У верасні 2026 прымусова ліквідавалі два грамадскія аб’яднанні і адзін фонд. Рашэнні выносілі Мінскі гарадскі і Гродзенскі абласны суды, паведамляе «Гарадзенская праваабарона» са спасылкай на справаздачу арганізацыі Lawtrend. 

Як адзначыла праваабарончая арганізацыя Lawtrend, усе тры арганізацыі падавалі прадугледжаныя заканадаўствам справаздачы. Адно аб’яднанне адчыталася за 2023 год, другое – за 2023 і 2024 гады, фонд – за 2024 і 2025 гады. Гэта важна ў кантэксце практыкі, калі НКА выключаюць з рэестра за працяглую непадачу справаздачнасці.

У Беларусі няма асобнага рэестра для НКА. Падобныя арганізацыі ўносяць у Адзіны дзяржаўны рэестр юрыдычных асоб (АДР). Беларускія ўлады, як правіла, не паведамляюць кіраўнікам аб ліквідацыі арганізацыі – тыя даведаюцца аб прынятым рашэнні, праверыўшы статус у АДР.

Паводле маніторынгу «Вясны», у Беларусі 275 НКА або ліквідаваны, або знаходзяцца ў статусе ліквідацыі. Lawtrend прыводзіць іншыя лічбы: з 2021 года не менш за 1267 НКА былі прымусова ліквідаваны альбо знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі. Яшчэ не менш за 811 НКА прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі.

Чытайце таксама: Фонд «Чудо детям» абвінавачваюць у асабліва буйным махлярстве – грошы збіралі на вуліцах