У Лідзе назвалі прычыны, праз якія гадамі не ўдаецца вырашыць праблему забруджвання ракі Дзітва. Сярод іх — зношаныя і перагружаныя гарадскія ачышчальныя збудаванні, спыненне еўрапейскага фінансавання іх рэканструкцыі і прамысловыя сцёкі. Каля 30% сцёкавых водаў горада паступае ад прадпрыемстваў, пры гэтым у часткі заводаў дагэтуль няма ўласных лакальных ачышчальных збудаванняў.
У Telegram-канале «Лида (не) официально» з’явіўся разбор прычын забруджвання Дзітвы. Улады патлумачылі, чаму рэканструкцыя гарадскіх ачышчальных зацягнулася і што зараз робяць для вырашэння праблемы.
Ачышчальным больш за паўстагоддзя, і яны працуюць амаль на мяжы магчымасцей
Адная з асноўных названых прычын — узрост гарадскіх ачышчальных збудаванняў. Іх распраектавалі яшчэ ў 1965 годзе, а ўвялі ў эксплуатацыю ў 1971-м. З таго часу нагрузка на сістэму павялічылася.
Ачышчальныя разлічаны на 28 тыс. кубаметраў сцёкаў за суткі, у той час як фактычна ў гарадскую каналізацыю штодня паступае ад 26 да 31 тыс. кубаметраў.
Рэканструкцыю збіраліся правесці за еўрапейскія грошы
Праект рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў распрацавалі ў 2019 годзе. Будаўнічыя працы планавалі фінансаваць за кошт крэдыту Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Генпадрадчыкам па выніках конкурсу стала чэшская кампанія Metrostav.
Было заключана пагадненне на суму больш за 6 млн еўра, яшчэ каля 3 млн еўра прадугледжваліся ў выглядзе грантаў. Аднак у красавіку 2022 года ЕБРР прыпыніў фінансаванне праекта.
Раней затрымку рэканструкцыі ўжо тлумачылі спыненнем еўрапейскага фінансавання. У ліпені 2026 года «Гродзенская праўда» фактычна ўсклала адказнасць за сітуацыю на санкцыі. Дзяржгазета сцвярджала, што без іх рэканструкцыю ачышчальных удалося б завяршыць яшчэ ў 2023 годзе.

«Зразумеўшы, што праблема чысціні Балтыйскага мора для Еўропы — не больш чым тэма для папулісцкіх заяў, лідчане пры ўсебаковай падтрымцы ўсёй беларускай вертыкалі ўлады сталі шукаць выхад з сітуацыі сваімі сіламі», — пісала «Гродзенская праўда».
У выніку грошы на рэканструкцыю пачалі шукаць унутры Беларусі. Праект падзялілі на тры чаргі. У 2025 годзе Лідскаму ЖКГ праз Банк развіцця выдзелілі больш за 26,3 млн рублёў, у 2026-м — яшчэ больш за 25 млн рублёў.
Агульны кошт мадэрнізацыі ўлады зараз ацэньваюць больш чым у 130 млн рублёў.
Трэць гарадскіх сцёкаў даюць прадпрыемствы
Яшчэ адной прычынай праблем з ачысткай улады назвалі прамысловыя сцёкі. На прадпрыемствы прыпадае каля 30% усіх сцёкавых водаў горада, пры гэтым у шэрагу заводаў няма ўласных лакальных ачышчальных збудаванняў.
Паводле тлумачэння ўладаў, прамысловыя сцёкі негатыўна ўплываюць на бактэрыі, якія выкарыстоўваюцца для біялагічнай ачысткі вады, і парушаюць біябаланс. У выніку камунальнікі экстрэна рамантуюць абсталяванне.
Вялікія прадпрыемствы абавязалі пабудаваць свае лакальныя фільтры. Напрыклад, «Лідскае піва» плануе запусціць пусканаладкавыя працы на сваіх ачышчальных да канца 2026 года. «Лідскі малочна-кансервавы камбінат» таксама ўвядзе першую чаргу ачысткі да запуску новага цэха па вытворчасці малочнага бялку.

Першую чаргу ачышчальных абяцаюць закончыць ужо восенню
Зараз гатоўнасць першай чаргі рэканструкцыі гарадскіх ачышчальных улады ацэньваюць у 85%. Там ужо мантуюць аэратэнкі (спецыяльныя рэзервуары) аб’ёмам 18 тыс. кубаметраў з тэхналогіяй глыбокай ачысткі ад азоту і фосфару.
Паралельна будуюць новыя ілавыя карты для сушкі асадку. Пры гэтым складанасць, як адзначаецца, у тым, што рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў праходзіць без адключэння ўжо наяўных.
Улады разлічваюць, што першая чарга мадэрнізацыі дазволіць істотна палепшыць якасць ачысткі сцёкаў ужо восенню 2026 года. Цалкам завяршыць усе тры чаргі рэканструкцыі плануецца да канца 2027 года.
У Дзітве ўжо тройчы за год знаходзілі перавышэнні
Праблема забруджвання Дзітвы існуе шмат гадоў. У ліпені 2026 года жыхары Лідскага раёна зноў скардзіліся на стан ракі: у вадзе знайшлі мёртвую рыбу, а над Дзітвой стаяў непрыемны пах.
Спецыялісты прыродаахоўнай інспекцыі абследавалі раку і адводны канал ад ачышчальных збудаванняў, узялі пробы вады і пацвердзілі перавышэнне гранічна дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў.
Гэта быў ужо трэці выяўлены выпадак перавышэння нарматываў скідаў з ачышчальных збудаванняў з пачатку 2026 года. Інспекцыя паведамляла, што разлічвае нанесеную навакольнаму асяроддзю шкоду і прыцягне вінаватых да адміністрацыйнай адказнасці.

Праз забруджванне Дзітвы заводзілі крымінальную справу
Адным з тых, хто паслядоўна дамагаўся вырашэння праблемы, быў грамадскі актывіст Вітольд Ашурак.
У 2019 годзе ён разам з Сяргеем Пантусам выйшаў да будынка Лідскага райвыканкама з плакатам «Мёртвая Дзітва» і быў аштрафаваны. У тым жа годзе пасля маштабнага забруджвання Дзітвы і Нёмана Следчы камітэт завёў крымінальную справу. Расследаванне пазней прыпынілі, але ў 2020 годзе пасля звароту Ашурка ў пракуратуру яго аднавілі.
Яшчэ раней, у 2018 годзе, за забруджванне ракі ўжо штрафавалі службовую асобу Лідскага ЖКГ.



