У ноч на нядзелю, 11 кастрычніка, украінскія дроны атакавалі буйны-дата цэнтр “Яндэкса” у расійскім горадзе Уладзіміры. Гэта прывяло да збояў у працы сэрвісу, закрануўшы ў тым ліку «Яндэкс.Таксі», які працуе і ў Беларусі. У сацсетках гродзенцы шукаюць рашэнні і альтэрнатывы.
Прадстаўнікі “Яндэкса” заяўляюць, што паступова вяртаюць свае прадукты да працы. У тым ліку размова ідзе пра «Яндэкс.Карты», таксі, пошту, пошук і галасавы памочнік Алісу. Тым не менш у нядзелю і раніцай панядзелка выклікаць “Яндэкс.Go” у Беларусі было праблематычна.
Гродзенцы шукаюць альтэрнатывы
У Threads пачалі набіраць папулярнасць пасты, прысвечаныя іншым сэрвісам таксі ў Гродне. Гараджанка Юлія папрасіла “накідаць рэальна працоўныя нумары таксі, з якімі можна звязацца ў такіх сітуацыях”.
Некаторыя вадзіцелі прапануюць тэлефанаваць ім напрамую і пакідаюць персанальныя мабільныя нумары. Іншыя просяць браніраваць паездкі па Гродне загадзя – запісвацца прапануюць у асабістыя паведамленні. Яшчэ адзін карыстальнік пакінуў спасылку на Telegram-чат. “Паслугі таксі Гродна, нядорага”, – запэўніў вадзіцель.
Таксама адзначылася таксі “Алмаз”. «7788 – патэлефануй, і мы падкінем», – напісаў акаўнт таксі пад адным з пастоў аб пошуку машыны. Гродзенцы здзівіліся, што некаторыя некалі папулярныя фірмы яшчэ жывыя.
Некаторыя пісалі, што кіроўцамі, якія прапануюць свае паслугі, можа зацікавіцца падатковая.
Садзячыся ў такую машыну, вы падвяргаеце сябе рыскам: кошты могуць быць завышаныя – іх варта абгаварыць папярэдне. У выпадку праблем вы не абаронены агрэгатарам.
Сэрвіс ад “А1” не справіўся з наплывам кліентаў?
Увесну 2025 года на беларускі рынак прыйшоў сэрвіс «А1 таксі». Меркавалася, што новая кампанія можа пацясніць “Яндэкс”. Але, мяркуючы па водгуках у сацсетках, “А1 таксі” не справіўся з наплывам жадаючых.
«У вас сёння просты быў зорны шанец – у ключавога канкурэнта па таксі памірае інфраструктура. І тут бы самы час надзець супергеройскі плашч і выратаваць беларусаў у гэты няпросты час. Але, !@$;%, не! Карта не прывязваецца – памылка па тайм-аўце. У дадатак затым не заходзіць – client_id not found. Пасля пераўсталёўкі і перарэгістрацыі ў дадатку машына заказваецца, але кіроўца не адлюстроўваецца на карце, а праз 15 хвілін тэлефануе і кажа “мне толькі прыйшла замова, я яшчэ не выехаў”, — напісаў у Threads беларус.
У каментарах пад пастом іншыя карыстальнікі адзначылі, што ад наплыву кліентаў у “А1 таксі” лёг дадатак.
Кампанія пацвердзіла, што сэрвіс быў перагружаны і “мог даваць кароткачасовыя збоі”. “Цяпер усё павінна адлюстроўвацца карэктна”, — дадалі прадстаўнікі сэрвісу.
“Яндэкс.Карты” таксама ляглі
Гродзенцы таксама паведамлялі аб збоях у працы “Яндэкс.Карт” – галоўная складанасць заключалася ў тым, што гараджане не маглі адсачыць расклад транспарту. У якасці альтэрнатывы параілі карыстацца праграмамі Transport BY, ZippyBus і 2ГІС.
Як у Гродне выклікаць таксі?
Раніцай панядзелка ў сацсетках з’явіліся паведамленні гродзенцаў аб тым, што “Яндэкс.Таксі” ўжо зноў працуе. Аднак гараджане ўсё ж раілі і іншыя сэрвісы.
- Bertel 7077
- Сэрвіс таксі 7220
- Maxim 7003
- Bro Car
Чытайце таксама: У Гродне з’явіўся новы сэрвіс таксі



