Кіраўнік Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы ў эфіры тэлеканала АНТ заявіў пра тое, што топавыя турыстычныя аб’екты Беларусі перагружаныя. І ўсё гэта з-за ўплыву блогераў і сацсетак. Ён адзначыў, што, напрыклад, у Міры і Нясвіжы, а таксама ў Брэсце і Гродне выстрайваюцца чэргі, у той час як за дзясяткі кіламетраў ад іх застаюцца без увагі месцы, якія знаходзяцца побач і з’яўляюцца менш раскручанымі.
Сацсеткі фарміруюць турыстычныя трэнды
Філіп Гулы распавёў, што падарожнікі часцей выбіраюць месцы, якія актыўна абмяркоўваюцца ў інтэрнэце і з’яўляюцца ў блогах і сацыяльных сетках. У выніку каля самых вядомых славутасцей краіны рэгулярна ўтвараюцца чэргі.
«Тое, што на слыху, заўсёды будзе папулярным. І, на вялікі жаль, заўсёды будзе перанасычана патокамі. Магчыма, побач, за дзясяткі кіламетраў, ёсць не менш цікавыя месцы, але топ заўсёды прыцягвае. Таму што ва ўсіх ёсць мабільныя тэлефоны. Усе выкідваюць інфармацыю ў блогі, і людзям трэба наведаць самыя яркія месцы. Адпаведна, там выстрайваюцца чэргі», — сказаў ён.
Сярод найбольш запатрабаваных кірункаў эксперт назваў Мірскі і Нясвіжскі замкі, а таксама Брэст і Гродна. Пры гэтым, паводле яго слоў, многія іншыя цікавыя турыстычныя аб’екты застаюцца без належнай увагі.
Мірскі замак б’е рэкорды наведвальнасці
Замкавы комплекс «Мір» у 2024 годзе наведалі амаль 405 тысяч чалавек. За той год тут правялі 7865 экскурсій.
У 2025 годзе толькі за дзевяць месяцаў Мірскі замак наведалі больш за 400 тысяч турыстаў. У асобныя дні колькасць гасцей перавышае 7 тысяч чалавек.
Турысты едуць з Беларусі, Расіі і Кітая
Большасць наведвальнікаў Мірского замка складаюць беларускія турысты. Значны паток таксама прыпадае на гасцей з Расіі і Кітая. Таксама прыязджаюць турысты з Еўропы па бязвізе.
Мірскі замак прызнаны «Музеем года»
У 2024 годзе музей «Замкавы комплекс «Мір» атрымаў дыплом XXII Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Познай Беларусь» у намінацыі «Музей года».



