У Гродне запусцілі Telegram-чат VeloGrodno для аматараў веласіпедных прагулак і веласпорту. Удзельнікаў запрашаюць шукаць кампанію для сумесных паездак, абмяркоўваць маршруты, дзяліцца фатаграфіямі і досведам. Пры гэтым у Гродне доўгі час існавала грамадская арганізацыя з такой самай назвай, якая была ліквідавана ў 2021 годзе.
У апісанні Telegram-чата напісана, што ён створаны для аб’яднання як аматараў няспешных прагулак па Пышках і гарадскіх вуліцах, так і прыхільнікаў больш складаных маршрутаў і паездак па бездарожжы.
Што прапануюць удзельнікам
У чаце можна знайсці папутнікаў для велапрагулак, абмеркаваць маршруты і арганізацыю паездак, а таксама абмяняцца фатаграфіямі і ўражаннямі ад падарожжаў на веласіпедзе.
У Гродне ўжо існавала арганізацыя «ВелаГродна»
Назва новай супольнасці практычна супадае з назвай грамадскага аб’яднання «ВелаГродна», якое працавала ў горадзе з 2013 года.
Арганізацыя займалася развіццём веласіпеднага руху ў Гродне, праводзіла гарадскія велапрабегі, экалагічныя акцыі, дзіцячыя велазаезды і веламарафон «Суседзі» сумесна з Гродзенскім райвыканкамам. Сярод яе праектаў была таксама велашкола для дзяцей і дарослых.
У 2019 годзе прадстаўніца аб’яднання Юлія Каляда распрацавала «Канцэпцыю развіцця гарадскога веласіпеднага руху ў Гродне да 2030 года» ў межах праекта «Гарадскі веларух у Беларусі». Дакумент быў зацверджаны намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэем Жуком.
Арганізацыю ліквідавалі ў 2021 годзе
У ліпені 2021 года ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама пачало праверку грамадскага аб’яднання «ВелаГродна». Па яе выніках аблвыканкам звярнуўся ў суд з патрабаваннем пра ліквідацыю арганізацыі.
Афіцыйнай прычынай сталі парушэнні ў дакументаабароце. У жніўні 2021 года грамадскае аб’яднанне ліквідавалі.
Пазней, 15 снежня 2022 года, спыніў працу і сайт «ВелаГродна». На галоўнай старонцы паведамлялася, што рэсурс не можа працягваць дзейнасць пасля ліквідацыі арганізацыі.



