Праект беларускага сховішча радыеактыўных адходаў заснаваны на расійскіх тэхналогіях, якія могуць дапускаць працечкі, лічаць незалежныя эксперты. На іх думку, распрацоўшчыкі не разгледзелі больш бяспечныя альтэрнатывы і не прадставілі дастаткова звестак для ацэнкі рызык. Праект прапануюць цалкам перапрацаваць — час для гэтага яшчэ ёсць.
Што за справаздача
Улетку 2026 года прадпрыемства «Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі» («БелРАА») прадставіла справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння будучага аб’екта на навакольнае асяроддзе. Грамадскае абмеркаванне дакумента праходзіць з 30 чэрвеня па 30 верасня 2026 года. Да заканчэння гэтага тэрміну можна накіроўваць заўвагі і прапановы.
Пункт прызначаны не толькі для захоўвання і пахавання радыеактыўных адходаў. На пляцоўцы таксама плануюць прымаць, правяраць, сартаваць, улічваць, перапрацоўваць і ўпакоўваць адходы. Будаўніцтва аб’екта прадугледжана дзяржаўнай стратэгіяй па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі, прынятай у 2023 годзе.
Для размяшчэння пункта разглядаюць тры пляцоўкі: у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці, Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці і Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці.
Вочныя абмеркаванні прызначылі на 20 жніўня ў Астраўцы, 26 жніўня ў Мсціславе і 10 верасня ў Хойніках. У першых двух гарадах яны ўжо прайшлі.
Сам аб’ект плануюць пабудаваць да 2030–2031 гадоў. Там збіраюцца размяшчаць у тым ліку радыеактыўныя адходы БелАЭС.
Абмеркаванне праекта прайшло ў Астраўцы
20 жніўня справаздачу абмеркавалі ў Астраўцы, пісала мясцовая раённая газета «Астравецкая праўда».
У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі мясцовых уладаў, «БелРАА», дэпартамента па ядзернай энергетыцы, праектнай арганізацыі «Белніпіэнергапрам» і жыхары рэгіёна.
Распрацоўшчыкі заявілі, што падчас падрыхтоўкі праекта выкарыстоўвалі расійскі досвед і ўлічвалі патрабаванні Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі.
Удзельнікі задавалі пытанні вусна і пісьмова, аднак іх змест і адказы на іх у публікацыі па выніках сустрэчы не прыводзяцца.
Папярэднія вынікі незалежнага агляду справаздачы прадставілі эксперты «Экадома», Solutions for Resilient Communities Inc. (ЗША), міжнароднай праграмы «Бяспека радыеактыўных адходаў» і спецыяліст па радыяцыйнай бяспецы Сяргей Бесараб.

Расійскае сховішча страціла герметычнасць праз 38 гадоў
На думку экспертаў, у беларускім праекце збіраюцца выкарыстоўваць модульную сістэму захоўвання, падобную да рашэнняў, прадугледжаных для расійскіх аб’ектаў — камбіната «Маяк» і Сібірскага хімічнага камбіната.
Інжынер-фізік Андрэй Ажароўскі прывёў у прыклад сховішча радыеактыўных адходаў у Обнінску. Паводле яго слоў, у 1999 годзе — праз 38 гадоў пасля кансервацыі аб’екта — там выявілі працечкі. Згодна з афіцыйнымі звесткамі, тэрыторыя і грунт на глыбіні да васьмі метраў аказаліся забруджаныя.
Эксперты таксама сцвярджаюць, што ў дакументацыі падобных аб’ектаў у Расіі дапускаюцца значныя працечкі і траплянне радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе ўжо на працягу першых 100 гадоў.
Пры гэтым цэзій-137 і стронцый-90 павінны заставацца надзейна ізаляванымі не менш за 300 гадоў — прыкладна на працягу дзесяці перыядаў іх паўраспаду.
Пытанні ўзніклі і да ахоўных бар’ераў. Паводле слоў Сяргея Бесараба, прадугледжаная праектам гліна не зможа затрымаць некаторыя радыенукліды — напрыклад, хлор-36, тэхнецый-99 і ёд-129, — калі яны трапяць у ваду.
Альтэрнатывы падрабязна не вывучылі
Адной з галоўных праблем справаздачы эксперты называюць адсутнасць паўнавартаснага параўнання розных спосабаў абыходжання з адходамі.
Адзін з магчымых варыянтаў — працяглае наземнае кантраляванае захоўванне. Пры такім падыходзе адходы на працягу 50–100 гадоў знаходзяцца ў спецыяльных кантэйнерах пад наглядам. Пры неабходнасці іх можна выняць і пераўпакаваць.
Іншая альтэрнатыва — глыбіннае геалагічнае пахаванне. У беларускай справаздачы гэтыя варыянты згадваюцца, але падрабязна не параўноўваюцца з выбраным прыпаверхневым сховішчам.
«Мы не гаворым, што трэба абавязкова выбраць адзін з гэтых варыянтаў. Мы гаворым: разгледзьце іх і параўнайце з тым, што прапануеце. Пакуль гэта не зроблена, называць дакумент ацэнкай уздзеяння на навакольнае асяроддзе нельга», — заявілі эксперты Solutions for Resilient Communities.
Незразумела, як будуць захоўваць найбольш небяспечныя адходы
Асобныя прэтэнзіі датычацца адходаў, якія ўтвараюцца пасля перапрацоўкі адпрацаванага ядзернага паліва БелАЭС у Расіі і павінны вяртацца ў Беларусь.
Паводле слоў экспертаў, у справаздачы не пазначана, у якім выглядзе іх будуць прывозіць, як транспартаваць, упакоўваць і захоўваць. Не тлумачыцца і тое, на які тэрмін разлічаны аб’ект і што адбудзецца з адходамі пасля завяршэння яго эксплуатацыі.
Аўтары агляду таксама звяртаюць увагу, што на пляцоўцы збіраюцца не толькі захоўваць адходы, але і сартаваць, спальваць, выпарваць і цэментаваць іх.
Падчас спальвання радыеактыўныя рэчывы не знікаюць, а застаюцца ў попеле, сістэме ачысткі або трапляюць у атмасферу. Магчымыя выкіды і іх уплыў на здароўе людзей і навакольнае асяроддзе, на думку экспертаў, апісаныя недастаткова падрабязна.

У справаздачы выявілі 14 неадпаведнасцяў
Эксперты «Экадома» налічылі ў дакуменце 14 неадпаведнасцяў дзейнаму заканадаўству. Яны датычацца ацэнкі ўздзеяння на паветра і зямлю, а таксама разлікаў магчымых доз апраменьвання насельніцтва.
Прэтэнзіі ўзніклі і да выбару пляцовак. На думку аўтараў агляду, на некаторых тэрыторыях, якія разглядаюцца, характарыстыкі грунту і ўзровень падземных вод не адпавядаюць крытэрыям, пазначаным самімі распрацоўшчыкамі. Праз гэта будучы аб’ект можа прасядаць або падтапляцца.
Акрамя таго, эксперты выявілі ў дакуменце фактычныя памылкі, апіскі і блытаніну ў тэрмінах.
Напрыклад, у адной з табліц згадваецца радыенуклід «144С», хоць такога ізатопа вугляроду не існуе. На думку экспертаў, аўтары маглі мець на ўвазе вуглярод-14 або цэрый-144, але адназначна зразумець гэта немагчыма.
«З такімі недакладнасцямі і невычытаным тэкстам я б не прыняў гэтую працу нават як курсавую ў студэнта тэхнічнай ВНУ», — заявіў Андрэй Ажароўскі.
Эксперты запатрабавалі перапрацаваць праект
Аўтары агляду патрабуюць адклікаць цяперашнюю дакументацыю і правесці новую ацэнку ўздзеяння. Яна павінна ўлічваць увесь шлях радыеактыўных адходаў — ад іх утварэння да моманту, калі яны перастануць уяўляць небяспеку.
Таксама эксперты настойваюць на адкрытым параўнанні прапанаванага праекта з іншымі спосабамі захоўвання.
«У цяперашнім выглядзе праект небяспечны, а якасць і паўната дакументацыі не дазваляюць аб’ектыўна ацаніць яго ўздзеянне на навакольнае асяроддзе. Пакуль гэта не выпраўлена, праект не можа быць рэалізаваны», — падсумавалі эксперты.



