Маці дзяцей з інваліднасцю, а таксама дарослыя людзі з інваліднасцю звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі – папрасілі яго ўнесці папраўкі ва ўказ аб дабрачыннай дзейнасці. Ролік з удзелам бацькоў з’явіўся ў Instagram. 

Чаго просяць бацькі?

Відэа з’явілася напярэдадні Дня маці, які штогод у Беларусі адзначаюць 14 кастрычніка. Звяртаючыся да Лукашэнкі, бацькі дзяцей з інваліднасцю просяць унесці змены ва ўказ №304, адаптаваўшы яго пад патрэбы сем’яў.

Справа ў тым, што лячэнне, закуп жыццёва важных прэпаратаў і бесперапынная рэабілітацыя асаблівых дзяцей і дарослых пастаўлены на паўзу. Сем’і адзначаюць, што цалкам падтрымліваюць кантроль дзяржавы, выступаюць за празрыстасць і гатовы пацвярджаць дакументамі кожны рубель. Але выключна безнаяўныя разлікі адразаюць іх ад патрэбных спецыялістаў.

«Дзеючыя правілы дабрачыннай дапамогі абцяжарваюць аплату паслуг у арганізацыях, дзе нам сапраўды дапамагаюць. Мы просім даць нам магчымасць выкарыстоўваць народныя ахвяраванні на лячэнне і рэабілітацыю, прадугледзеўшы магчымасць наяўнай аплаты», – адзначаюць удзельнікі роліка.

У подпісы да відэа аўтары дадалі, што “для чалавека з цяжкім захворваннем кожны ўпушчаны месяц – адкат назад, страта напрацаваных гадамі навыкаў і часу, які ўжо не вярнуць”. Таксама аўтары згадалі болі і спастыкі (падвышаны цягліцавы тонус), якія вяртаюцца пры адсутнасці своечасовай рэабілітацыі.

Што за ўказ, аб якім кажуць сем’і?

У пачатку верасня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 304, якім у Беларусі змянілі правілы збору дабрачынных сродкаў на лячэнне і працу медыцынскіх фондаў. З тэксту ўказа вынікае, што ён не забараняе бацькам адкрываць дабрачынныя рахункі на лячэнне дзяцей.

Згодна з дакументам, фізічныя асобы могуць збіраць грошы праз дабрачынны рахунак у банку ў тым ліку на лячэнне непаўналетніх дзяцей. Для адкрыцця такога рахунку трэба падаць заяву, медыцынскі дакумент, які пацвярджае неабходнасць лячэння, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць сваяцтва ці апеку. Гранічную суму збору заяўнік вызначае на падставе дакументаў аб кошце медыцынскай дапамогі.

Пры гэтым грошы з дабрачыннага рахунку дазволена выкарыстоўваць выключна на заяўленыя медыцынскія мэты. Калі сабраная сума дасягнула ўстаноўленага ліміту, банк павінен спыніць залічэнне новых ахвяраванняў. Калі неабходнасць у лячэнні адпала або грошы засталіся незапатрабаванымі, указ прадугледжвае асобны парадак іх далейшага выкарыстання.

Першыя праблемы з-за указу ўжо з’явіліся

Вольга Карнейчук, маці аднагадовай дзяўчынкі Эмілія са спінальнай цягліцавай атрафіяй (СЦА) паскардзілася, што не можа пачаць збор грошай на лячэнне дачкі: пасля ўступлення ў сілу новых правіл дабрачыннай дзейнасці ёй адмовілі ў адкрыцці рахунку некалькі банкаў. 

Сям’я Эміліі Карняйчук атрымала афіцыйнае заключэнне з РНПЦ “Маці і дзіця” па выніках урачэбнага кансіліуму. Дакумент далі пасля абеду 14 верасня – у той жа дзень маці дзяўчынкі звярнулася ў банкі, каб адкрыць дабрачынны рахунак і пачаць збор грошай на лячэнне, аднак, паводле яе слоў, атрымала адмовы. Банкі спаслаліся на часовае прыпыненне працэдур з-за ўступлення ў сілу ўказа №304.

“Жыццё дзіцяці залежыць ад хуткасці пачатку лячэння, але з-за тэхнічнай і юрыдычнай паўзы ў банках я пазбаўленая законнага права ратаваць сваю дачку”, – пісала ў сацсетках Вольга.

Чытайце таксама: “Дабрачыннасць сыдзе ў ценявую сферу”. Ці спрасціць новы ўказ дапамогу хворым?