Тры чорныя чаўны з бел-чырвона-белымі сцягамі ў капенгагенскай гавані – гэта першы беларускі пірацкі флот. Беларусы з розных краін сабраліся ў сталіцы Даніі, каб “нарабіць шуму” і знайсці скарб – невялікі залаты крыжык, які можа звязваць Беларусь і Данію.
Суботняй раніцай каля капенгагенскай “Руслачкі” адна за адной праходзяць экскурсіі з усяго свету. Але 22 жніўня гэтую нязменную гадамі карціну патрывожылі беларусы: нехта ў адмысловых строях з ног да галавы, нехта толькі павязаў чорную хустку з белым крыжам на галаве, але вобразы пазнавальныя – гэта піраты. А дакладней “Піраты і піраткі Каралевы Сафіі”, як кажа арганізатарка праекта Марыя Грыц.



Хтосьці з іх не быў у Беларусі чатыры гады, хтосьці шэсць, а хтосьці амаль 10. Беларусы і беларускі з розных краін сабраліся ў сталіцы Даніі, каб узгадаць мясцовую каралеву Сафію, якая была нашай зямлячкай – князёўнай мінскай і полацкай. Нагода для сустрэчы – прэзентацыя рэплікі вядомай дацкай рэліквіі, так званага Крыжа Дагмар. “Беларускія піраты” праз сваю “экспедыцыю” паспрабавалі вярнуць крыху забытую постаць каралевы ў беларускі кантэкст і папулярызаваць тэзіс, што дацкая рэліквія магла паходзіць з Беларусі.

У Нацыянальным музеі Даніі захоўваецца маленькі залаты крыж, які здаўна называюць Крыжом Дагмар. Аднак існуе гіпотэза, што ён мог трапіць у Данію з беларускіх зямель разам з Сафіяй Менскай — беларускай князёўнай, якая ў XII стагоддзі стала каралевай Даніі. Чытайце падрабязна пра гэтую гіпотэзу тут.
“Каралеўская плошча” стала “Плошчай каралевы”
Праз Kongens Nytorv – Новую Каралеўскую плошчу, што ў цэнтры Капенгагена – штодзённая праходзяць сотні і тысячы датчан і турыстаў. На адным ускрайку гандлююць антыкварыятам на тыповым блышыным рынку, на іншым – прадаюць з вагончыка хот-догі. Чуваць дзясяткі моваў, але ў гэты дзень асабліва гучна – беларускую. На імправізаванай сцэне копію крыжа сімвалічна перадаюць з Даніі ў Беларусь.

“Калі мы сёння гаворым пра Данію і Беларусь, гэта можа на першы погляд падацца размовай пра два вельмі розныя месцы. Але калі мы вернемся ў Сярэднявечча, мы адкрыем для сябе Еўропу, дзе сувязі былі шчыльнымі. І менавіта гэтыя сувязі мы хочам зрабіць бачнымі сёння”, – кажа Лізавета Дубінка-Гушча. Яна – даследчыца, беларуская і дацкая палітолаг і гісторык, але Марыя Грыц прадстаўляе яе значна больш нефармальна: “Гэта чалавек, з-за якога я аднойчы звар’яцела і арганізавала першы беларускі пірацкі флот”.
Менавіта Лізавета некалькі гадоў таму актуалізавала гіпотэзу пра беларускае паходжанне Крыжа Дагмар, што натхніла Марыю на арганізацыю акцыі.

“Некалькі гадоў таму Новая Каралеўская плошча на кароткі час стала “Плошчай Каралевы”, калі яе прастору пераабсталявалі для святкавання юбілею каралевы Маргрэтэ. Сёння на гэтай плошчы ў нас зноў ёсць каралева — каралева Сафія”, – кажа Лізавета. Яна лічыць беларуска-дацкую сустрэчу ў гонар Сафіі ў гэтым месцы вельмі сімвалічнай, бо сама Сафія была жанчынай, якая яднала розныя светы: прыйшла з Полацка, стала каралевай Даніі і ўвайшла ў еўрапейскую сетку сувязяў.

“Калі творчым людзям штосьці прыйшло ў галаву, то чаму хтосьці павінен перашкаджаць?”
Калі Лізавета ўпершыню пачула пра ідэю Марыі з “беларускім пірацкім флотам”, то падумала, што гэта нейкае вар’яцтва.
«Кароль Вальдэмар – муж Сафіі – усё жыццё змагаўся з піратамі на выспе Руген, якія пагражалі Даніі. Гэта была ягоная, так бы мовіць, мэта жыцця – паганцаў ператварыць у хрысціян. А тут мы – “піраты” – прыязджаем у Данію. Я проста думала: “Каб нас адсюль не выселілі пасля””, – узгадвае са смехам даследчыца.

На карысць “шалёнай ідэі” сыграла тое, што Лізавета даўно і добра ведае людзей культуры. Ёй даводзілася камунікаваць з людзьмі творчых прафесій, мастакамі, у тым ліку ў час працы ў Дацкім культурніцкім інстытуце. “Я ведаю, што калі ім штосьці прыйшло ў галаву, то чаму хтосьці павінен гэтаму перашкаджаць?” Таму да свабоды творчасці і эксперыменту, нават з блізкай ёй гістарычна-навуковай тэматыкай, яна ставіцца з разуменнем.
“Трэба падтрымліваць любыя ініцыятывы, якія могуць распаўсюджваць веды. І чым больш асветы ў нас будзе, тым лепш. І чым больш людзей даведаецца пра гэта, тым лепш”.

Усе хочуць фота з піратамі
Тым часам на Kongens Nytorv мінакі спыняюцца, прыслухоўваюцца да невядомай мовы, здымаюць бел-чырвона-белыя сцягі і спрабуюць праз пошук па фота высветліць, якую краіну прадстаўляюць піраты. Многія хочуць сфатаграфавацца з Марыяй Грыц і Ірынай Новік – апошняя ў беларускім традыцыйным строі робіць сапраўдны фурор сярод турыстаў з Азіі. Многія задаюць пытанні пра невядомую ім Беларусь. Кіроўца міжнароднага аўтобуса прыпыняе рэйс проста на плошчы і выбягае з кабіны, каб сфатаграфавацца са сцягам. Аказваецца, ён беларус, што жыве ў Літве, а працуе ў Даніі – і вельмі рады ўбачыць землякоў.

У карнавальна-пірацкую атмасферу ўпісваецца і музычная частка імпрэзы. Хуліганістыя беластоцкія беларусы з гурта “Курвадзікі” міксуюць ірландскі фолк з панк-рокам і назіраннямі за сучасным эмігранцкім жыццём. Іх песня “Мы ідзём на Жабку” выклікае ўсмешкі ва ўсіх, хто калі-небудзь бываў у Польшчы. У тым ліку і ва ўкраінскай сям’і, якая праходзіць побач, спыняецца і пачынае прыслухоўвацца. “Дуже схожа мова”, – прыходзяць да высновы яны.



“Курвадзікаў” змяняюць на сцэне музыкі з фолк-метал гурта Homan. Яны прыехалі ў Капенгаген з Вільні. Спалучэнне цяжкай музыкі і баяна прыцягвае пад сцэну новых людзей. Некаторыя адразу шукаюць гурт на Spotify. “У іх толькі 7 слухачоў?! Ну, я буду восьмым”, – дзівіцца адзін з мінакоў, які за пару хвілін стаў новым прыхільнікам гурта.

“Жыў і не ведаў, што была такая Сафія”
На мерапрыемства прыехаў з Вільні адзін з фундатараў стварэння копіі крыжа Раман Андрыянаў. Калі збор праз краўдфандынгавую платформу пачаў буксаваць, Раман праз ініцыятыву Maldzis вырашыў даплаціць грошы, якіх не хапала.
“Я жыў і не ведаў, што была наогул Сафія Менская 800 гадоў таму. Я таксама з Мінска і мне здавалася, што гісторыя горада вельмі маладая”, – кажа Раман. Маўляў, з Мінскам не асацыявалася нічога старадаўняга. З даўніх часоў узгадваўся хіба толькі Ізяслаў, ды і той звязаны з Заслаўем. Таму гісторыя Сафіі Менскай вельмі зацікавіла мецэната.

“З падлеткавага ўзросту ў мяне быў нейкі комплекс: ці беларусы з’яўляюцца такой жа нацыяй, як тыя ж французы ці датчане? У мяне заўсёды быў нейкі піэтэт перад замежнікамі. І для мяне такія ініцыятывы (па дадаванні чагосьці ў культурную спадчыну – Hrodna.life) – гэта шлях каб стаяць на нагах і казаць: я ганаруся, што я беларус, і што ў нас ёсць такая гісторыя”.
Каб беларусы маглі мець уласную максімальна дакладную копію дацкай рэліквіі, Марыя Грыц арганізавала збор на яе стварэнне. Копію паводле фотаздымкаў выканаў грузінскі майстар Ілія Чакветадзэ. Рэпартаж з яго майстэрні чытайце тут.


“Культурная спадчына жыве не толькі ў музеях. Яна жыве тады, калі мы ёй цікавімся, даследуем яе, дзелімся ёю і перадаём яе далей”, – дадае Лізавета Дубінка-Гушча. І звяртае ўвагу на прыклад Крыжа Дагмар: “Мы не можам з упэўненасцю сцвярджаць, што гэты крыж належаў Сафіі і быў зроблены ў Полацку. Але гэта вельмі цікавы гістарычны след і самае важнае не тое, што мы ўжо ведаем усе адказы. Самае важнае гэта працягваць задаваць пытанні”.

Вярнуць “забытую каралеву”
“Пірацкая экспедыцыя” – гэта не толькі канцэрт у цэнтры Капенгагена. За дзень да гэтага беларусы патрапілі ў Нацыянальны музей і пабачылі сярод музейных скарбаў сапраўдны Крыж Дагмар.

Старэйшы даследчык і куратар Пол Грындэр-Хансэн, звязаны з музеем больш чым 40 гадоў, адзначыў надзвычай высокую дакладнасць прывезенай беларусамі копіі – хіба толькі ў памеры выйшла невялікая розніца. І, расказваючы пра гісторыю крыжа, некалькі разоў агаварыўся, назваўшы яго наўпрост Крыжом Сафіі, а не Крыжом Дагмар.
Яшчэ больш у беларускае паходжанне крыжа верыць дацкая пісьменніца Біргітэ Хамэр, аўтарка выдадзенай у 2015 годзе кнігі “Сафія. Забытая каралева”. Яна кажа, што каралева Сафія літаральна “схапіла яе за нагу”. Гэта здарылася ў царкве святога Бендта ў Рынгстэдзе, паўгадзіны язды ад Капенгагена, дзе пахаваныя даўнія манархі Даніі. Туды завіталі ўдзельнікі “экспедыцыі” пасля таго, як гучная частка ў цэнтры Капенгагена скончылася.

“Аднойчы я праходзіла тут, фатаграфавала пліту над пахаваннем Вальдэмара і раптам спатыкнулася, хаця тут роўная падлога. Я зірнула ўніз – і ўбачыла надпіс “Сафія”. Я загугліла яе імя – і для мяне адкрыўся цэлы новы свет”.
Сярэднявечная гісторыя не была чымсьці новым для Біргіты – яна ўсё жыццё прапрацавала настаўніцай гісторыі. Але постаць Сафіі захапіла яе.

“Мы не чуем шмат пра Сафію з лекцый гісторыі. А яна была заўважнай і моцнай каралевай, на што ёсць свае доказы”, – кажа Біргітэ. Напрыклад, яна была багатай, бо атрымала ў спадчыну землі, якімі валодаў у Даніі яе зводны брат Кнут. Яна фундавала цэрквы – і на фундацыйных дакументах быў подпіс не толькі яе мужа, караля Вальдэмара, але і ейны подпіс – а значыць, з яе голасам лічыліся. Праўда, у першай кнізе па гісторыі Даніі – летапісе “Дзеянні данаў” Саксона Граматыка, які пісаўся ў XII стагоддзі – пра Сафію напісана вельмі мала і не надта ў пазітыўным ключы. Але на гэта ў Біргіты ёсць сваё тлумачэнне: кніга пісалася па заказе архіепіскапа Абсалона, а той, маўляў, быў незадаволены вялікім уплывам каралевы, таму і загадаў згадваць яе як найменш.
Біргітэ вырашыла напісаць сваю аповесць “Забытая каралева”, акурат для таго, каб Сафія перастала быць забытай.

У чым перавага Крыжа Дагмар перад Крыжам Еўфрасінні
Крыж Дагмар у даследаваннях Лізаветы Дубінкі-Гушчы з’явіўся не адразу, хаця сярэднявечнымі сувязямі Беларусі і Даніі яна зацікавілася шмат гадоў таму, калі пісала сваю кандыдацкую дысертацыю.
“Я выбрала тэму па знешняй палітыцы Даніі. Мая дысертацыя была пра XX ст., але мяне цягнула глыбей. Каб зразумець, што адбываецца зараз, трэба зазірнуць далей у мінулае. Для мяне было важным пытанне: якія былі стасункі беларусаў і датчан? Ці было нешта ўвогуле?”


Постаць Сафіі Менскай стала для Лізаветы, як у свой час і для Біргітэ, выпадковым адкрыццём. Але пасля гэтага, як кажа сама даследчыца, шляху назад не было. Доўгі час яна займалася гэтай тэмай у вольны час, паралельна са сваёй асноўнай навуковай спецыяльнасцю – міжнароднымі адносінамі.
Доўгі час Крыж Дагмар і асоба Сафіі былі для яе асобнымі тэмамі. Але калі яна параўнала дацкую рэліквію з крыжам Еўфрасінні Полацкай, то зразумела, куды рухацца далей. “А што калі гэты крыж таксама быў зроблены тым жа майстрам альбо ў той жа майстэрні?” – ад такога дапушчэння, як кажа Ліза, “пачалося вельмі цікава”.

Ці можа цяпер, дзякуючы дзейнасці папулярызатараў гісторыі, Крыж Дагмар замацавацца як беларуская рэліквія пад назвай “Крыж Сафіі”? У Лізы ніколі не было такой мэта, але яна лічыць гэтую думку цікавай.
“У гэтага маленькага крыжа ёсць невялічкая перавага над крыжам Еўфрасінні Полацкай. Гэта нацельны крыж, з якога можна рабіць копіі і проста насіць, дарыць на хрышчэнне, на вяселле. Так як робіцца гэта ў Даніі. Тут я еду ў метро і бачу такі крыжык на людзях, ён прадаецца ў ювелірных крамах. Можа здарыцца, што і сярод беларусаў гэта стане трэндам”.
Датчане дбаюць пра сваё, але адкрытыя для эксперыментаў
Але ці гатовыя датчане дзяліцца? Як яны ўспрымуць тое, што зараз і беларусы будуць лічыць Крыж Дагмар сваім?
“Датчане вельмі дбаюць пра сваё. Яны ў гэтым плане кансерватыўныя, любяць сваю гісторыю, любяць свой сцяг і нацыянальныя святыні. Але пры гэтым кансерватызме ёсць адкрытасць да эксперыментаў. Я думаю, што ім гэта “пірацкая” ідэя зайшла добра, бо яны самі недзе ў душы таксама крышачку авантурныя. У іх жа вікінгі ў крыві”.
“Я не стаўлю сабе мэты пераймяноўваць Крыж Дагмар”, – паўтарае Лізавета. Але заўважае, што датчане адкрытыя да ўпісання постаці Сафіі ў гісторыю крыжа. Супрацоўнік царквы святога Бендта ў Рынгстэдзе, дзе ў 1683 годзе быў знойдзены крыж, паслухаўшы расказ Біргітэ пра дацкую каралеву з беларускіх зямель, пачаў у голас задумвацца: “Гэта ж трэба будзе перарабляць усе нашыя буклеты, усе паштоўкі кнігі”. “А за язык яго ніхто не цягнуў”, – з усмешкай каментуе гэта Лізавета. І дадае, што не трэба насамрэч нічога перарабляць і перапісваць. Можна проста больш расказваць пра “забытую” каралеву Сафію.

“Галоўнае гэта тое, што мы адкрыта можам размаўляць адзін з адным. І чым больш датчане даведаюцца пра беларусаў, чым больш беларусы даведаюцца пра датчан, тым будзе лепш для міжнародных адносін”, – кажа Лізавета.
На яе думку, пра адкрытасць датчан да змен і новых інтэрпрэтацый кажа гісторыя перайменавання Беларусі ў дацкай мове. Доўгі час нашую краіну называлі там Hviderusland – фактычна, “Белая Расія”. Мясцовыя беларусы яшчэ 20 гадоў таму раіліся з датчанамі наконт змены назвы і тыя казалі, што ў Даніі гэта нерэальна. Маўляў, датчане будуць казаць так, як звыклі. Але ў 2021 годзе пасля адной выпадковай размовы з міністрам замежных спраў Даніі і аднаго ліста такое перайменаванне здарылася – і зараз усе спакойна кажуць Belarus.
А што калі гэта зусім не Крыж Сафіі Менскай?
На наступны дзень пасля падзей у Капенгагене копію Крыжа Дагмар прывезлі ў Варшаву і перадалі на захоўванне ў Музей вольнай Беларусі. Неўзабаве яе можна будзе там пабачыць. Але сама ідэя перанесці артэфакт у беларускі кантэкст пад назвай Крыж Сафіі ад пачатку выклікала спрэчкі і заўвагі з боку прафесійных гісторыкаў.
“Гіпотэза павінна грунтавацца на нейкіх канкрэтных, дакладных аргументах. І ў гэтага крыжа ёсць канкрэтнае паходжанне, якое ўказвае на каралеву Дагмар. Сама Дагмар – Маркета Пшэмыслаўна – была з Чэхіі, а чэшскія землі таксама былі звязаныя з візантыйскім кантэкстам. І няма ніякай праблемы ў тым, каб яна сама прывезла гэты крыж у Данію”, – кажа беларускі гісторык, дактарант Карлавага ўніверсітэта ў Празе Аляксандр Паршанкоў. У чэхаў ёсць нават свая легенда пра гэты крыж – быццам бы маці гэтай Дагмар-Маркеты павесіла крыж ёй на шыю перад паездкай у Скандынавію.
“Гэта канкрэтны артэфакт, які належаў, хутчэй за ўсё, канкрэтнаму чалавеку. Артэфакт, які ў дацкай гісторыі і ў дацкай традыцыі звязаны з канкрэтнай асобай. А тут прыходзім мы і кажам: “Не, гэта ўсё не так”. Забіраем у Дагмар, аддаём нашай. На мой погляд, гэта ўжо не гіпотэза. Гэта крыху несумленныя паводзіны”, – кажа Паршанкоў.
Чаму трэба быць асцярожным пра стварэнні міфаў
Усе народы так ці інакш займаліся гістарычнай міфатворчасцю. У XIX стагоддзі для гэтага масава фальсіфікаваліся крыніцы і выдумляліся неіснуючыя рукапісы. Аляксандр лічыць, што ў XXI стагоддзі больш карысці ад іншых метадаў.
“Можа для нацыянальнай свядомасці стварэнне такіх міфаў і адыграе нейкую пазітыўную ролю. Але пасля ўсе народы, якія гэтым займаліся, казалі: “На хлусні нацыянальны міф пабудаваны быць не можа”. І ўсе гэтыя гістарычныя памылкі выпраўляліся. А нам што прапаноўваецца? Зараз стварыць міф, каб праз 50 гадоў, калі мы дабудуем нашую нацыю, яго разбураць?”
Для міфалагізацыі лепш выбіраць сапраўдныя рэчы і постаці, якія маюць адносіны да беларусаў, лічыць Аляксандр. Ён прыводзіць у прыклад першую кірылічную кнігу, надрукаваную на тэрыторыі Беларусі – “Катэхізіс” Сымона Буднага, які захоўваецца ў Чэхіі. Беларускія медыі пра гэты асобнік не пісалі. Іншы забыты след з нашых земляў у Празе – пахаванне Бутаўта, дваюраднага брата Вітаўта. Ён быў першым палітычным уцекачом з Вялікага Княства Літоўскага і вельмі паспяховым пры двары імператара Карла. Але ніхто яго гісторыю ў беларускім асяроддзі не папулярызаваў.
“У гісторыкаў хапае сапраўдных рэчаў, з якіх можна зрабіць удалыя міфы, якія будуць заснаваныя на рэальнасці і не будуць неэтычнымі. Таму што, на мой погляд, з гэтым крыжам атрымліваецца неэтычна. Можа быць ён і мог належыць нашай Сафіі Менскай. Але ўявіце сабе, калі гэта не так. Тады мы фактычна забіраем рэальную гісторыю і перакручваем”.
Пра гэтым рэальная навуковая праца ніякім чынам не перашкаджае ствараць гістарычныя міфы, лічыць Аляксандр.
“Я не выступаю рашуча супраць гэтай прыватнай ініцыятывы. У смутныя часы любыя гульні, любыя фантазіі, яны нам дапамагаюць выжыць, сабрацца, пагаманіць, абмеркаваць… Але проста хочацца, каб паралельна не забываліся пра працу гісторыкаў. Пра тое, што вельмі важна мець баланс: папулярызатары – гэта папулярызатары, але гісторыкі і навукоўцы яны – іх праца таксама павінна быць заўважнай і яе трэба шанаваць”.
Як можна больш навукова падысці да папулярызацыі гісторыі Сафіі Менскай?
«Дастаткова проста распавядаць пра постаць Сафіі Менскай, таму што гэта рэальная постаць. Бо калі да гістарычнай рэальнасці дадаецца такая крыху міфічнасць, то ў сур’ёзных людзей узнікае думка: “Уся ваша беларуская гісторыя гэта выдумка, так як вы гэты крыж прыдумалі””.
Чый бы не быў крыж, дзякуючы праекту па стварэнні яго копіі шматлікія беларусы і датчане даведаліся пра забытыя даўнія сувязі паміж дзвюма краінамі. У гэтым сэнсе праект сваю функцыю выканаў. Восенню ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве можна будзе пабачыць рэпліку крыжа, а таксама фотавыставу і фільм пра пірацкую экспедыцыю.




