Увечары 21 верасня афіцыйны Telegram-канал Гродзенскага гарвыканкама пазбавіўся публічнага адраса @grodno_ispolkom. Гэты адрас заняў іншы канал, у якім з’явіліся заклікі вызваліць палітвязняў і антываеннае паведамленне. Ранейшы канал працягнуў працаваць для падпісчыкаў і пазней апублікаваў афіцыйную заяву.

Адрас t.me/grodno_ispolkom быў пазначаны на афіцыйным сайце гарвыканкама. Апошняя звычайная публікацыя з’явілася ў канале 21 верасня ў 18.20. У ёй расказвалі пра абмеркаванне пытанняў крэдытавання інвестыцыйных праектаў.

Пасля 18.50 па тым жа адрасе сталі даступныя паведамленні: «Жыве Беларусь! Слава Україні! Свабоду палітвязням!» і «Х*й вайне!».

Затым з’явілася паведамленне: «Адказнасць за ўзлом бярэ на сябе Фронт Вызвалення Гародні імя Максіма Танка». Хто стаіць за гэтай назвай і ці існуе такая арганізацыя, невядома.

Невядомыя «ўгналі» адрас Telegram-канала Гродзенскага гарвыканкама
Так выглядае Telegram-канал Гродзенскага гарвыканкама. Фота: скрыншот t.me/grodno_ispolkom

Сам канал працягнуў працаваць

Афіцыйны канал гарвыканкама не быў выдалены. Ён застаўся даступным ранейшым падпісчыкам, але пазбавіўся публічнага адраса. У такой сітуацыі публікацыі па-ранейшаму можна размяшчаць і чытаць, аднак перайсці на канал па звычайнай спасылцы кшталту “t.me/назва” нельга.

Сэрвісы статыстыкі, у тым ліку TGStat, працягваюць адсочваць такі канал па яго ўнутраным лічбавым ідэнтыфікатары. Таму на старонцы сэрвісу захоўваюцца яго ранейшая назва і публікацыі, нават калі публічны адрас ужо заняты іншым каналам.

У 20.09 ранейшы афіцыйны канал гарвыканкама апублікаваў заяву:

«Гродненский городской исполнительный комитет сообщает, что в сети Интернет, в том числе на экстремистских ресурсах, распространяется информация от имени нашего канала.

Данные сообщения не соответствуют действительности (фейк). Просим доверять только информации, опубликованной в данном телеграм-канале. Будьте бдительны!»

У гарвыканкаме не патлумачылі, чаму канал пазбавіўся адраса @grodno_ispolkom і як яго змаглі заняць невядомыя.

Без публічных адрасоў засталіся і іншыя каналы

Telegram-канал «Мировые конфликты», які першым паведаміў пра здарэнне, пісаў таксама пра праблемы з каналамі старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Караева, абласнога УУС і дзяржаўнага тэлеканала «Гродна Плюс».

Як удакладніла «Зеркало», прынамсі некаторыя з гэтых каналаў не былі выдаленыя, а засталіся без публічных адрасоў. Канал абласнога УУС абнаўляўся днём 21 верасня, а канал Юрыя Караева — увечары 20 верасня. Звестак пра тое, што невядомыя атрымалі доступ да іх змесціва або акаўнтаў адміністратараў, няма.

Праблемы ўзніклі і з адным з адрасоў тэлеканала «Гродна Плюс». Па адрасе @grodnoplus, які раней вёў на дзяржаўны тэлеканал, 21 верасня з’явіўся новы канал з прапановай прайсці праверку праз крыптавалютны сэрвіс. Пры гэтым асноўны канал «Гродна Плюс» працягнуў працаваць па адрасе @grodno_plus.

Раней адрас страціў «Пул Первого»

Падобная сітуацыя адбылася 18 верасня з Telegram-каналам звязаным зпрэс-службай Аляксандра Лукашэнкі «Пул Первого». Сам канал працягваў працаваць для больш як 250 тысяч падпісчыкаў, аднак пазбавіўся публічнага адраса @pul_1.

Яго заняў іншы прыватны канал з фотаздымкамі жаночых ступняў. Праз некалькі гадзін «Пул Первого» вярнуў ранейшы адрас, а канал з фотаздымкамі выставілі на продаж, пісала «Зеркало».