У эфіры дзяржаўнага канала News.by з’явілася інтэрв’ю з трыма жыхарамі Гродзеншчыны — іх назвалі ўдзельнікамі нядаўняй стральбы ў Польшчы, у выніку якой адзін з кіроўцаў BMW атрымаў раненні. Удзельнікі расказалі сваю версію падзей, піша Zerkalo.io.
Паехалі за аўто ў Германію: як гродзенцы аказаліся каля мяжы?
Уначы гродзенцы вярталіся дадому з Германіі – паехалі туды па новыя аўтамабілі. Непадалёк ад польскага горада Сыцуў польская паліцыя “раптам з’явілася з цемры, уклінілася ў іх строй і пачала пераслед на чорных затаніраваных джыпах”. Так працягвалася 30-40 кіламетраў.
Удзельнікі сцвярджаюць, што адпаведнай формы на паліцэйскіх не было.
— Адразу не разумеў, што рабіць, але потым крыху апрытомнеў. Убачыў у люстэрка, што гэты джып працягвае рух за мной. Без якіх-небудзь сігнальных агнёў ці, як у нас у Беларусі, сігналаў чырвонага, сіняга колеру або гукавога сігналу. Гэтага нічога не было. Я да апошняга не верыў, што гэта паліцыя, – кажа адзін з удзельнікаў пагоні Іван.
“Абрабаваць ці забіць”: як завязаўся “канфлікт” паміж гродзенцамі і паліцыяй?
Мужчыны спыніліся на найбліжэйшым паркінгу. Чорныя джыпы, па іх словах, таксама. Пасля, па словах Івана, да яго выбеглі тры чалавекі. “Не выйшлі спакойна, акуратна, як гэта робіць польская паліцыя, а менавіта бягом”. Далей тыя стукнулі па шкле і разбілі яго – Іван падумаў, што яго хочуць “абрабаваць ці забіць”.
Мужчына таксама абвергнуў інфармацыю польскай пракуратуры аб тым, што, калі з’язджаў з месца падзей, праехаў па назе паліцэйскага.
— Я ўцякаў не ад паліцыі. Я ўцякаў ад бандытаў. Быў упэўнены, што гэта бандыты, гэта не сумленныя людзі. І калі з’яжджаў, спецыяльна ўзяў правей. Яны стаялі злева. Каб я праехаў камусьці па назе, трэба было спецыяльна падставіць нагу. І другі момант: калі б я праехаў па назе, я б гэта адчуў. Гэта як праехаць па ляжачым паліцэйскім – усё роўна адчуваецца. Таму версію аб тым, што я праехаў камусьці па назе, дакладна выключаем, – заявіў ён.
Яшчэ адзін меркаваны ўдзельнік падзей Алег расказаў, што яго затрымалі там жа. Гродзенец сцвярджае, што паліцыя прыціснула яго да аўтамабіля, надзела на яго “бранзалеты”, а пасля – адвяла ў службовае аўто.
“Сядзеў у лужыне крыві”. Што адбывалася з беларусам, у якога нібыта стралялі?
Кроў, паводле слоў Алега, належыла іх чацвёртаму сябру – 60-гадоваму Аляксандру. Сцвярджаецца, што паліцэйскія яму не дапамаглі.
— Пасля таго, як мяне адвялі ад маёй машыны, пачалі з’яўляцца людзі ў форме. Я заўважыў, што некаторыя з тых, хто праводзіў затрыманне, апраналі нашыўкі на рукавы – у іх з’явіліся надпісы “паліцыя”. Яны пачалі казаць, што яны паліцыя, – кажа Алег.
Аляксандра адвезлі ў шпіталь. Па версіі тэлеканала, у мужчыны пачала развівацца інфекцыя – да беларускай мяжы яму дапамаглі дабрацца знаёмыя. У Слоніме яго шпіталізавалі, а пасля перавезлі ў вайсковы шпіталь у Мінск.
— Я сядзеў у лужыне крыві і быў у шоку. Надзелі кайданкі, пасадзілі каля машыны. Што з мяне ўзяць? З мяне ўзяць няма чаго. <…> Але яны былі ўпэўненыя, што ў машыне знойдуць кампрамат. Адразу пачалі правяраць бардачкі, багажнік, кішэні – усё вывернулі. Правяралі машыну паўсюль, – успамінае Аляксандр.
Мужчына дадаў, што, калі яго выпісвалі са шпіталя ў Польшчы, ён думаў, што перавозяць у іншы шпіталь.
Вядучыя таксама заявілі, што датэлефанаваліся да польскага паліцэйскага, каму праехалі па назе, чыё імя яны нібыта ўстанавілі. І, паводле іх звестак, ён па медыцынскую дапамогу не звяртаўся і зараз знаходзіцца ў адпачынку.
Пра жыхара Гродзенскай вобласці, які атрымаў агнястрэльныя раненні ў Польшчы, стала вядома напрыканцы траўня. Беларускі бок сцвярджаў, што сілавікі адкрылі агонь без падстаў. А ў МЗС палічылі, што польскія сілавікі нібыта памылкова прынялі беларусаў за ўдзельнікаў злачыннай групы.
У сваю чаргу польскія СМІ пісалі, што кіроўца накіраваў аўтамабіль у бок паліцыі.
Чытайце таксама: Беларус атрымаў агнястрэльныя раненні ў Польшчы? Версіі краін адрозніваюцца — вось што вядома пра інцыдэнт







