Аплаціць паездку ў гарадскім транспарце можна будзе талончыкам, банкаўскай картай або праз мабільны дадатак. Адзіную сістэму аплаты ўвядуць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ў 2027 годзе, у Мінску такі фармат ужо дзейнічае.

Адзіную сістэму курыруе Мінтранс. На базе працэсінгавага цэнтра “Мінсктранса” створаць адзіны цэнтр выпуску электронных білетаў на гарадскія і пасажырскія перавозкі.

Мяркуецца, што стварэнне агульнай платформы спросціць абслугоўванне пасажыраў. Пакуль, паводле слоў кіраўніцтва Мінтранс, існуючыя плацежныя сэрвісы не заўсёды сумяшчальныя паміж сабой.

Каб новая сістэма запрацавала, давядзецца абнавіць абсталяванне, устанавіць неабходныя прылады і падключыць транспартныя арганізацыі да агульнай сістэмы.

Пры гэтым у Гродне адносна нядаўна ўвялі электронныя праязныя – паўнавартасна сістэма запрацавала у канцы студзеня 2026. Толькі на закуп 100 тыс. бескантактавых смарт-карт патрацілі 20 тыс. руб. з абласнога бюджэту. 

Новаўвядзенне выклікала актыўнае абмеркаванне сярод гараджан. Гродзенцы не разумелі, навошта ўвялі сістэму са смарт-картамі, але пры гэтым не прадугледзілі магчымасць аплаты праезду банкаўскай карткай. Таксама гараджан здзіўляла, што папоўніць баланс смарт-карты можна толькі ў двух кропках: на Перамогі, 16 і пр. Касманаўтаў, 66.

Паралельна распрацоўваюць яшчэ адну сістэму

Чарговая адзіная сістэма закране прыгарадныя і міжгароднія пасажырскія перавозкі: аб’яднае інфармацыю аб маршрутах, рэйсах і свабодных месцах. Сістэму ўводзяць, каб пасажыры не збіралі інфармацыю па розных сервісах.

Перавозчыкі будуць павінны прадастаўляць звесткі аб маршрутах, рэйсах, вадзіцелях і транспарце ў інфармацыйную сістэму. У Мінтрансе растлумачылі, што “функцыянаванне спадарожных сістэм браніравання, продажу білетаў не забараняецца”. Гэта значыць, што ўжо існуючыя сэрвісы браніравання і пакупкі білетаў прадоўжаць работу.

Распрацоўку праграмнага забеспячэння плануюць завяршыць да канца 2026, а з 1 лютага 2027 года аператары і перавозчыкі змогуць пачаць уносіць інфармацыю. Дакладную дату, калі новая платформа стане даступная пасажырам, у Мінтрансе не агучылі.

Чытайце таксама: Сілавікі атрымаюць доступ да звестак пра пасажыраў, якія купілі білет за мяжу