Беларуска паскардзілася ў Threads на тое, што падчас паездкі ў Мір не змагла знайсці месца для абеду. Паводле слоў жанчыны, усе кавярні і рэстаран у пасёлку аказаліся зачыненыя на спецабслугоўванне экскурсійных груп. Публікацыя выклікала шырокі водгук: пост набраў больш за 42 тысячы праглядаў і каля 185 каментарыяў.

Паводле слоў аўтаркі, яна прыехала ў Мірскі замак разам з сям’ёй, разлічваючы пасля прагулкі паабедаць у адной з мясцовых устаноў.

«Абураная і засмучаная. Паехалі ўчора ў Мірскі замак, думалі наведаць замак, пагуляць і адзначыць мой ДН (пасядзець у кавярні). І што ж вы думаеце? Мы не змаглі паесці! Усе кавярні і нават рэстаран зачыненыя на спецабслугоўванне экскурсійных аўтобусаў. Вялізная колькасць людзей хадзіла па ўсім пасёлку і пыталася адзін у аднаго: „Дзе паесці?“, „У тым баку адчынена нешта?“ Дзесяткі людзей прыехалі сваім ходам і не змаглі паабедаць нідзе», — напісала жанчына.

Яна дадала, што з даступных варыянтаў паблізу заставалася толькі кава ў краме на выездзе з Міра. Дзяўчына адзначыла, што там «агідная кава».

«Нідзе і ніколі не сустракалася з такой сітуацыяй!» — падсумавала яна.

Карыстальнікі распавялі пра падобныя сітуацыі

У каментарыях многія карыстальнікі падзяліліся ўласным досведам і распавялі, што сутыкаліся з падобнымі праблемамі ў іншых турыстычных месцах Беларусі.

Адна з каментатарак згадала паездку ў Ліду. Паводле яе слоў, яна адмыслова ехала паглядзець замак, аднак даведалася, што наведванне некаторых аб’ектаў трэба браніраваць загадзя.

«Я з падобным сутыкнулася ў Лідзе. Вырашыла наведаць замак. Ехала туды адмыслова. А там трэба загадзя замаўляць. Але мне не ўгадаць, у колькі я прыеду за 550 км. Асадак жахлівы застаўся».

Іншыя карыстальнікі адзначалі, што аналагічныя сітуацыі здараліся і ў іншых папулярных турыстычных лакацыях.

«Мы з такім сутыкнуліся ў Белавежскай пушчы. Нам проста сказалі: ідзіце есці ў іншую кавярню. Дзве кавярні былі зачыненыя. Ледзь выпрасіла дранікі на вынас», — распавяла адна з удзельніц абмеркавання.

Яшчэ адзін карыстальнік напісаў, што пасля няўдалай спробы паабедаць у Міры змог знайсці месца толькі ў Навагрудку.

«Былі ў аналагічнай сітуацыі ў Навагрудку, у Міёрах, у Жодзіне… Дзякуй запраўкам “Беларуснафта”: без пафасу, але надзейна можна перакусіць», — напісала яшчэ адна дзяўчына.

«Выбачайце, але гэта не навіна.. Даўно ўжо разлічваем толькі на сябе: мясны пірог, свая кава ў тэрмас, “Тры чарапахі” і ў шлях..», — параілі дзяўчыне.

«Я цалкам згодная, у нас сапраўды з гэтым маса праблем — у Міры часта ратуе толькі блінная на стаянцы (каля шапікаў) — якія там смачныя блінцы з тварожком. Умммммм… але калі не ведаеш….. вельмі вялікія цяжкасці з гэтай справай», — напісала яшчэ адна каментатарка.

«Абураная і засмучаная». Турыстка паскардзілася, што не змагла паесці ў Міры — яе падтрымалі іншыя беларусы
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Unsplash.com

«Гэтай праблеме ўжо дзесяць гадоў»

Частка каментатараў заявіла, што праблема з грамадскім харчаваннем у Міры існуе ўжо даўно.

«Гэтай праблеме ўжо 10 гадоў. У Міры няма дзе паесці. І нічога не змяняецца», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

Іншыя адзначалі, што ў высокі турыстычны сезон кавярні могуць не спраўляцца з патокам наведвальнікаў.

«Проста з усходу столькі турыстаў едзе, што не спраўляюцца кавярні ў Міры», — выказаў здагадку ўдзельнік абмеркавання.

Некаторыя карыстальнікі прызналіся, што даўно звыклі браць ежу з сабой падчас падарожжаў па Беларусі.

«Катаюся па Беларусі — заўсёды бяром тэрмас і ежу з дому. Ці каўбасу і сок з “Еўраопта”», — напісала адна з каментатарак.

Праўда, былі і тыя, хто распавёў, дзе ўсё ж такі можна паесці ў Міры.

«12 чэрвеня быў у Мірскім замку. На стаянцы ў бліннай паеў бліноў з вяндлінай і сырам. Кава з кавамашыны», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

Мир; городской поселок Мир; Кореличский район.
Гарадскі пасёлак Мір. Фота: planetabelarus.by, носіць ілюстрацыйны характар

Звязаліся мясцовыя ўлады

Праз нейкі час дзяўчына напісала: «Нечакана, але са мной звязаўся старшыня сельвыканкама, не чакала». Праўда, падрабязнасцямі размовы яна не падзялілася.

Мірскі замак б’е рэкорды па наведвальнасці

Замкавы комплекс «Мір» у 2024 годзе наведалі амаль 405 тысяч чалавек. За той год тут правялі 7865 экскурсій. У 2025 годзе толькі за дзевяць месяцаў Мірскі замак наведалі больш за 400 тысяч турыстаў. У асобныя дні колькасць гасцей перавышае 7 тысяч чалавек.

Пры гэтым кіраўнік Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы ў эфіры тэлеканала АНТ паскардзіўся, што топавыя турыстычныя аб’екты Беларусі перагружаныя. І ўсё гэта — праз уплыў блогераў і сацсетак. Ён адзначыў, што, напрыклад, у Міры і Нясвіжы, а таксама ў Брэсце і Гродне выстройваюцца чэргі, у той час як за дзесяткі кіламетраў ад іх застаюцца без увагі месцы, якія знаходзяцца побач і з’яўляюцца менш раскручанымі.

Улады збіраюцца развіваць турыстычны патэнцыял Гродзенскай вобласці. Так, у найбліжэйшыя гады ў Міры збіраюцца пабудаваць новую трохзоркавую гасцініцу з рэстаранам у межах рэстаўрацыі палаца Святаполк-Мірскіх. Будаўніцтва ўнесена ў дзяржпраграму «Турызм» на 2026–2030 гады.