У Слоніме ўлады і прадстаўнікі духавенства абмеркавалі магчымасць архітэктурнай падсветкі храмаў у вячэрні час. Некаторым гараджанам ідэя спадабалася, але іншыя нагадалі пра праблемы з вулічным асвятленнем. Паводле іх слоў, нават раніцай у цэнтры горада ёсць участкі, якія патрабуюць дадатковага асвятлення.

Улады абмеркавалі падсветку храмаў да «Дажынак-2027»

26 кастрычніка старшыня Слонімскага райвыканкама Віталь Шулейка сустрэўся з прадстаўнікамі мясцовага духавенства. На сустрэчы абмяркоўвалі падрыхтоўку да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2027», які пройдзе ў Слоніме, а таксама рамонт і рэстаўрацыю помнікаў культурна-гістарычнай спадчыны.

Асобнай тэмай стала магчымасць архітэктурнай падсветкі храмаў у вячэрні час, паведамляе раённая газета «Слонімскі веснік». Пакуль гэта толькі ідэя.

«Вуліцы не асвятляюцца, а тут…»

У каментарыях пад публікацыяй у Instagram частка жыхароў падтрымала прапанову.

«Было б вельмі прыгожа», — напісала адна з чытачак.

«Я была б вельмі рада такому рашэнню!» — дадала іншая.

Некаторыя гараджане прапанавалі заадно заняцца рэстаўрацыяй іншых гістарычных будынкаў. У прыватнасці, адзін з каментатараў пацікавіўся, што адбываецца са слонімскай сінагогай.

Аднак іншыя жыхары лічаць, што найперш уладам варта вырашыць праблему звычайнага вулічнага асвятлення.

«Ідэя добрая, ды ўжо даўно пара было гэта зрабіць. Але і вуліцы неабходна якасна асвятліць», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

Іншы чытач расказаў, што, паводле яго назіранняў, раніцай у цэнтры Слоніма бывае цёмна:

«Вуліцы не асвятляюцца, а тут… 7:30 раніцы, а цэнтр горада асвятляецца толькі падсветкай крамаў! Выканкам асвятляецца, а суседняя школа стаіць у цемры. Як так?»

Прагучалі і сумневы ў мэтазгоднасці выдаткаў на дэкаратыўнае асвятленне.

«Прабачце, а для каго асвятляць? Людзей увечары ў горадзе няма. А ўначы — тым больш. Ды і з храмаў, якія можна падсвятліць, — толькі Праабражэнскі сабор на вуліцы Пушкіна, і тое толькі таму, што ён знаходзіцца на адкрытай мясцовасці! А ўкладваць кучу бюджэтных грошай у падсветку — не зусім разумна, хоць і прыгожа», — лічыць адзін з каментатараў.

Яшчэ адзін жыхар сфармуляваў прапанову коратка:

«Можа, зрабіць асвятленне ў горадзе, а не падсветку будынкаў?!»