансіях. За год патрэба ў работніках скарацілася на 118 чалавек.
Больш за ўсё супрацоўнікаў шукаюць для птушкафабрык і перапрацоўчых цэхаў. Апрацоўшчыкам птушкі прапануюць 1800–2500 рублёў, аператарам птушкафабрык — 1500–1800, кіроўцам — да 3000. Таксама патрэбныя грузчыкі, слесары, электраманцёры, ветэрынары і інжынеры.

Ёсць і кіруючыя пасады. Галоўнаму бухгалтару абяцаюць 4000–4200 рублёў, галоўнаму інжынеру — 3000–3500, намесніку дырэктара па ідэалагічнай і кадравай рабоце — 2200–2500 рублёў.
Работнікаў шукаюць не толькі ў Скідзелі, але і ў іншых населеных пунктах Гродзенскай вобласці, дзе размешчаныя падраздзяленні агракамбіната.



